«Бяляш такі ж халодны, як стаўленне Базанава да белфутбола». Блогер патрапіў на вясновы матч у Слуцку літаральна праз бруд – вось як гэта выглядала
Усё па-людску?
Хто з беларусаў не ведае прымаўку, што ў Нясвіжы – як у Парыжы, а ў Слуцку – усё па-людску? Але на мінулых выходных нешта паламалася. У другім матчы 1/4 фінала Кубка Беларусі паміж «Слуцкам» і «Славіяй» каманды сустракаліся на рэзервовым стадыёне ў Слуцке, праз немагчымасць згуляць на натуральным полі. На асноўным стадыёне няма падагрэву, а ў горадзе тэмпература паветра даўно не падымалася вышэй за нуль.
Госці ўразіліся не самой гульне, якая скончылася перамогай на карысць гаспадароў (1:0), а пляцоўцы каля поля дзяржаўнага каледжа:
«Пры надыходзе дажджу, усё вакол стадыёна ператвараецца ў бруд. Падыход да трыбун становіцца сапраўдным выпрабаваннем. Мабыць, пракласці асфальт вакол стадыёна з'яўляецца невырашальнай праблемай для клуба вышэйшай лігі? І навошта пачынаць афіцыйныя гульні так рана? Ах так, каб потым у сярэдзіне лета зрабіць трохтыднёвы перапынак», – напісаў аўтар TG-канала «Сейв Сокола», які трапіў на гэтую гульню.
Што можна купіць на матчы:
«Ніякага фаншопа ці хаця б палаткі з атрыбутыкай клуба няма. Максімум, што можна купіць – гэта гарбата, кава і бяляш, які з'яўляецца такім жа халодным, як і стаўленне Базанава да беларускага футбола», – рэзюміруе аўтар.
Прагляд матча таксама не з'яўляецца камфортным:
«Трыбуны ўздоўж бакавой броўкі знаходзяцца настолькі нізка, што ўбачыць тое, што адбываецца на процілеглым флангу вельмі складана. А для заўзятараў гасцявой каманды даюць месцы наогул за варотамі, наперадзе якіх нацягнутая сетка, з-за якой зусім не камфортна назіраць за футболам».
Гасцей не паважаюць:
«Кіраўніцтва клуба можа забяспечыць гасцявым заўзятарам крайні сектар цэнтральных трыбун, бо там усё роўна ніхто не сядзіць (нават асобны ўваход на яго зачынены), але рабіць гэтага вядома ж ніхто не будзе. Бо на думку некаторых людзей існуе рызыка правакацыі. Толькі незразумела, якія менавіта, і ці было наогул што-небудзь падобнае на правакацыю, раз прынятыя такія меры», – падводзіць вынік свайго трыпу ў Слуцк блогер.
А вам падабаецца хадзіць на футбол у Беларусі у сакавіку?
Фота: https://vk.com/fcslaviaby; https://t.me/footballmozyr