Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Баранавічы» – галоўны генератар мемаў у Д2 Беларусі: там скралі мяч, разыгралі эпічны штрафны, прымусілі сумаваць разам з маскотам

«Баранавічы» – галоўны генератар мемаў у Д2 Беларусі: там скралі мяч, разыгралі эпічны штрафны, прымусілі сумаваць разам з маскотам

А ўвогуле добра для сябе гуляюць.

Аўтар — bytribuna com
4 ліпеня, 14:21
«Баранавічы» – галоўны генератар мемаў у Д2 Беларусі: там скралі мяч, разыгралі эпічны штрафны, прымусілі сумаваць разам з маскотам

Апошнія 12 гадоў футбольныя «Баранавічы» падарожнічалі паміж другой і трэцяй лігамі і давалі нагоду хіба што казаць пра тое, як усё дрэнна са спортам у адным з найбуйнейшых гарадоў Беларусі. Але ў мінулае міжсезонне адбылося істотнае абнаўленне складу, і клуб ператварыўся з галоўнага аўтсайдэра ў аднаго з прэтэндэнтаў на павышэнне. Пасля 14 тураў "Баранавічы" ідуць у першай лізе на трэцім месцы з 26 пунктах - усяго ў шасці пунктах ад лідара "Арсенала". Падапечныя Андрэя Кіпры, які ў чарговы раз узначаліў каманду ў жніўні мінулага года (да таго кіраваў ёю з красавіка 2009-га па студзень 2013-га і са жніўня 2018-га па люты 2019-га) вясной выдалі серыю з шасці перамог, абгуляўшы сярод іншых "Віцебск" на выездзе (1:0).

Сённяшнія галоўныя дзейныя асобы калектыву – спрэс маладыя гульцы, якія ў асноўным прыйшлі ў арэнду з клубаў «вышкі». Напрыклад, правамі на найлепшага бамбардзіра "Баранавічаў" (8 галоў) 21-гадовага форварда Дзмітрыя Галюзу валодае "Тарпеда-БелАЗ". Па тры мячы забілі 19-гадовы вінгер Захар Гіцэлеў (у яго яшчэ і 3 асісты), якога пазычылі ў БАТЭ, і 21-гадовы ўкраінскі хаўбек Максім Шаўчэнка (прыйшоў з мінскага «Дынама»).

Дмітрый Галюза (справа)

3+3 у 7 матчах чэмпіянату аформіў 22-гадовы выхаванец «Шахцёра» Яўген Козел (мае з «Баранавічамі» паўнаважкі кантракт) - у апошні час ён не гуляе праз траўму.

Прагрэс у выніках прыцягнуў увагу заўзятараў. На стартавым адрэзку "Баранавічы" - з адрывам самая наведвальная каманда першай лігі. У сярэднім хатні матч "чырвона-сініх" збірае 1817 чалавек. У "Віцебску" гэты паказчык складае 1007 гледачоў, у магілёўскага "Дняпра" - 508. Медыйна актыўны "Макслайн" з усімі хітрыкамі ў сярэднім збірае на хатніх трыбунах 784 заўзятары.

А яшчэ летась на трыбунах баранавіцкага «Лакаматыва» ў сярэднім збіралася менш за 500 гледачоў. Хаця адзін раз у 2022-м нават здарыўся аншлаг на трохтысячнай арэне. Прынамсі, так напісалі ў афіцыйным пратаколе. Тады дзякуючы адмінрэсурсу ў разгар працоўнага дня людзей сагналі на адкрыццё стадыёна пасля рэканструкцыі. Перад імі выступалі лукашысты так званы "міністр спорту" Сяргей Кавальчук, на той момант кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў і асабісты памочнік Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці і некалі кіраўнік так званага КДБ Валерый Вакульчык.

У 2023-м «Лакаматыў» і без ідэалагічных мерапрыемстваў з'яўляецца цэнтрам дзіўных хайлайтаў. Напрыклад, на адным з апошніх матчаў відэакамеры зафіксавалі заўзятара, які таропка пакідаў арэну з мячом у руках. Прэс-служба клуба прыгразіла, што перадасць запісы ў «міліцыю», калі мяч не вернуць. Пазней гэты запіс быў выдалены.

У каментары да паста прыйшоў дырэктар «Макслайна» Андрэй Іваненка: ён прапанаваў падарыць новы мяч, калі «Баранавічы» не будуць звяртацца да лукашэнкаўскіх сілавікоў.

На матчы супраць "Арсенала" (2:2) быў заўважаны каларытны, але чамусьці сумны маскот з баянам.

Дзівацтвы здараюцца і на поле. На 60-й хвіліне матча трэцяга тура паміж мясцовай камандай і «Шахцёрам» з Петрыкава (госці да таго моманту саступалі 0:1) арбітр Дзмітрый Дзмітрыеў прызначыў у вароты «гарнякоў» штрафны. Госці вырашылі стварыць штучны афсайд, выбегшы наперад усёй камандай, але план праваліўся. Бакавы сцяжок не падняў, мяч дайшоў да Данііла Пракапчука, які пры колькаснай перавазе сямёра на аднаго варатара не здолеў забіць.

А ў матчы супраць «Дняпра» (0:4) пытанні па гульні на стандартах былі ўжо да «Баранавічаў». Мяч пасля ўдару са штрафнога ў выкананні Мікіты Краснова праляцеў скрозь сценку.

Невытлумачальныя галы залятаюць у вароты «Баранавічаў» і на гасцявых пляцоўках. Напрыклад, з «Нівай» у Доўбізна (3:4) было адразу два такія галы. Спачатку галкіпер Аляксей Станкевіч не даў рады прамому ўдару з кутняга ў выкананні выхаванца баранавіцкага футбола Дзмітрыя Федарцова (адзнака 3:38).

А праз 25 хвілін Станкевіч груба памыліўся пасля таго, як удар усё таго ж Федарцова патрапіў у гульца гасцей і адляцеў у бок галкіпера (адзнака 4:33).

Іншыя пасты блога

Усе пасты