Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Трэнеры-зоркі з «Віцебску» – вось што з імі стала: правал у моладзеўцы, пратэжэ Гурэнкі і ініцыятар алкатэстара

Трэнеры-зоркі з «Віцебску» – вось што з імі стала: правал у моладзеўцы, пратэжэ Гурэнкі і ініцыятар алкатэстара

5 гадоў таму выдалі сенсацыю, а сёння…

Аўтар — bytribuna com
9 студзеня, 09:31
Трэнеры-зоркі з «Віцебску» – вось што з імі стала: правал у моладзеўцы, пратэжэ Гурэнкі і ініцыятар алкатэстара

У сезоне-2023 «Віцебск» не без цяжкасці выбраўся з першай лігі ў вышэйшую, і сёння неяк з цяжкасцю верыцца, што каманда пяць гадоў таму ледзь не заскочыла ў медалі чэмпіянату Беларусі – да іх з чацвёртага месца не хапіла пары пунктаў. Пасля таго сезона з павагай загаварылі пра трэнераў, якія дасягнулі адноснага поспеху пры даволі сціплым складзе (не варта забываць, што тады ЧБ жыў без лімітаў і ўвогуле выглядаў куды больш канкурэнтным, чым сёння). Галоўны – Сяргей Ясінскі, ягоны малады памочнік Яўген Чарнухін і спецыяліст па фізічнай падрыхтоўцы, які раней трымаўся ў цені, але быў спадарожнікам Леаніда Кучука ў ягоных замежных клубах – Віталь Мілюцін.

Расказваем, чым сёння займаюцца гэтыя трэнеры.

Ясінскі толькі вярнуўся ў «Віцебск», а ягоны памочнік ва Уфе па пратэкцыі Гурэнкі-сына

Ясінскі з беларускай медыяпрасторы асабліва нікуды і не знікаў, праўда, навіны пра трэнера ў апошні час былі больш сумнымі. Са снежня-2020 ён трэнаваў моладзевую зборную – і для ўсіх гэта быў балючы вопыт.

28 лістапада мінулага года Ясінскі, зноў заваліўшы еўраадбор, нарэшце папрасіў пра адстаўку – і ў федэрацыі яго пачулі. Трэнеру перашкодзілі даць вынік «абмежаваная колькасць гульцоў абарончага плана, і адсутнасць гульнявой практыкі ў многіх футбалістаў зборнай, і дрэнная рэалізацыя створаных гульнявых момантаў».

Ужо напрыканцы 2023-га стала вядома, што Ясінскі вернецца ў структуру «Віцебску». На днях трэнер, якому 7 студзеня споўнілася 59, падпісаў кантракт з клубам і прыступіў да працы ў клубнай акадэміі, дзе стаў куратарам ліцэнзійных узростаў.

Сярод памочнікаў Ясінскага ў «Віцебску»-2018 быў Яўген Чарнухін. Спецыяліст, які футболу віцебскага рэгіёна аддаў шмат гадоў. Сам гуляў за «Оршу», а таксама каманды з Верхнядзвінска і Гарадка. Як трэнер працаваў з моладзевымі складамі непасрэдна ў «Віцебску» і ў знакамітай акадэміі МПЦ-Паставы.

У 2018-м апынуўся ў штабе «паўночнікаў» не з самага пачатку сезона. Першыя паўгода Чарнухін адпрацаваў у «Тосна», дзе дапамагаў Дзмітрыю Парфёнаву, а вось у ліпені вярнуўся ў родны горад і стаў адным з асістэнтаў Ясінскага.

– Добры спецыяліст, класна разбіраецца ў тактыцы, камунікабельны і дастаткова адукаваны, імкнецца быць на блізкай дыстанцыі з футбалістамі. Вельмі любіць футбол, – ахарактарызаваў Чарнухіна спецыяліст, які з ім перасякаўся.

Адпрацаваўшы пасля чацвёртага месца яшчэ год у «Віцебску», Чарнухін атрымаў запрашэнне стаць памочнікам Кірыла Альшэўскага ў БАТЭ, але на пачатку 2021-га вярнуўся на поўнач Беларусі і ўжо ўзначаліў «Віцебск» – адтуль у моладзевую зборную якраз пайшоў Ясінскі.

- Вось як памочнік Чарнухін – малайчына, класны спецыяліст. Тэарэтык, які пастаянна аналізаваў дробязі, у яго шмат канспектаў, кніг. Але ён класны як памочнік. Калі ж разглядаць Чарнухіна як галоўнага трэнера, то не ягонае гэта. Па-першае, сам на сурʼёзным узроўні не гуляў. Па-другое, не хапае харызмы, каб быць сапраўды галоўным у калектыве, быць аўтарытэтам. Ну і маладосць адбілася (на момант прызначэння галоўным Чарнухіну было 36 гадоў), – дзеліцца ўражаннямі ад сумеснай працы адзін з гульцоў «Віцебску».

Пры маладым трэнеры вынікі не цешылі: у 2021-м калектыў стаў сёмым, а ў наступным годзе Чарнухін фактычна адправіў «паўночнікаў» у першую лігу. Нават Ясінскі, які вярнуўся ў другім крузе ў экстраным парадку ў клуб, не змог уратаваць каманду ад паніжэння. Пры гэтым Чарнухін да канца заставаўся памочнікам.

2023-і для трэнера атрымаўся насычаным на пераезды з Беларусі ў Расію і назад. У пачатку года спецыяліст раптам апынуўся ў камандзе Расійскай прэмʼер-лігі «Пары НН» з Ніжняга Ноўгарада, дзе ўвайшоў у штаб Арцёма Горлава. Але затрымаўся менш як на месяц (з 11 студзеня да 1 лютага).

- Там нейкая дзіўная гісторыя здарылася. Ці то галоўны трэнер палічыў, што Чарнухін занадта актыўны ў трэнавальным працэсе, шмат на сябе бярэ, ці то так палічылі кіраўнікі клуба, – тлумачыць прычыны расстання суразмоўца, які ведае Чарнухіна.

Пасля ў карʼеры трэнера былі амаль паўгода з моладдзю ў структуры «Віцебска» – і зноў адʼезд у Расію. 22 чэрвеня стала вядома, што Чарнухін стаў памочнікам Сяргея Гурэнкі, які ўзначаліў «Уфу» з Д3 Расіі.

Як даведалася «Трыбуна», Сяргею Гурэнку параіў віцябляніна ў памочнікі ягоны сын Арцём. Гурэнка-малодшы і Чарнухін знаёмыя – разам працавалі ў «Віцебску» ў сезоне-2020 (тады ж трэнер падпісаў ліст спартсменаў у падтрымку дыктатуры – адзіны з галоўных герояў гэтай гісторыі). А праз пару тыдняў у склад «Уфы» ўліўся і сам Арцём Гурэнка.

Ужо ў канцы жніўня Гурэнка-старэйшы быў адпраўлены ў адстаўку пасля васьмі матчаў (дзве перамогі, тры паразы і тры нічыі), а вось Гурэнка-малодшы і Чарнухін, які ў жніўні-2023 атрымаў катэгорыю Pro, засталіся на сваіх месцах. Апошні сёння займае пасаду старэйшага трэнера ў штабе Яўгена Харлачова. «Уфа» ідзе другой у адной з груп Д3 Расіі. А яшчэ падумвае пра тое, каб правесці збор у Турцыі за кошт гульцоў.

Трэнер па фізпадрыхтоўцы апынуўся на Далёкім Усходзе

Яшчэ адным важным звяном у штабе «Віцебска»-2018 быў Віталь Мілюцін. Ураджэнец савецкага Сахаліна, які ў свой час займаўся бегам і браў медалі на ўзроўні чэмпіянату СССР, адказваў за фізічную падрыхтоўку футбалістаў і меў вельмі добрую прэсу. Пра яго добра адгукаліся і калегі па трэнерскім штабе, і віцебскія футбалісты. Апошніх ён уражваў сваім тэхнічным «арсеналам», у якім былі «цэнтрыфугі, катапульты і розныя датчыкі».

Сыход Мілюціна напярэдадні сезона-2020 з «Віцебску» ў мінскае «Дынама», дзе аднавіў трэнерскую практыку яго таварыш Кучук, бачыўся сурʼёзнай стратай. Некаторыя ўвогуле лічылі спецыяліста асноўным фактарам таго прарыву віцяблян.

Але пасля гэтага карʼера спецыяліста складваецца вельмі ірвана.

Сёння нашыя суразмоўцы, якія перасякаліся з Мілюціным у камандах, добра адгукаюцца пра яго спецыяліста, а вось як пра чалавека – меркаванні неадназначныя.

- Не сказаў бы, што ў 2018 годзе Мілюцін падняў фізічную форму «Віцебска» на новую вышыню, хоць пры гэтым як трэнер па фізпадрыхтоўцы ён сапраўды класны, ведае сваю працу. Нечага звышнатуральнага і незвычайнага не даваў, усе практыкаванні мы бачылі і да таго. Тым не менш, паўтаруся, у плане прафесійнай падрыхтоўкі ён малайчына, – распавёў «Трыбуне» адзін з футбалістаў, які працаваў з Мілюціным. – Але вось што тычыцца чалавечага стаўлення… Ведаеце, першы час пасля таго, як ён прыйшоў у «Віцебск», усё было добра, але затым па нейкіх прычынах у яго змянілася стаўленне да гульцоў. Ніхто так і не зразумеў чаму. Мілюцін стаў правакаваць канфлікты, прыдзіраўся. Мог прадʼявіць [прэтэнзіі] проста так, без прычын, а футбалісты гэтага не цярпелі, адказвалі – так і завязваліся канфлікты. Мілюцін мог на пустым месцы прычапіцца, нават калі гулец усё робіць максімальна пісьменна і прафесійна. Такі «злы паліцэйскі». Ну а галоўныя трэнеры – што Ясінскі, што Чарнухін пасля – нічога не рабілі. Не сказаць, што абаранялі Мілюціна, але і не «адбівалі» футбалістаў.

Такую характарыстыку Мілюціну даюць не толькі людзі, звязаныя з віцебскім футболам.

Напрыклад, у 2020 годзе ён дапамагаў Леаніду Кучуку ў мінскім «Дынама». Гэта быў не першы досвед іхнай супрацы – яны разам працавалі ў малдаўскім «Шэрыфе», маскоўскім «Лакаматыве», украінскім «Руху» (а пазнаёміў іх у свой час Ясінскі, які адрэкамендаваў Кучуку ў «Шэрыф» трэнера па фізпадрыхтоўцы).

– Здавалася, былі сябрамі нават. Але ў «Дынама» раптам здарыўся канфлікт, з-за чаго Кучук, які якраз і запрашаў Мілюціна да сябе ў штаб, сам яго і прыбраў. Наколькі чуў, Мілюцін правакаваў канфлікты, а ў нейкі момант нават стаў лезці ў футбольныя справы, менавіта гульнявыя, у якіх не разбіраецца. Вось Кучук і не вытрымаў, – распавёў нам адзін з дасведчаных футбалістаў.

Пасля «Дынама» Мілюцін паўгода адпрацаваў у БАТЭ, а ў студзені 2021-га далучыўся да Ясінскага ў моладзевай зборнай, ну а яшчэ ў тым жа годзе ўвайшоў у штаб Чарнухіна ў «Віцебску». І запомніўся ўдзелам у скандальнай гісторыі з алкатэстарам, калі разам з галоўным трэнерам ледзь не атрымаў чосу ад бацькі тагачаснага гульца «паўночнікаў» Андрэя Лебедзева.

- «Віцебск» валіўся, у клубе шукалі крайніх, гульцоў пачалі правяраць на алкатэстары, хоць ніхто падстаў не даваў. Ды і праверкі паказалі, што ўсе «чыстыя». З некаторымі футбалістамі ўсё роўна вырашылі расстацца. Наколькі ведаю, адным з галоўных ініцыятараў тых праверак быў менавіта Мілюцін, – кажа відавочца падзей.

У «Віцебску» Мілюцін працаваў да студзеня 2023-га, а пасля пакаціў у Расію, дзе працуе ўжо год. Спачатку ўвайшоў у расійскай «Кубані» ў трэнерскі штаб Андрэя Сасніцкага – спецыяліста, з якім працаваў у 2010-х у «Шэрыфе» і, уласна, «Кубані». Але 16 траўня мінулага года Сасніцкага прыбралі, а разам з ім сышоў і Мілюцін. І калі першы знайшоў новае месца толькі ў жніўні (стаў адным з трэнераў чачэнскага «Ахмата»), то другі працаўладкаваўся яшчэ 7 чэрвеня. З тых часоў 58-гадовы Мілюцін адказвае за фізічную падрыхтоўку футбалістаў «СКА-Хабараўск». Каманда пад кіраўніцтвам Рамана Шаронава сёння ідзе 13-й у ФНЛ.

Фота: fcufa.pro

Іншыя пасты блога

Усе пасты