Tribuna/Футбол/Блогі/Политика и спорт/Гэтыя асобы са спорту дапамагаюць Лукашэнку незаконна вазіць украінскіх дзяцей у Беларусь: гіравік-крымінальнік, «патрыёт» з шахмат, сынок Талай ды іншыя

Гэтыя асобы са спорту дапамагаюць Лукашэнку незаконна вазіць украінскіх дзяцей у Беларусь: гіравік-крымінальнік, «патрыёт» з шахмат, сынок Талай ды іншыя

Жахлівая кампанія.

Аўтар — Tribuna.com
1 жніўня, 15:17
1
Гэтыя асобы са спорту дапамагаюць Лукашэнку незаконна вазіць украінскіх дзяцей у Беларусь: гіравік-крымінальнік, «патрыёт» з шахмат, сынок Талай ды іншыя

У любы момант Аляксандр Лукашэнка можа выйсці на новы ўзровень, стаўшы злачынцам не толькі для беларусаў, але і для ўсяго свету, прычым у афіцыйным статусе. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы выступіла з рэзалюцыяй аб прымусовым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з тэрыторый, якія захапіла Расія. Сярод тых, хто можа мець дачыненне да гэтага злачынства (яго прыраўноўваюць да генацыду праз імкненне гвалтоўна зрусіфікаваць дзяцей-украінцаў), нароўні з расійскімі чыноўнікамі называецца Аляксандр Лукашэнка. Ні ён, ні ягоныя прыхільнікі не ўтойваюць, што дзеці з так званага Данбаса і з іншых рэгіёнаў Украіны, куды прыйшла вайна, вывозяцца ў Беларусь нібыта на аздараўленне. Інфармацыя пра гэта збіраецца апанентамі Лукашэнкі і перадаецца ў розныя міжнародныя структуры. Да чаго гэта можа прывесці? Дастаткова паглядзець на расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна: увесну гэтага года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на ягоны арышт якраз праз вываз дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый.

А хто дапамагае Лукашэнку вазіць украінскіх дзяцей у Беларусь? Аказваецца, замешаныя многія персанажы з беларускага спорту. Іх кола акрэсліў «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» на сваім YouTube-канале.

Галоўны арганізатар – паралімпіец – «сын» Лукашэнкі

Найбольшыя намаганні для ўключэння Лукашэнкі ў спіс міжнародных злачынцаў прыкладае ягоны верны адэпт паралімпіец Аляксей Талай, які на працягу некалькіх апошніх гадоў заклапочаны тэмай «дзяцей Данбаса».

У інтэрвʼю для «Люстэрка» Талай заявіў, што прыезды ў Беларусь «расійскіх, ці, як для вас, украінскіх» дзяцей – правільная справа, запэўніўшы, што на гэта «ёсць дазволы ад бацькоў» (паабяцаў паказаць дакументы, але не зрабіў гэтага) і што ўсе дзеці, нягледзячы на нібыта масавыя прапановы пакінуць іх у беларускіх семʼях, «вяртаюцца на Данбас, у Запарожжа». Выказаўся Талай і на тэму магчымага судовага пераследу за свае дзеянні: гатовы гэта прыняць, абы абараніць Лукашэнку, якога Талай лічыць сваім бацькам.

- Цяпер атрымліваецца, што мой фонд быццам падставіў Аляксандра Рыгоравіча, і ён як бы трапляе пад удар. І мне як, можна сказаць, ягонаму сыну не вельмі прыемна. Таму я бяру ўсю адказнасць на сябе. Без яго б мы не справіліся, але асноўны вінаваты – я. Гаага дык Гаага, калі ласка, – заявіў прыхільнік дыктатуры і расійскага фашызму.

Фінансавую дапамогу аказвае бігбос «Шахцёра»

Фонд Талая ад пачатку вайны возіць дзяцей з акупаваных тэрыторый на «аздараўленне» пры фінансавай падтрымцы генеральнага спонсара хакейнага і футбольнага «Шахцёра» «Беларуськалія». Некалькі разоў дзеці наведвалі лагер «Дубрава» пад Салігорскам, які належыць дзяржпрадпрыемству. Акрамя таго, кіраўнік карпарацыі Іван Галаваты рэгулярна асабіста наведвае мерапрыемствы, што праводзіць фонд Талая.

Дапамагаў спартовы клуб Лукашэнкі на чале з ягоным сярэднім сынам

Аказваў дапамогу з пераездам дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь спартовы клуб Лукашэнкі, якім кіруе ягоны сярэдні сын Дзмітрый. Пра гэта распавёў сам Талай пад адным са сваіх пастоў у Instagram.

Таксама удзельнічае кіраўніцтва «Мінск-Арэны»

Для аздараўлення дзяцей выкарыстоўваюцца лагер «Зялёны бор» пад Мінскам. Ён зʼяўляецца структурным падраздзяленнем «Мінск-Арэны». Варта адзначыць, што генеральны дырэктар комплексу Аляксей Пракаповіч таксама ўзначальвае Беларускую федэрацыю настольнага тэніса.

Дзяцей возяць на матчы Лукашэнкі, Баскаў дае ім майстар-класы

Украінскіх дзяцей, якіх спрабуюць зрусіфікаваць, вазілі на хакейны матч каманды Лукашэнкі, дзе выдалі не толькі рэжымную сімволіку, але і сцяг расейскіх акупантаў у Данецкай вобласці. А яшчэ далі магчымасць самім устаць на канькі для «майстар-класу» ад экс-гендырэктара мінскага «Дынама» і экс-кіраўніка федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава, які мае дачыненне да забойства Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020-га.

Акрамя таго Баскаў у студзені 2023-га «паспрыяў прыцягненню шэрагу партнёраў для забеспячэння камфортнага знаходжання дзяцей Данбасу ў Беларусі». У гэты працэс былі ўцягнуты і хакейнае «Дынама», і хакейная федэрацыя. Дзеці з акупаваных тэрыторый наведалі матч мінчукоў у чэмпіянаце КХЛ.

Замяшаны і цяперашні генеральны «зуброў»...

На адным з мерапрыемстваў у «Зялёным бары» засвяціліся цяперашні генеральны дырэктар хакейнага «Дынама» Арцём Каркоцкі. Ён дарыў дзецям дынамаўскія джэрсі.

...а яшчэ функцыянер з федэрацыі шахмат

На адзін канцэрт у лагер «Дубрава» разам з Талаем і Галаватым прыязджаў намеснік старшыні Беларускай федэрацыі шахмат, а таксама кіраўнік рэспубліканскага абʼяднання «Патрыёты» Беларусі«, арганізатар прарэжымных аўтапрабегаў Мікалай Зарубіцкі. У кастрычніку 2020-га ён даваў інтэрвʼю «Трыбуне», дзе выступіў з пралукашэнкаўскай рыторыкай. ОМОН не был жестоким, Левченко посадили по делу, с выборами всё ок. Адепт Лукашенко из федерации шахмат – об отказе Беларуси от топ-турнира

Нагадаем, што ягоная непасрэдная начальніца Анастасія Сарокіна падпісала ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту, праз што была затрыманая, а пасля выхаду на волю змушана пакінула Радзіму.

Акрамя таго, Зарубіцкі зʼяўляецца саўладальнікам фірмы ТАА «Хуткія аўтамабільныя мыйкі». Бізнес робіць з Уладзімірам Кулаковым, які таксама зʼяўляецца псеўдапатрыётам Беларусі. А яшчэ Кулакоў – муж Таццяны Кулаковай, роднай сястры жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі Ганны.

Галоўны памочнік Талая – чэмпіён-гіравік з «крыміналкай» за збіццё жанчыны

На тым жа мерапрыемстве, дзе засвяціўся Каркоцкі, быў заўважаны і шматразовы чэмпіён свету і Еўропы па гіравым спорце, а таксама 21-разовы рэкардсмен «Сусветных рэкордаў Гінесу» ў гіравым марафоне Яўген Назарэвіч. З 2020-га гіравік зʼяўляецца членам спартыўнага клуба Лукашэнкі.

У апошні час ён часта бывае ў адной кампаніі з Талаем, пра што справаздачыцца ў сваіх сацсетках, а таксама пазуе ў ваеннай формай з Z-знакамі.

У Назарэвіча – крымінальнае мінулае (як і ў Кулакова, які згаданы вышэй): у 2002 годзе ён атрымаў два гады папраўчых работ за тое, што збіў жанчыну на базе адпачынку «Купалінка» ў вёсцы Грандзічы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты