Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/У «Інтэра» сур'ёзныя фінансавыя праблемы – непападанне ў ЛЧ у наступным сезоне можа ўдарыць па клубе

У «Інтэра» сур'ёзныя фінансавыя праблемы – непападанне ў ЛЧ у наступным сезоне можа ўдарыць па клубе

Адразу 9 гульцоў могуць стаць свабоднымі агентамі.

10 траўня, 20:26
У «Інтэра» сур'ёзныя фінансавыя праблемы – непападанне ў ЛЧ у наступным сезоне можа ўдарыць па клубе

«Інтэр» і «Мілан» змагаюцца за Лігу чэмпіёнаў у дзвюх плоскасцях: завочна паміж сабой у Серыі А за чацвёртае месца і вочна – у паўфінале турніру.

Для «нерадзуры» пуцёўка ў топавы Еўракубак наступнага сезона з'яўляецца жыццёва важнай – у адваротным выпадку клуб можа прыйсці да фінансавага калапсу.

Перадгісторыя: Suning Group не паспела па часе і закрыла свой кітайскі клуб, Контэ сышоў на фоне чутак пра затрымкі заробкаў

Пра «Інтэр» ужо некалькі гадоў кажуць менавіта ў кантэксце фінансавых цяжкасцяў – з-за праблем ва ўладальніка, кітайскай кампаніі Suning, аднаго з найбуйнейшых рознічных гандляроў у Кітаі. Яны пачаліся з развіццём тэхналогій – кітайцы банальна пачалі аддаваць перавагу анлайн-пакупкам (асабліва на фоне пандэміі, дзе ўлады проста забаранялі людзям выходзіць на вуліцы). Кампанія проста не паспела па часе.

З-за гэтага, велізарныя даўгі і больш строгія патрабаванні да пазычальнікаў у Кітаі ў лютым 2021-га кампанія пачала паступова сыпацца. Першай спартыўнай ахвярай стаў кітайскі клуб «Цзянсу Сунін». Сурʼёзнасць праблем падкрэслівала тое, што клуб толькі вось-вось выйграў у 2020-м чэмпіянат ‒ расфармаванне пасля перамогі гэта апошняе, чаго можна чакаць.

У 2018-м Suning у рамках пашырэння бізнесу набыў яшчэ і кітайскую галінку сеткі супермаркетаў Carrefour. Да 2023-га яна хоць неяк трымалася, цяпер там усё зусім кепска: у сакавіку паліцы крам сеткі літаральна сталі пустымі.

Разам з банкруцтвам «Цзянсу Сунін» загаварылі і аб праблемах у «Інтэры». Усіх, па-першае, насцярожыла выраз старшыні Suning Чжана Цзідуна: «Мы канцэнтруемся ў нашым асноўным кірунку-рознічным гандлі. Усе астатнія актыўнасці, не звязаныя з гэтым кірункам, будуць зрэзаныя»»

На гэтым фоне пачалі з'яўляцца чуткі пра затрымкі заробкаў і ў «Інтэры». Урэшце, адстаўка Антоніа Контэ пасля выйгранай Серыі А – прамое следства таго, што клуб зрэзаў выдаткі. La Gazzetta dello Sport тады сцвярджала, што «інтэр» планаваў зрэзаць зарплаты гульцоў на 15-20% і зладзіць нешта падобнае на распродаж (у выніку з важных прадалі Лукаку, Хакімі і Палітана агульнай сумай на 200 млн еўра). Антоніа не збіраўся працаваць з «зрэзаным» праектам.

А ў кастрычніку 2022-га Financial Times нават паведамілі, што «Інтэр» выстаўлены на продаж. Нібыта Raine Group (якая суправаджала продаж «Чэлсі» і якая працуе над продажам «МЮ») займаецца пошукам пакупнікоў, а сума здзелкі можа скласці да 1,2 мільярда еўра.

Чаму ЛЧ важная? Даходы ад турніру – важны складнік бюджэту, праз год – дэдлайн па выплаце крэдыту

На працягу 2023-га адразу некалькі выданняў паведамілі, што трапленне ў ЛЧ на наступны сезон з'яўляецца крытычна важным для «Інтэра».

Ключавая прычына – дэдлайн па выплаце крэдыту ад Oaktree Capital. Яго клуб узяў у тэрміновым парадку ў вышэйзгаданым праблемным 2021-м, каб не зваліцца ў фінансавую прорву. Тады пазычылі агулам 275 млн еўраў – і іх, паводле звестак Bloomberg, разам з адсоткамі трэба вярнуць ужо да лета 2024-га. У выданні сцвярджаюць, што клуб ужо шукае новага крэдытора, каб у тым ліку разлічыцца са старымі абавязкамі.

Аднак яго наўрад ці будзе дастаткова – даход ад ЛЧ таксама важны артыкул у фінансавай справаздачнасці клуба. Па дадзеных La Reppublica, у «Інтэры» штогод разлічваюць на арыентыровачна 70 млн еўра прызавых ад еўракубкаў. У гэтым годзе план нават удалося перавыканаць: як сцвярджае La Gazzetta Dello Sport, кіраўніцтва «нерадзуры» пасля лёсавання групавога этапу ЛЧ (патрапілі ў групу з «Баварыяй» і «Барселонай») прадугледжвала толькі праход у пазнейшыя стадыі ЛЕ, і паўфінал ЛЧ – ужо фінансавы поспех. Клуб ужо зарабіў арыентыровачна 80 млн еўра – і ў выпадку выхаду ў фінал гэты лік можа яшчэ павялічыцца на 14,5 млн еўра.

Але ЛЧ – гэта кропля ў моры, каб хаця б падтрымаць бягучую дзейнасць – у цэлым жа, па дадзеных La Reppublica, даўгі клуба дасягаюць 415 млн еўра – і клубу ў бліжэйшыя гады трэба «дзесьці» знайсці 500 млн еўра, каб стабілізаваць сітуацыю.

Да таго ж, чым ніжэй месца ў Серыі А, тым менш грошай ад чэмпіянату: трэцяе месца атрымлівае 21.8 млн еўра, чацвёртае – 16.7 млн еўра, тады як пятае – толькі 12.5 млн.

Не дапамагае сітуацыі і праблема з тытульным спонсарам на форме, кампаніяй digitalbits. Яшчэ ў мінулым сезоне кампанія была спонсарам на рукаве формы, аднак не заплаціла бонусы за выступы ў Серыі А і перамогу ў Кубку Італіі – у агульнай складанасці 1.6 млн еўра. У гэтым сезоне кампанія, згодна з фінансавай справаздачай «Інтэра», не заплаціла нічога: ні 24 млн еўраў агульнай выплаты, якія павінна была выплаціць да пачатку сакавіка, ні бонусаў на агульную суму 1.25 млн еўраў. Урэшце, «інтэр» трываў аж да канца красавіка – на матч супраць «Лацыа» 30 красавіка ўжо выйшлі ў футболках без спонсара.

Фінансавыя праблемы могуць прымусіць «Інтэр» развітацца з дзевяццю гульцамі бясплатна – падаўжэнне здзелак пад пытаннем

На фоне гэтага ўсяго ў «Інтэра» яшчэ і бягучы кадравы крызіс, які таксама неяк трэба вырашаць. Па дадзеных Transfermarkt, адразу ў дзевяці футбалістаў клуба 30 чэрвеня 2023-га заканчваюцца кантракты – усе яны могуць стаць свабоднымі агентамі:

• Самір Хандановіч

• Алекс Кардац

• Эдзін Джэка

• Даніла Д'Амброзіо

• Стэфан дэ Врэй

• Раберта Гальярдзіні

• Мілан Шкрыньяр

• Робін Гозенс

• Далберт

Можна доўга казаць пра ўзрост дэ Врэя, Д'Амброзіо, асабліва Джэка з Хандановічам і Кордацам. Ды і пра тое, што апошні разам з Далбертам наогул не гулялі ў гэтым сезоне. Гэта ўсё праўда.

Але можна доўга казаць і пра Мілана Шкрыньяра - гульцу, за якога мінулым летам «Інтэру» «ПСЖ» прапаноўваў 70 млн еўра (фактычна гадавы заробак за ЛЧ). Зараз ён ужо фактычна гулец парыжан – едзе туды бясплатна.

Фота: Roberto Bregani, Ren Yong, Spada, Giuseppe Maffia/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты