Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Кандрацьеў кажа, што паўторна ўзначаліў зборную Беларусі, бо не меў выбару, але ён быў – паміж пенсіяй і ганьбай, за якую вельмі добра плацяць. Вось у чым тут справа

Кандрацьеў кажа, што паўторна ўзначаліў зборную Беларусі, бо не меў выбару, але ён быў – паміж пенсіяй і ганьбай, за якую вельмі добра плацяць. Вось у чым тут справа

Сапраўды складаныя абставіны.

Аўтар — bytribuna com
14 чэрвеня 2023, 13:00
1
Кандрацьеў кажа, што паўторна ўзначаліў зборную Беларусі, бо не меў выбару, але ён быў – паміж пенсіяй і ганьбай, за якую вельмі добра плацяць. Вось у чым тут справа

Ужо больш за два гады Георгій Кандрацьеў кіруе зборнай Беларусі па футболе – і гэта другі заход для яго. Вынікі, як і ў першы, вельмі слабыя: серыя без перамог расцягнулася на 15 матчаў, каманда ў сусветным рэйтынгу блізкая да вылету з першай сотні.

На днях 63-гадовы трэнер прызнаўся: ён і не думаў, што аднойчы зноў узначаліць зборную. Аднак у 2021 годзе «так склаліся абставіны, быў пастаўлены перад выбарам». Кандрацьеў сказаў, што не можа раскрыць падрабязнасці той гісторыі. Што ж, «Трыбуна» зробіць гэта за яго.

Як вяртаўся на пасаду і які заробак атрымаў

Упершыню з «нацыяналкай» Кандрацьеў працаваў з 2011 па 2014 гады, але вынікі былі сумныя, і ён сам падаў у адстаўку, раскрытыкаваўшы гульцоў, якімі кіраваў. Вяртанне ў зборную адбылося ў чэрвені 2019-га, калі спецыяліст увайшоў у трэнерскі штаб Міхаіла Мархеля. Дзеля зборнай Кандрацьеў пакінуў пасаду памочніка галоўнага трэнера ў «Нёмане», дзе адпрацаваў менш за паўгода.

Нарэшце, праз два гады Кандрацьеў ізноў аказаўся галоўным у «нацыяналцы». Мархель правальваў матч за матчам, а апошняй кропляй стала рэкордная параза ад Бельгіі 0:8. Галоўнага трэнера звольнілі – яго месца ў статусе выканаўцы абавязкаў заняў асістэнт Кандрацьеў.

– Вопытны чалавек, ён прайшоў і маладзёжную зборную, працаваў з нацыянальнай зборнай. Таму мы з ім так цяпер дамовіліся, што дзве гульні ён рыхтуе зараз і гуляе, а далей будзем глядзець, – казаў тагачасны старшыня АБФФ Уладзімір Базанаў. – Я яшчэ памятаю, калі ён быў нападаючым у «Дынама-Мінск», 11-ы нумар, калі ён забіваў добра, таму я думаю, што будзе ўсё добра.

Сам жа Кандрацьеў адрэагаваў на прызначэнне спецыфічна, але ў сваім духу.

– Нічога я каментаваць не буду… І не тэлефануйце мне, – такі адказ пачуў адзін з журналістаў.

Як жа адбывалася ратацыя ў трэнерскім штабе зборнай? Праз некалькі дзён пасля фіяска ў Бельгіі Мархель падаў у адстаўку – пераконваць спецыяліста ніхто не стаў. Тут жа пачаліся пошукі новага галоўнага. Адказваў за гэта найперш тагачасны першы намеснік старшыні федэрацыі Юрый Вяргейчык. Ён быў гэткім куратарам зборных, прапаноўваў трэнераў, вырашаў многія пытанні.

Кандрацьева якраз і прапанаваў Вяргейчык. Спярша – на нарадзе кіраўнікоў АБФФ. Па нашай інфармацыі, іншых кандыдатаў тады і не разглядалі. Босы федэрацыі пагадзілася з прапановай, але каб усё было па статуце АБФФ, Кандрацьева трэба было зацвердзіць на выканкаме.

Паседжанне членаў выканкама адбылося ў самым пачатку красавіка. Але само мерапрыемства шмат у чым было простай фармальнасцю, да таго ж у склад выканкама ўваходзілі і кіраўнікі АБФФ, якія самі ўжо вырашылі, хто будзе ўзначальваць «нацыяналку».

На паседжанні было абвешчана, што прашэнне Мархеля аб адстаўцы задаволенае. Пры гэтым сам былы галоўны на сход не з'явіўся, хоць і з'яўляўся членам выканкама. Як расказваюць відавочцы тых падзей, Мархель рэдка ўдзельнічаў у паседжаннях – проста не любіць такія мерапрыемствы. А калі і прыходзіў, то практычна заўсёды адмоўчваўся, не беручы ўдзелу ў абмеркаваннях.

Затое на выканкаме быў Кандрацьеў, кандыдатуру якога і прапанавалі на пасаду выканаўцы абавязкаў галоўнага трэнера. Як заведзена ў АБФФ, усе прагаласавалі «за». Па нашых звестках, не было нават намёку на дыскусію. Усё банальна: вось Кандрацьеў – яму прапануецца стаць пакуль яшчэ в. а. – усе згодныя. Спецыяліст пасля «галасавання» нічога не казаў пра мэты, задачы, сваё бачанне. Па звестках нашых суразмоўцаў, Кандрацьеў абышоўся агульнымі фразамі пра тое, што футбол у Беларусі трэба рабіць лепш, і ён прыкладзе ўсе намаганні для гэтага.

Хоць трэнеру было што сказаць. Напрыклад, пра тое, чаму ён усё ж пагадзіўся прыняць пасаду, хаця такога жадання ў яго не было і блізка.

У ролі в. а. спецыяліст працаваў некалькі месяцаў. Паспеў прайграць у «таварняку» Азербайджану 1:2. У Гродне яшчэ планаваўся матч са Сьера-Леонэ, але афрыканцы раптам адмовіліся. У ліпені 2021-га Кандрацьеў стаў галоўным трэнерам зборнай без усялякіх агаворак і прыставак.

У лістападзе 2022 года ў спецыяліста кантракт скончыўся, аднак 9 снежня па рашэнні кіраўніцтва АБФФ пагадненне было працягнута. І гэта нягледзячы на правалы ўсіх задач і гнятлівыя вынікі. Вось што мы маем на сёння: пры Кандрацьеве каманда не можа перамагчы 15 афiцыйных матчаў запар, у перадапошнім дывізіёне Лігі нацый заняла апошняе месца і будзе змагацца з Літвой за захаванне прапіскі, у адборы на ЧЕ каманда (цяпер знаходзіцца на 98-м месцы ў сусветным рэйтынгу) стартавала з двух параз.

Хаця яшчэ ў чэрвені 2022-га хадзілі размовы, што ў выпадку страты ўсіх шанцаў на выхад з групы ў Лізе нацый трэнерскі штаб будзе звольнены.

– Я не бачу ў ім хiбы. Ніякіх. Не ведаю, хто ў такіх умовах справіўся б. Бачу, як скрупулёзна Георгій Пятровіч працуе. У яго цудоўны трэнерскі штаб. Мы яму ўказалі на некаторыя недахопы. Кандрацьеў пакуль застаецца галоўным трэнерам, – казаў у лістападзе мінулага года Базанаў.

Калі Кандрацьеву працягвалі кантракт, гэта рашэнне таксама зацвярджаў выканкам. І зноўку без абмену ідэямі і дыскусіі. Па сутнасці, члены выканкама пакорліва пагадзіліся з тым, што прапанаваў Базанаў. Кандрацьеў працягнуў працу з калектывам.

Пры гэтым заробак у спецыяліста застаўся на тым жа ўзроўні, што і пры прызначэнні ў сярэдзіне 2021-га. Як нам удалося даведацца, зараз Кандрацьеў атрымлівае 15 тысяч еўра за месяц да сплаты падаткаў. Паразы, невыкананне задач на памер узнагароджання не ўплываюць. У памочнікаў – на гэтых пасадах працуюць Алег Радушка, Дзмітрый Раўнейка і Андрэй Сацункевіч – зарплата ў два разы ніжэйшая.

Выбар быў – паміж датэрміновай пенсіяй і высокааплатнай ганьбай

А зараз вернемся вось да гэтых загадкавых слоў трэнера: «Не думаў, што вярнуся ў зборную Беларусі. Быў пастаўлены перад выбарам. Пра ўсё не магу казаць». Агучыў іх Кандрацьеў, адказваючы на пытанне, як ён пагадзіўся ўзначаліць зборную ў другі раз.

Як удалося даведацца «Трыбуне», спецыяліст сапраўды трапіў у нестандартную сітуацыю. У ёй яму не пагражалі ні растрэлам, ні турмой, але выбіраць усё ж прыйшлося.

Па нашых звестках, у 2021-м вяртацца на пасаду галоўнага Кандрацьеў не думаў і ўвогуле не хацеў. Пасля адстаўкі Мархеля ён таксама збіраўся сысці. Але ў АБФФ былі настроеныя захаваць Кандрацьева. Па расказах нашых крыніц, у федэрацыі хацелі, каб камандай і далей кіраваў трэнер, які будзе выконваць каманды з Дома футбола. Раней гэта рабіў Мархель, але параза ад Бельгіі атрымалася занадта ўжо рэзананснай, і ад спецыяліста прыйшлося пазбавіцца. У выніку найлепшай кандыдатурай на ролю «ручнога» трэнера стаў Кандрацьеў. Але як прымусіць спецыяліста прыняць каманду, калі ён гэтага не жадае? І тут падключылі адміністрацыйны рэсурс.

Куратар зборных Вяргейчык звярнуўся з просьбай паўплываць на Кандрацьева да свайго тады яшчэ прыяцеля – так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука. І той дапамог. Паводле інфармацыі нашых крыніц са свету футбола, трэнеру прапанавалі такі выбар (так, выбар усё ж такі быў): ці ён працуе са зборнай, ці ў беларускім футболе знайсці іншае месца яму наўрад ці ўдасца. Паміж датэрміновай пенсіяй і высокааплатнай ганьбай Кандрацьеў абраў другое.

Фота: abff.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты