Галкіпер «Валвейка» страціў прытомнасць пасля жудаснага сутыкнення з сапернікам. На шчасце, жывы і ў прытомнасці
Матч не дагульвалі.
Вечар 30 верасня ў футболе скончыўся жудаснай навіной: варатар «Валвейка» Эцьен Васэн страціў прытомнасць падчас матчу з «Аяксам».
🔹 Здарылася гэта на 84-й хвіліне – форвард «Аякса» Браян Броббі бег да брамы, Васэн спрабаваў гэтаму перашкодзіць, у выніку адбылося сутыкненне – галкіпер страціў прытомнасць.
Вас'на вынеслі з поля на насілках.
Усе футбалісты таксама пакінулі поле. Гульцы абедзвюх каманд былі ў шоку, а на стадыёне стала вельмі ціха.
🔹 Футбалісты «Валвейку» пакідалі поле ў слязах і спрабавалі падтрымаць адзін аднаго.
🔹 Матч вырашылі не дагульваць – капітан «Валвейка» Міхел Крамер настойваў на гэтым.
🔹 «Аякс» выказаў падтрымку Васэну ў сацсетках.
«Гэта пра большае, чым футбол. Молімся, што з табой усё добра, Эцьен», – напісаў клуб.
🔹 На шчасце, з брамнікам усё добра. Пра тое, што ён у прытомнасці, спачатку паведамілі СМІ (той жа ESPN), затым пацвердзіў і сам Валвейк:
«Мы шакаваныя інцыдэнтам на полі з нашым галкіперам Эцьенам Васэнам. Мы можам паведаміць, што пасля дбайнага медыцынскага абследавання ён у прытомнасці і быў дастаўлены ў шпіталь для далейшага абследавання. Мы жадаем Эцьену шмат сіл і спадзяемся, што неўзабаве ён зноў будзе з намі».
🔹 Гендырэктар «Валвейка» Франк ван Масевельд праз гадзіну пасля інцыдэнту распавёў, што Васэн прыйшоў у сябе, яшчэ калі яго неслі ў хуткую - але не памятаў, што з ім здарылася:
«Эцьен на час страціў прытомнасць. Нашы медыцынскія працаўнікі адразу прыступілі да рэанімацыі, але, здаецца, гэта не была праблема з сэрцам. Ён зноў быў у прытомнасці, калі пакідаў поле, але не ведаў, дзе ён.
Гульцы, якія знаходзіліся побач, былі маральна разбіты. З іншымі здарылася тое ж самае ўжо ў распранальні.
Мы сабралі ўсіх разам і даволі хутка разам з нашым капітанам Міхілам Крамерам вырашылі, што не можам працягваць гульню.
Хоць на той момант мы ўжо ведалі, што Васэн быў у прытомнасці, я пагаварыў з арбітрамі, і наш капітан падышоў да мяне, каб сказаць, што яны былі настолькі ў шоку, што больш не маглі гуляць».
Жадаем Васэну скарэйшай папраўкі.
Фота: The Sun, скрыншоты трансляцыі