Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Даку яскрава ўпісаўся ў «Сіці» – ужо пасадзіў Грыліша ў запас і мае выключны дрыблінг

Даку яскрава ўпісаўся ў «Сіці» – ужо пасадзіў Грыліша ў запас і мае выключны дрыблінг

«Калі ты застаешся з ім адзін у адзін, застаецца толькі адно – маліцца».

12 лістапада, 14:02
Даку яскрава ўпісаўся ў «Сіці» – ужо пасадзіў Грыліша ў запас і мае выключны дрыблінг

На мінулым тыдні «Ман Сіці» разбіў «Борнмут» з лікам 6:1, а галоўным героем сустрэчы стаў 21-гадовы навічок «гараджан» Жэрэмі Даку – бельгіец запісаў на свой рахунак ашаламляльныя 1+4.

Рапавядаем, хто ён такі і як яму так хутка ўдалося ўпісацца ў новую каманду.

Даку – ідэальны прадукт акадэміі «Андэрлехта». Ён рана сышоў і абраў правільны новы клуб

Калі гаворка заходзіць пра найлепшыя футбольныя акадэміі свету, часта забываюць узгадаць «Андэрлехт». З аднаго боку, гэта можна зразумець – бельгійцы ахвотна адпускаюць найлепшых выпускнікоў акадэміі яшчэ ў юным узросце, таму часам нават цяжка прыгадаць, што Рамелу Лукаку або Юры Цілеманс атрымлівалі футбольную адукацыю менавіта ў «Андэрлехце».

Калі Лукаку пераходзіў у «Чэлсі» за 15 млн еўра, 9-гадовы Жэрэмі Даку гуляў яшчэ ў дзіцячых камандах «Берсхота», але патэнцыял стаць выбітным футбалістам у яго быў ужо тады. Пасля юны бельгіец з ганскімі каранямі перабраўся ў «Андэрлехт» і з таго часу лічыўся адным з найталенавіцейшых гульцоў акадэміі.

Даку дэбютаваў за першую каманду Каралеўскага клуба яшчэ ў 16 гадоў, у 17 ужо стаў асноўным і за першы поўны сезон на прафесійным узроўні зрабіў сем рэзультатыўных дзеянняў.

Кампанія-2020/21, якая пачалася пазней з-за пандэміі каранавіруса, стала для Даку прарыўной – спачатку ў сямі матчах за «Андэрлехт» ён зрабіў 2+4 (амаль зраўняўся з паказчыкамі мінулага сезона за такі кароткі прамежак часу), а пасля ў пачатку кастрычніка аформіў трансфер у «Рэн» за 25 млн еўра.

Атрымаць 25 млн еўра за 18-гадовага юнака ды яшчэ і выпускніка ўласнай акадэміі – у разуменні кіраўніцтва клуба гэта быў «ідэальны» трансфер, а Жэрэмі разам з гэтым атрымаў магчымасць працягнуць сваё развіццё ў камфортных умовах.

У «Рэне» Даку не стаў выключэннем – як і іншыя маладыя футбалісты ў камандзе атрымліваў пастаянную гульнявую практыку. Наўрад ці яго дэбютны сезон можна назваць паспяховым (тыя ж 2+4, але ўжо ў 37 матчах за новую каманду), аднак бельгіец усё роўна працягваў быць гульцом стартавай адзінаццаткі.

Новыя цяжкасці чакалі яго ўжо ў наступным сезоне, большую частку якога Жэрэмі прапусціў з-за розных траўм і прыняў удзел толькі ў 15 матчах.

Сезон-2022/23 Даку пачаў у запасе, затым зноў прапусціў некаторы час з-за траўмы, а затым у чарговы раз пачынаў матчы на лаве запасных. Калі ўжо стваралася ўражанне, што пастаянныя пашкоджанні не даюць яму рэалізаваць шалёны патэнцыял, Даку стрэліў – яго сем рэзультатыўных дзеянняў у апошніх васьмі матчах сезона дапамаглі «Рэну» скончыць чацвёртымі ў Лізе 1.

Улетку Даку быццам бы зацікавіў «Вэст Хэм» і «Барселону», але пасля першых кантактаў з «Ман Сіці» бельгіец быў упэўнены – ён хоча толькі ў Манчэстэр.

На першы погляд Даку не ўпісваўся ў «Ман Сіці», але ў Пепа быў план – і пакуль што ён працуе

Пасля сыходу Рыяда Марэза «Ман Сіці» шукаў падобнага па тыпу футбаліста – хутканогага вінгера, які добра гуляе адзін у адзін і можа быць небяспечным як непасрэдна з флангу, так і ствараць зоны для фулбекаў (калі Пеп гуляе з імі) і дзейнічаць бліжэй да цэнтра поля.

Менавіта таму, на першы погляд, кандыдатура Жэрэмі Даку выклікала шмат пытанняў. Стыль гульні бельгійца – гэта ў асноўным сітуацыі адзін у адзін. Ён ахвотна абыгрывае абаронцаў за кошт фантастычнай хуткасці, выдатнага кантролю мяча і, што цікава, моцнай фізічнай сілы, якая пакідае яшчэ менш шанцаў абаронцам адабраць у яго мяч.

Даку – больш індывідуаліст, чым камандны гулец, але Гвардыёла даў зялёнае святло на яго падпісанне, а «Ман Сіці» выдаткаваў 60 млн еўра.

Вядома ж, усё паказвала на тое, што Даку будзе гуляць на пазіцыі Марэза справа (уласна, менавіта справа ён больш за ўсё гуляў у сваёй кар'еры), але геніяльны Пеп зноў усё ўбачыў па-свойму. У адсутнасць Кевіна Дэ Бруйнэ на пазіцыі атакуючага хаўбека дзейнічае Хуліян Альварэс, Філ Фодэн грае правага вінгера, а Жэрэмі выцесніў Джэка Грыліша з асновы (прынамсі, у матчах прэм'ер-лігі) і выступае злева ў атацы.

Калі ў дэбюце з «Фулхэмам» Даку выглядаў непераканаўча, то ўжо ў наступным матчы супраць «Вэст Хэма» не цягнуў і пачаў дэманстраваць менавіта тое, за што «гараджане» яго падпісалі. У сацсетках ужо гуляюць нарэзкі з яго дзеяннямі за «Сіці», бо ў 13 матчах за новы клуб Жэрэмі назбіраў ужо дзевяць рэзультатыўных дзеянняў.

Пяць з іх – у знакамітым матчы з «Борнмутам».

Усё расхвальваюць дрыблінг Даку – на трэніроўцы ён ужо абыгрывае Уокера, ім захапляецца нават Анры

Найгалоўнейшая характарыстыка Жэрэмі Даку – яго выключны дрыблінг.

У матчы Лігі чэмпіёнаў з «Янг Бойз» бельгіец згуляў усяго дзесяць хвілін, але пакінуў поле як футбаліст з найбольшай колькасцю паспяховых абыгрышаў адзін у адзін (шэсць, у той час як рэкорд ЛЧ у гэтым сезоне – восем) і цяпер разам з Хвічам Кварацхеліяй лідзіруе па паказчыках паспяховага дрыблінга ў турніры (17).

Гвардыёла прызнаўся, што на трэніроўках Даку таксама пакідае неверагоднае ўражанне: «Некалькі дзён таму мы гулялі невялікую змагальную гульню на маленькім полі, і ён абыграў і Кайла Уокера, і іншых гульцоў. Гэта яго прырода», – сказаў Пеп.

Цьеры Анры, які працаваў з Жэрэмі ў зборнай Бельгіі, таксама захапляецца скіламі маладога вінгера: «Калі ты застаешся з ім адзін у адзін, застаецца толькі адно – маліцца. Рэдка бачыў у сваім жыцці, каб гулец так хутка дзейнічаў на дрыблінгу. Гэта неверагодна».

Фота: Mike Morese/REUTERS, Manchester City, Vincent Van Doornick/Isosport/MB Media, John Berry/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты