Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Шлях Месі да апошняга ў кар'еры «Залатога мяча» ў чатырох вечных гісторыях

Шлях Месі да апошняга ў кар'еры «Залатога мяча» ў чатырох вечных гісторыях

Дапаможа Хорхе Луіс Борхес.

Аўтар — Бона Сфорца
31 кастрычніка, 19:16
Шлях Месі да апошняга ў кар'еры «Залатога мяча» ў чатырох вечных гісторыях

Аргенціна дала свету нямала геніяў, але цяжка прыдумаць большых антаганістаў гэтай краіны, чым пісьменнік Хорхе Луіс Борхес і Ліянель Месі.

Месі выйграў ужо восьмы «Залаты мяч», Борхеса намінавалі на Нобелеўскую прэмію 26 разоў, але ён не ўзяў яе ні разу. Леа проста любяць у Аргенціне, а Борхес заўсёды лічыўся чужым для сваёй краіны. Месі стаў адной з галоўных футбольных ікон, а Борхес трываць не мог гэтую гульню («Футбол папулярны, таму што папулярнае глупства») і ставіў свае лекцыі на час, калі «албіселестэ» гулялі на ЧС-1978.

Але шлях Месі да, хутчэй за ўсё, апошняга «Залатога мяча» ў сваёй легендарнай кар'еры можна апісаць, звярнуўшыся менавіта да выбітнага публіцыста. У сваім эсэ «Чатыры цыклы» ён пісаў, што ў літаратуры ёсць усяго чатыры гісторыі, якія паўтараюцца.

Ліянель Месі за год прайшоў кожную з іх.

«Адна, найстарэйшая – пра ўмацаваным горад, які штурмуюць і абараняюць героі»

Ахіл, Адысей і Менелай штурмуюць Трою – класічны прыклад борхесаўскай аблогі. Шлях ахейцаў Месі, Дзі Марыі і Агуэра пачаўся яшчэ на Алміпіядзе-2008. З тых часоў яны штурмавалі Кубак Свету – горад, пакінуты калісьці Марадонай. Пад пякучым сонцам і гук вувузел, на легендарнай «Маракане», на смуродных балотах – ніводная кампанія не была паспяховай. Агуэра не дайшоў да канца.

Для Месі Кубак Свету павінен быў стаць пропускам у пантэон – без яго ён не сапраўдны герой. Аргенцінец правёў вялікі турнір, такой дамінацыі і ролі аднаго гульца на ЧС не было з часоў Марадоны. Фінальная бітва з парыжскім Гектарам – паядынак роўных і годных супернікаў, але перамагчы бліскучую Францыю з найлепшым падборам выканаўцаў у свеце не змог бы ніхто, акрамя яго. Трымаючы побач Цэрбера Дэ Паўля і па блаславенні Анхеля, Леа скончыў аблогу горада, якая працягвалася з пачатку яго кар'еры.

Аргенціна не была адназначным фаварытам да пачатку турніру, а пасля матча з Саудаўскай Аравіяй галасы пра голага караля, які ніколі нічога не выйграе са сваёй краінай, гучалі як праклён Касандры. Але хамаватая, беспардонная і татуіраваная зграя ішла да перамогі. «Que miras bobo» («Куды глядзіш, прыдурак?») – фраза, кінутая беднаму Вегорсту, паказала нам іншага Ліянеля, таго, які вядзе войска на аблогу. Перамога ў, магчыма, найвялікшым фінале ў гісторыі ЧС даказала, што так пішуцца легенды.

«Другая гісторыя звязана з першай – пра вяртанне»

Вечныя сюжэты: Адысей плыве да берагоў роднай Ітакі, Майкл Карлеонэ, які вяртаецца ў сям’ю, каб працягнуць справу бацькі, Месі, які вярнуўся, не, не ў «Барселону», а ў Аргенціну, але ўжо як свой. Пачынаючы з той жа сурвэткі, падпісанай Карлесам Рэшакам, Леа стаў чалавекам без радзімы.

«Барселона», якую ён лічыў сваёй, змяніла яму. А ў родным Расарыа пра Месі мала хто гаварыў з такой любоўю, як пра Марадону. Дыега быў сваім, а гэты хлопец з-за акіяна яшчэ нават нічога для іх не выйграў. Былі думкі кінуць гэты шлях, як пасля прайгранай Копы ў 2016-м, але пакуль такія хлопчыкі, як юны Энца Фернандэс, пісалі Месі лісты – шлях дадому меў сэнс.

Свіст трыбун у Парыжы, калі ты адзін з двух найлепшых асістэнтаў топ-ліг у Еўропе, дакладна не тое, на што разлічваеш. Але прызнанне ў Аргенціне, калі цябе сустракаюць на вуліцах Буэнас-Айрэса не горш за мясцовага Папу Францыска – вось яна, доўгачаканая Ітака аргенцінца.

«Трэцяя гісторыя – пра пошук»

Ясон, які шукае залатое руно, Тайлер Дэрдэн ў пошуку самога сябе ў байцоўскіх клубах і Леа Месі, які знаходзіць сваю ідэальную ролю на полі, каб выдаць апошні танец. Гулец, які станавіўся найлепшым футбалістам свету ў пачатку дзесяцігоддзя і забіваў пад сто мячоў за каляндарны год, і Леа ў 2023-м – розныя футбалісты. Ён па-ранейшаму пакрывае прастору і кіруе часам, гуляючы глыбей, усё яшчэ адчувае гульню на ўзроўні, недасягальным для смяротных.

Завяршаць атакі зараз могуць і маладыя хлопцы, не дарма Хуліян Альварэс на ЧС забіў з гульні больш мячоў, чым Месі, калі Леа вострымі, як нож гаўча, перадачамі шукаў слабыя месцы супернікаў.

Ён не толькі знайшоў сваё месца на полі, але і ў распранальні. «Калі Месі прамаўляў перад фіналам ЧС-2022, то Дзібу (Эміліяна Марцінес – заўв. Tribuna.com), здаецца, нават заплакаў», – узгадваў словы капітана Мак Алістэр.

«Апошняя гісторыя – пра самагубства Бога»

Класічны сюжэт: Праметэй, які прыносіць людзям святло і ўцякае з Алімпу. Месі сышоў са свайго Алімпу добраахвотна. Яны з Парыжам так і не прынялі адзін аднаго, а стадыён, дзе Леа ззяў амаль усю кар'еру, зараз раўняюць з зямлёй. Ці варта вяртацца ў месца, дзе цябе аднойчы ўжо здрадзілі?

У яго выйшла сысці з Алімпу ў ціхую гавань, завяршыць гісторыю вечнага супрацьстаяння, раз'ехацца з калісьці галоўным канкурэнтам па розных частках свету і даць дарогу маладым. Але перад гэтым цалкам нацешыцца трыумфам.

***

А дзе быў Месі ў плэй-оф ЛЧ? Хіба можна даваць «ЗМ» чалавеку, які грае ў МЛС і проста жыве найлепшае жыццё ў Маямі, бадаючы мяч (нагамі!) перад Дзі Капрыа, Селенай Гомес, Лебронам Джэймсам і ўсякай амерыканскай тусовачкай. А ці даюць увогуле «Залатыя мячы» за перамогу ў адным, хай нават найважнейшым турніры?

Гэта ўсё палеміка і барацьба лічбаў супраць гісторыі, а гісторый, як мы ведаем, ёсць усяго чатыры.

Фотa: Global Look Press/Panoramic, Pan Yulong/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты