Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Белшына» ўлезла ў прапаганду не проста так: вельмі патрэбная прыхільнасць чынуш, у клуба даўгі па заробках і прэміяльных, скандал з «Шахцёрам» забыўся

«Белшына» ўлезла ў прапаганду не проста так: вельмі патрэбная прыхільнасць чынуш, у клуба даўгі па заробках і прэміяльных, скандал з «Шахцёрам» забыўся

Лёс дырэктара прадпрыемства, які ў СІЗА, не надта хвалюе.

Аўтар — bytribuna com
22 лютага 2023, 18:19
«Белшына» ўлезла ў прапаганду не проста так: вельмі патрэбная прыхільнасць чынуш, у клуба даўгі па заробках і прэміяльных, скандал з «Шахцёрам» забыўся

Тыповы серадняк беларускага футбола «Белшына» праводзіць адпаведную свайму статусу перадсезонку: растаецца з тымі, хто хоча атрымліваць больш ці прагрэсаваць, праглядае маладых і не самых дарагіх футбалістаў, з рознай ступенню паспяховасці праводзіць спарынгі. Аднак і ў такім, здавалася б, непрыкметным міжсезонні ёсць на што звярнуць увагу.

Па-першае, калектыў па фінансавых прычынах адмовіўся ад удзелу ў жодзінскім турніры "Белазавец". І гэта прымусіла многіх задумацца аб перспектывах клуба ў новым сезоне. Па-другое, днямі на афіцыйным сайце «шыннікаў» з'явіўся матэрыял пра ўдзел гульцоў і трэнераў каманды ў мерапрыемстве ў гонар так званага Дня абаронцы Айчыны – акцыя была паднесена ў традыцыях лукашэнкаўскай прапаганды. Па-трэцяе, «шыннікі» разам з «Шахцёрам» патрапілі ў непрыемную гісторыю з дамоўным матчам.

«Трыбуна» даведалася, што ўвогуле зараз адбываецца ў Бабруйску, дзе каманда пры не самых высокіх заробках загразла ў даўгах і з першага разу не прайшла ліцэнзаванне.

Як праводзіць міжсезонне?

З адпачынку 12-я каманда па выніках сезона-2022 (гэта сем балаў ад зоны стыкаў) выйшла 9 студзеня. Трэніроўкі калектыў праводзіў на сінтэтыцы бабруйскага стадыёна імя Пракапенкі. І там жа правёў першы спарынг - абгуляў «Слуцк» 1:0. Пасля былі таварнякі з "Гомелем" (0:2), "Дняпром" (0:2), мінскім "Дынама" (0:4), "Асіповічамі" (0:3), "Баранавічамі" (1:1). 28 студзеня каманда адолела "Шахцёр" (2:1).

Не надта яркая міжсезонка ў плане выніку абумоўленая ў тым ліку і тым, што каманда Альберта Рыбака будуецца нанова. Пасля заканчэння чэмпіянату прыкладна дзесяць заўважных выканаўцаў пакінулі Бабруйск. Пры гэтым усе гульцы сышлі ў статусе свабодных агентаў, адпаведна, "Белшына" на трансферах не змагла зарабіць ні рубля.

Што да навічкоў, то на 22 лютага вядома толькі пра адно падпісанне – арэндную дамову з «шыннікамі» заключыў 21-гадовы абаронца Мікіта Супрановіч, правы на якога належаць БАТЭ. Па нашай інфармацыі, у новым сезоне "Белшына" будзе абапірацца ў першую чаргу на тых, у каго дзейнічаюць кантракты, а таксама на сваіх дублёраў. Гэтыя людзі гатовыя гуляць на мінімальных умовах. Зрэшты, гульцы з-за мяжы таксама чакаюцца - прынамсі зараз на праглядзе ў калектыве знаходзяцца выканаўцы, імёны якіх шырокаму колу заўзятараў невядомыя. У асноўным гэта прадстаўнікі ніжэйшых дывізіёнаў чэмпіянатаў блізкага замежжа - гульцы, якія гатовы гуляць за некалькі соцень долараў, але затое ў вышэйшай лізе.

«Падлік кожнай капейкі», даўгі па заробках і прэміяльных

Немагчымасць запрашаць больш якасных выканаўцаў абумоўленая ў першую чаргу не самым упэўненым фінансавым станам клуба. Праз гэта "Белшына" вымушана была адмовіцца ад удзелу ў традыцыйным зімовым турніры "Белазавец" у Жодзіне. ФК не знайшоў паўтары тысячы рублёў на ўнёсак удзельніка.

- Разумееце, тут усё разам узгоднена, не толькі фінансы. Мы кожную капейку, рубель лічым, таксама хочам разумець, на што разлічваем, - тлумачыўся потым галоўны трэнер Альберт Рыбак.

Тады ж пра наяўнасць запазычанасці перад гульцамі расказваў паўабаронца «шыннікаў» Ілля Кухарчык. Па словах гульца, каманда не бачыла зарплату са снежня, да гэтага часу чакае прэміяльныя за мінулы сезон. Сумы, паводле слоў Кухарчыка, невялікія, "проста на жыццё хаця б".

Як змагла даведацца «Трыбуна», даўгі ў «Белшыны» перад гульцамі сапраўды ёсць - праўда, яны большыя, чым пра гэта гаворыцца ў прэсе. Па нашай інфармацыі, футбалістам павінны заробкі за некалькі апошніх месяцаў (лістапад, снежань і студзень) плюс прэміяльныя за перамогі і нічыi з топамі "вышкі". Іх дакладныя памеры мы не даведаліся, аднак, як запэўніваюць крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй у «Белшыне», «прэміяльныя там зусім невялікія, калі не сказаць смешныя».

Нагадаем, якія заробкі былі ў Бабруйску летась. Як пісала «Трыбуна», самыя «дарагія» гульцы маглі разлічваць на выплаты ў раёне дзвюх з паловай тысяч долараў. Такіх выканаўцаў можна было пералічыць на пальцах адной рукі. У асноўным футбалісты атрымлівалі ў разы менш. Больш за тое, як нам удалося даведацца, многія ўвогуле атрымлівалі па 400-500 рублёў на месяц.

Але і такім футбалістам «Белшына» да гэтага часу павінна пэўныя сумы. Праз запазычанасці клуб у гэтае міжсезонне ўжо сутыкнуўся з праблемамі ў атрыманні ліцэнзіі на ўдзел у чэмпіянаце-2023. 8 лютага па выніках паседжання камітэта па клубным ліцэнзаванні АБФФ «Белшыне» было адмоўлена ў праве ўдзельнічаць у спаборніцтве. Прычына - як раз даўгі перад гульцамі.

"Белшына" падала апеляцыю. 17 лютага клуб на сваім сайце абвясціў, што ўсё ж прайшоў ліцэнзаванне і стаў афіцыйным удзельнікам "вышкі". Але нават нягледзячы на гэта, паводле нашай інфармацыі, даўгі перад гульцамі да гэтага часу не пагашаныя. Проста АБФФ пайшла насустрач клубу, які абавязаўся "ў найбліжэйшы час вырашыць гэтыя пытанні".

Таксама, паводле нашай інфармацыі, літаральна на днях кіраўнікі клуба наведалі трэніроўку каманды і запэўнілі футбалістаў, што хвалявацца не трэба. Чарговы раз паабяцалі пагасіць даўгі, папрасілі не пераймацца, а сканцэнтравацца на падрыхтоўцы да сезона. Аднак моцнага заспакаяльнага эфекту, паводле нашых звестак, на каманду гэтыя словы не зрабілі. Гульцы, у прыватнасці, схільныя лічыць, што, прынамсі хуткім часам, грашовыя пытанні вырашаныя не будуць. Аднак пры гэтым усё роўна гатовыя чакаць і гуляць.

Хвалявання праз арышт гендыра завода няма, але паменела ўвагі з боку гарадскіх уладаў

14 лютага Аляксандр Лукашэнка на чарговай нарадзе са сваімі чыноўнікамі заявіў, што генеральны дырэктар ААТ "Белшына" Андрэй Бунакоў знаходзіцца ў СІЗА. Прэтэнзіі ўзніклі праз тое, што кіраўнік нібыта заключыў кантракт з расіянамі на продаж буйнагабарытных шын ніжэй за сабекошт.

Завод з'яўляецца спонсарам аднайменнага футбольнага клуба, і таму, здавалася б, трэнераў і гульцоў (асабліва гульцоў, якія да гэтага часу чакаюць належных грошай) гэтая інфармацыя павінна была напружыць. Аднак, паводле нашых звестак, навіны не моцна ўзрушылі калектыў, хоць пэўныя абмеркаванні вяліся. Шмат у чым адсутнасць вялікай рэакцыі звязаная з тым, што ў апошнія гады доля спонсарскіх грошай ад ААТ "Белшыны" не перавышала 20 працэнтаў ад клубнага бюджэту. Плюс завод знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ. Асноўная фінансавая падтрымка ідзе ад гарадскіх уладаў. Дапамога аказваецца і шэрагам іншых спонсараў - напрыклад, «Белдзяржстрахам», «Бабруйскаграмашам», гандлёвай сеткай «Карона» і іншымі.

Як нам удалося даведацца, фінансавае становішча футбольнай "Белшыны" крыху пагоршылася восенню 2022-га. Якраз з верасня таго года ў Маладзёжнай хакейнай лізе ўдзельнічае каманда "Дынама-Шыннік", якая таксама прадстаўляе Бабруйск. Хоць клуб і ўваходзіць у структуру ХК "Дынама-Мінск" і ільвіную долю фінансавання атрымлівае адтуль, гарадскі бюджэт Бабруйска таксама ўдзельнічае фінансамі ў жыцці калектыву. Пасля вяртання "Дынама-Шынніка" ў МХЛ футбольная "Белшына" пазбавілася статусу безальтэрнатыўна галоўнай спартыўнай каманды горада і, адпаведна, пэўнага аб'ёму фінансавай падтрымкі ад гарвыканкама.

Спроба заслужыць лаяльнасць ад чыноўнікаў

Самі гульцы і трэнеры занятыя ў гэтае міжсезонне не толькі непасрэдна спортам. Нядаўна калектыў прыняў удзел у мерапрыемстве да 23 лютага. Гульцы і трэнеры ўсклалі кветкі да помніка-танка на магіле генерал-маёра Барыса Бахарава, якi загiнуў у 1944-м, а затым разам са старшынёй гарадской Рады ветэранаў наведалі 96-гадовага ветэрана Другой сусветнай вайны. Справаздача аб мерапрыемстве была прадстаўлена на афіцыйным сайце клуба.

На першы погляд, высакародны ўчынак, аднак дэталі могуць збянтэжыць заўзятара, які сочыць не толькі за футболам, але і за каляспартыўным жыццём у Беларусі. Па выніках акцыі для клубнай прэс-службы каментары далі некалькі гульцоў. Усе фразы апублікаваныя ў тэкставым выглядзе, што не дае падстаў сцвярджаць адназначна, што футбалісты сапраўды прамаўлялі такія словы. Пасля гісторыі з «пакаяным відэа» Анатоля Макарава і ягонага «інтэрв'ю» дзяржСМІ ёсць падставы сумнявацца ў дакладнасці і паўнаце цытавання.

Дык вось, па дзіўным супадзенні спікерамі ад «Белшыны» аказаліся трое гульцоў, якіх так званае міністэрства спорту занесла ў чорны спіс, гэта значыць зрабіла непажаданымі персонамі ў беларускім футболе. Артур Слабашэвіч, Павел Чыкіда і Кірыл Леановіч у 2020 годзе сказалi "Мы супраць гвалту" ў відэа, якое запісала амаль сотня айчынных гульцоў. А цяпер яны нібыта разважаюць пра «мірнае неба», «Беларусь як краіну, якая ніколі не была і не будзе крыніцай зла і гвалту» (асабліва ў святле вайны ва Украіне, якую развязала Расія пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, а таксама рэпрэсій унутры краіны).

Па нашай інфармацыі, робячы акцэнт на гэтых гульцах, клуб меў дзве мэты. Па-першае, кіраўніцтва захацела дамагчыся прыхільнасці чыноўнікаў, каб атрымаць дазвол і падпісаць кантракт з тымі, хто калісьці выступіў супраць гвалту, а цяпер "разумее важнасць і каштоўнасць цяперашняй сістэмы". Ну а другое - «Белшыне» да гэтага часу не ўзгаднілі план развіцця, гэта значыць Мінспорту Лукашэнкі не ўхваліла выдзяленне дзяржпадтрымкі на новы сезон.

Пра скандал з дамоўным матчам не ўспамінаюць

Нельга прайсці міма скандала, у які патрапіла "Белшына" ў канцы студзеня. Пачалася гісторыя ў «Шахцёры», дзе затрымалі прадстаўніка клуба за тое, што ён нібыта хацеў паўплываць на матч ЧБ. Па сведчаннях - прастымуляваўшы «Белшыну». Спачатку называўся матч апошняга тура чэмпіянату-2022 паміж уласна салігарчанамі і бабруйчанамі. Больш за тое, паводле інфармацыі «Трыбуны», у сувязі з гэтым затрымлівалі нападаючага «Белшыны» Дзмітрыя Гомзу.

Як распавялі нам крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, на Гомзу як аднаго з лідараў калектыва сапраўды выходзілі з "Шахцёра" у 2022 годзе. Але толькі перад паядынкам "Белшыны" і мінскага "Дынама".

- Аднак на Гомзе ўся гісторыя і скончылася, прапанова далей не пайшла, а сам гулец, па сутнасці, даў зразумець, што калектыў так ці інакш будзе гуляць сумленна і на поўную сілу, і ўдзельнічаць у якіх-небудзь паддывановых гульнях ніхто не мае намеру, - расказаў нам адзін з суразмоўцаў, які ў курсе сітуацыі.

Цяпер пра тую гісторыю ў «Белшыне» ніхто не згадвае.

Фота: fcbelshina.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты