Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Гурэнкі ўз'ядналіся ў Расіі – калісьці бацька ўжо спрабаваў уладкаваць туды сына, а яшчэ сумаваў, што не можа ўзяць яго ў «Дынама» (але потым атрымалася)

Гурэнкі ўз'ядналіся ў Расіі – калісьці бацька ўжо спрабаваў уладкаваць туды сына, а яшчэ сумаваў, што не можа ўзяць яго ў «Дынама» (але потым атрымалася)

Ізноў побач.

Аўтар — bytribuna com
14 ліпеня, 19:00
Гурэнкі ўз'ядналіся ў Расіі – калісьці бацька ўжо спрабаваў уладкаваць туды сына, а яшчэ сумаваў, што не можа ўзяць яго ў «Дынама» (але потым атрымалася)

11 ліпеня на аднаго беларускага гульца ў расiйскім Д3 стала больш. Футбалістам «Уфы» услед за фігурантам «чорнага спісу» Раманам Пасевічам з «Нёмана» стаў 29-гадовы паўабаронца Арцём Гурэнка, на рахунку якога 2+1 па «гол+пас» у 13 матчах бягучага сезона «вышкі» за «Белшыну». Кантракт Арцёма з новым клубам разлічаны да чэрвеня 2024-га.

На такі ж тэрмін падпісана пагадненне ў бацькі паўабаронцы Сяргея Гурэнкі, які месяц таму ўзначаліў «Уфу». У штаб ён таксама ўзяў знаёмага – першым памочнiкам стаў былы аднаклубнік па маскоўскім «Лакаматыве» Яўген Харлачоў. Таксама пасаду трэнера-аналітыка заняў беларускі коўч Яўген Чарнухін, вядомы па працы з «Віцебскам».

Ну а сям'я Гурэнкаў не першы раз перасякаецца ў адной камандзе. Расказваем пра гісторыю футбольных узаемаадносін паміж бацькам і сынам.

Арцём атрымліваў футбольную адукацыю ў школе «Мiнска». Але паўабаронцу не ўдалося прабіцца ў першую каманду «гараджан», i ў пачатку 2015-га ён з'ехаў у «Тракай» з чэмпіянату Літвы. Там Гурэнка стаў гульцом стартавага складу і за два сезоны двойчы ўзяў сярэбраныя медалі. Па ацэнцы бацькі, хаўбек тады ўваходзіў у дзясятку найлепшых гульцоў літоўскай лігі.

У канцы 2016-га кантракт з «Тракаем» скончыўся – і паўабаронца па татавай пратэкцыi адправіўся на прагляд у маскоўскі «Лакаматыў», за які Сяргей Гурэнка ў свой час згуляў дзесяць сезонаў, правёўшы агулам 334 матчы і забіўшы сем мячоў. Па словах бацькі, 22-гадовы Арцём добра праявіў сябе на трэніроўках – але дамову яму не прапанавалі.

Пасля гэтага футбаліст вярнуўся ў Літву, дзе аб'явіўся ў шэрагах чацвёртай каманды лігі «Судувы». Але Гурэнка-малодшы не стаў там важным выканаўцам і пакінуў літоўскі клуб ужо ў траўні 2017-га. Тады ж пайшлі чуткі пра магчымы пераход паўабаронцы ў мінскае «Дынама», якое якраз узначаліў Гурэнка-старэйшы. Але бацька Арцёма катэгарычна адказаў, што для пераходу гульца ў гэты клуб сам трэнер павінен адтуль сысці. Хоць коўч прызнаваўся, што хацеў бы бачыць футбаліста ў камандзе.

– Адзіная загваздка – гэта мой сын. Было б у яго іншае прозвішча – гэты гулец быў бы ў нас, – казаў Гурэнка-старэйшы.

Як аказалася, тады яму практычна ўдалося ўгаварыць дынамаўскае кіраўніцтва падпісаць Арцёма, але канчатковай згоды не было атрымана. У выніку другую палову сезона-2017 хаўбек гуляў за «Слуцк», забіўшы адзін мяч у дзесяці матчах «вышкі». Пасля фінішу чэмпіянату Гурэнка-старэйшы зноў заявіў, што хацеў бы бачыць гульца такога плана, як сын, у сваёй камандзе, каб «дадаць варыяцый у атацы».

У пачатку 2018-га Арцём зноў аб'явіўся ў сталічным клубе. У складзе вялікай групы беларускіх футбалістаў Гурэнка-малодшы даказваў сваю неабходнасць – і ў выніку «Дынама» абвясціла пра падпісанне аднагадовага кантракту з футбалістам. Аднак пад кіраўніцтвам бацькі паўабаронцу ўдалося стаць гульцом старту толькі бліжэй да лета 2018-га. За той чэмпіянат Арцём правёў 20 матчаў (16 – з першых хвілін) і зрабіў тры асісты. Таксама хаўбек дапамог «Дынама» дайсці да трэцяга раунда кваліфікацыі Лігі Еўропы. Адзіным еўракубкавым матчам, калі Гурэнка-малодшы не выходзіў на поле, стаў той самы выязны паядынак супраць «Зеніта», у якім «Дынама» атрымала 1:8 пасля 4:0 і вылецела.

Пасля сезона-2018 абодва Гурэнкі расталіся з «Дынама». Бацька адправіўся ў паўгадавы творчы водпуск, каб затым зноў узначаліць «бела-блакітных». Сын жа з'ехаў у знаёмую літоўскую лігу да «Рытэрая». Далей у кар'еры Арцёма было вяртанне ў чэмпіянат Беларусі, дзе ён выступаў за «Віцебск», «Іслач» і «Белшыну». Па дарозе было і паўгода ў казахстанскім «Туране».

Не сакрэт, што «Белшына», за якую да нядаўняга часу выступаў Гурэнка-малодшы, адчувае фінансавыя цяжкасці. Па словах экс-галоўнага трэнера бабруйчан Альберта Рыбака, футбалісты там «за капейкі гуляюць». Затое «Трыбуне» вядома, што новы аднаклубнік Гурэнка Пасевіч будзе атрымліваць ва «Уфе» каля чатырох тысяч долараў штомесяц, павялічыўшы прыбытак перыяду «Нёмана» практычна ў чатыры разы.

Адзначым таксама, што ў мiнскім «Дынама» Арцём быў не адзіным дзіцём Гурэнкі-старэйшага. Да канца 2018-га беспаспяхова прабіцца ў аснову «бела-блакітных» спрабаваў малодшы сын коўча Мікіта Гурэнка. Потым паўабаронца засвяціўся ў беларускім міноры, выступаючы за «Граніт», «Чысць», «Энергетык-БДАТУ» і «Баранавічы», а пасля сезона-2020 завяршыў прафесійную кар'еру.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты