Усе навіны

Міхаіл Ботнікаў: «Украіна вылучыла ультыматум: альбо мы, альбо яны. BSWW пайшла нам насустрач – дазволіла выступаць беларусам пад дзяржсімваламі»

26 верасня, 20:17

Намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Ботнікаў выказаў словы падзякі Міжнароднай Федэрацыі пляжнага футбола (BSWW) за допуск зборнай Беларусі да міжнародных спаборніцтваў.

«Як вядома, медаль мае два бакі. З адной – гэта дрэнна, калі адсутнічае магчымасць гуляць на міжнародных турнірах. Вопыт, які набываецца на такіх турнірах, у матчах супраць грандаў сусветнага футбола – неацэнны. Але, дзякуючы падтрымцы Федэрацыі футбола і Міністэрства спорту, нам удалося захаваць трэніровачны працэс, мы праводзілі дастатковую колькасць таварыскіх паядынкаў як з расійскімі клубамі, так і нацыянальнымі зборнымі, выязджалі на вучэбна-трэніровачныя зборы, таму нам удалося падтрымліваць дастаткова добры ўзровень гульцоў.

З іншага боку, хлопцы вельмі засумавалі, гэта было бачна па камандзе. Як яны сябе адчувалі, як яны сябе паводзілі, якія ў іх былі эмоцыі на зборы ў Баку перад адборачным турнірам да Чэмпіянату свету. Цяпер таксама ўсе былі натхнёныя. Мы ўдзячныя Міжнароднай Федэрацыі пляжнага футбола (BSWW) за тое, што яна прыняла такое рашэнне ў гэты складаны час, дазволіўшы зборнай Беларусі выступаць на спаборніцтвах, захаваўшы гімн і сцяг, што таксама немалаважна. Яны захавалі нашы дзяржаўныя сімвалы, гэта ўдвая прыемна. Хочацца адзначыць, што зборная Украіны вылучыла ультыматум: альбо мы, альбо яны. І BSWW пайшла нам насустрач, дазволіўшы беларусам выступіць», – сказаў Ботнікаў.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.