Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Як спрэчка вакол выходнага пакінула «Іслач» без вопытнага трэнера брамнікаў напярэдадні фіналу Кубка

Як спрэчка вакол выходнага пакінула «Іслач» без вопытнага трэнера брамнікаў напярэдадні фіналу Кубка

Камароўскі і Ашыхмін пасварыліся па дзіўнай нагодзе.

Аўтар — bytribuna com
22 траўня, 16:44
Як спрэчка вакол выходнага пакінула «Іслач» без вопытнага трэнера брамнікаў напярэдадні фіналу Кубка

20 траўня «Іслач» абʼявіла пра расстанне з 49-гадовым трэнерам брамнікаў асноўнай каманды Андрэем Ашыхміным. З аднаго боку, перастаноўкі ў трэнерскіх штабах – справа звыклая. Але гэтым разам навіна выклікала здзіўленне. Ашыхмін пастаянна працаваў у «Іслачы» ад лета 2017-га з рознымі галоўнымі трэнерамі, мае катэгорыю Pro. Пры гэтым камандзе хутка гуляць фінал Кубка Беларусі і дэбютаваць еўракубках. Аднак супраца раптоўна спыненая. «Ваўкі» ніяк не каментавалі змены ў штабе. «Трыбуне» сталі вядомыя некаторыя акалічнасці сітуацыі.

Хто такі Ашыхмін?

З 1992-га па 2009-ы ураджэнец Гродна гуляў у варотах розных беларускіх клубаў, але ў асноўным не самых амбітных: «Белкард», «Дынама» Брэст, «Нёман» Масты, «Ліда», «Белшына». Скончыў у «Нёмане» з роднага горада і адразу заняўся заняўся трэнаваннем – застаўся ў клубе дапамагаць Сяргею Саладоўнікава. У Гродне папрацаваў у штабах Аляксандра Карашкова, Алега Радушкі і Пятра Качуры. Пасля «Нёмана» ў 2016-м зʼездзіў на паўгода ў тульскі «Арсенал», а затым вярнуўся ў Беларусь, каб далучыцца да «Іслачы», дзе стаў памочнікам Віталя Жукоўскага. Ненадоўга адлучаўся з Сяргеем Бароўскім у мінскае «Дынама», але з ліпеня 2017-га па 20 траўня 2024-га працаваў у «Іслачы». Трэнаваў брамнікаў і пры Жукоўскім, і пры Арцёме Радзькове, і да гэтага тыдня пры Дзмітрыі Камароўскім.

Суразмоўцы «Трыбуны», знаёмыя з падыходамі Ашыхміна, адзначаюць, што гэта спецыяліст пісьменны і разумны. Умее працаваць як з маладымі галкіперамі, так і з дасведчанымі. Гэта адзін з нямногіх у Беларусі трэнераў брамнікаў, хто мае катэгорыю Pro. Да таго ж ён выкладае на трэнерскіх курсах АБФФ.

Паралельна з «Іслаччу» Ашыхмін уваходзіў у штабы ў зборных Беларусі U-19 і U-21, дзе дапамагаў Уладзіміру Карыцьку і Сяргею Ясінскаму адпаведна.

Па нашых звестках, з «Іслачы» Ашыхмін сышоў не праз больш выгодныя прапановы і не таму, што раптам захацеў паспрабаваць нешта новае.

Што ж здарылася?

«Іслач», абʼяўляючы пра расстанне з трэнерам, толькі нагадала пра тэрміны супрацы і падзякавала за сумесную працу. У групе клуба ва «Вконтакте» адзін з карыстальнікаў наўпрост спытаў, чаму Ашыхмін пакінуў клуб. Прэс-служба абмежавалася сухім адказам, што «клуб і трэнер прыйшлі да ўзаемнай дамовы спыніць супрацу».

Праз суткі было абвешчана, што новым трэнерам брамнікаў стаў 38-гадовы Антон Кавалеўскі, які ў свой час гуляў за «Іслач» у Д2, трэнуе з 2019-га (працаваў у акадэміях АБФФ і мінскага «Дынама», а таксама ў фарм-клубе «Леха» ў Польшчы), мае катэгорыю В.

Ну а што Ашыхмін? Па нашых звестках, ініцыятарам расстання з клубам стаў сам спецыяліст.

Гісторыя закруцілася ў канцы красавіка. 27-га «Іслач» удома перамагла «Нёман» 2:0. Наступны матч – з БАТЭ – быў намечаны на 3 траўня, і галоўны трэнер «ваўкоў» вырашыў не даваць камандзе выходны, а ўжо на наступны дзень сабраў калектыў на трэнінг. Але на занятак не зʼявіўся асноўны галкіпер «Іслачы» Аляксандр Свірскі – і гэта не была «самаволка» 25-гадовага брамніка.

Як аказалася, дзень адпачынку яму даў Ашыхмін. Пра сваё рашэнне трэнер брамнікаў не папярэдзіў Камароўскага, і для таго адсутнасць футбаліста стала непрыемным сюрпрызам перад самым пачаткам занятку. Галоўны трэнер быў абураны парушэннем субардынацыі. Гэта прывяло да канфлікту паміж Камароўскім і Ашыхміным – ужо пасля трэнінгу ў іх адбылася сварка.

Да гэтага паміж імі ўсё складалася адносна гладка, стасункі былі працоўнымі, калектыў не назіраў ніякіх канфліктных сітуацый. Тым не менш некаторыя нашыя суразмоўцы адзначаюць, што напружанне паміж калегамі магло прысутнічаць. Камароўскаму не падабалася, што Ашыхмін не заўжды ўдзельнічаў у трэнінгах праз занятасць на курсах АБФФ.

Сітуацыя са Свірскім паклала канец супрацы. Абурэнне Камароўскага наклалася на незадаволенасць тым, як каманда на той момант ішла ў чэмпіянаце (займала 9-е месца і дэманстравала нестабільныя вынікі). Ашыхмін не стаў цярпець прэтэнзій. Да таго ж, як кажуць нашыя суразмоўцы з беларускага футбола, трэнер брамнікаў сам па сабе чалавек няпросты, у прафесійным плане «любіў паказаць сваю важнасць і каштоўнасць у той ці іншай сітуацыі».

У выніку ўжо да матча з БАТЭ, перад якім адбыўся канфлікт, з брамнікамі працаваў 38-гадовы Сяргей Туранок, які ўваходзіць у штаб дубля. Туранок правёў з асновай тры тыдні. За гэты час у чэмпіянаце «ваўкі» не выйгралі ніводнага матча (нічыі з БАТЭ і «Смаргонню» па 1:1 і паражэнне ад мінскага «Дынама» 0:1) плюс была нічыя з Жодзіна ў Кубку. Ва ўсіх гэтых сустрэчах браму бараніў Свірскі.

За некалькі дзён да сустрэчы з «Мінскам», якая адбылася на гэтым тыдні ў аўторак, працаваць з брамнікамі ў «Іслачы» пачаў 38-гадовы Кавалеўскі. «Гараджане» былі разгромленыя 3:0, а ў браме зноў гуляў Свірскі. За некалькі гадзін да гульні «Іслач» афіцыйна абʼявіла аб прызначэнні Кавалеўскага.

Фота: fcisloch.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты