Tribuna/Бокс/Блогі/У 43 памерла чэмпіёнка свету па боксе з Беларусі: расла ў дзетдоме, шукала сястру праз ТБ, поспеху дасягнула ў Германіі

У 43 памерла чэмпіёнка свету па боксе з Беларусі: расла ў дзетдоме, шукала сястру праз ТБ, поспеху дасягнула ў Германіі

Прычыны смерці пакуль не называюцца.

Аўтар — Pam-pam
26 сакавіка, 18:00
У 43 памерла чэмпіёнка свету па боксе з Беларусі: расла ў дзетдоме, шукала сястру праз ТБ, поспеху дасягнула ў Германіі

25 сакавіка стала вядома, што ва ўзросце 43 гадоў памерла экс-чэмпіёнка свету па боксе па версіі GBU і WIBF Алеся Граф. Трагічную навіну паведаміла сяброўка Граф, таксама экс-чэмпіёнка свету Рэгіна Хальміх.

«Я ў шоку і няма слоў. Ты была не толькі маім партнёрам па трэнінгах і чэмпіёнкай свету, але і маім сябрам. 43 гады – занадта маладая, каб сысці. Я не разумею. Такая сумная навіна. RIP Alesia

Ps: я магла б распавесці столькі гісторый пра цябе, чым ты вылучылася і наколькі ты была асаблівай, але цяпер не магу, прабач», – напісала Хальміх у сваіх сацсетках.

Былы менеджар баксёрак Петэр Ханратс заявіў, што Граф была адной з найлепшых баксёрак у Германіі:

«Алеся была выдатнай жанчынай, вельмі мэтанакіраванай і працавітай. У яе была моцная воля. Нараўне з Рэгінай Хальміх яна была адным з лепшых нашых байцоў».

Будучая чэмпіёнка Алеся-Тамара Клімовіч нарадзілася 14 кастрычніка 1980 года ў Гомелі. Дзяцінства дзяўчынкі нельга назваць шчаслівым – у 6 маці аддала яе ў дзіцячы прытулак. Прычыну такога ўчынку Граф даведаецца толькі праз шмат гадоў – падчас адной з сустрэч біялагічная маці распавяла, што ў яе не было грошай, каб утрымліваць дзяцей. Алесевай сястры, якую Граф адшукала праз перадачу «Чакай мяне», пашанцавала больш: яна расла з бабуляй і дзядулем.

Пасля школы дзяўчына паступіла ў Гомельскі ўніверсітэт на спецыяльнасць фізічнае выхаванне, але ўжо ў 1999 годзе яна вырашала змяніць сваё жыццё і пераехаць у Германію.

«Скажу вам так: у дзяцінстве мне ўвесь час даводзілася думаць пра тое, як заставацца моцнай. Я вельмі рана зразумела, што да поспеху могуць прывесці тры такія моманты: дысцыпліна, мэтанакіраванасць і настойлівасць. Мае спартыўныя амбіцыі прывялі мяне да радыкальных дзеянняў. Пасля года навучання ў Гомелі я зразумела, што дзеля дасягнення нейкіх мэт я павінна пакінуць Беларусь», – тлумачыла Граф нямецкім журналістам.

Першапачаткова спартсменка пераязджала не для таго, каб прафесійна займацца боксам, а дзеля адукацыі, але даволі хутка зразумела, што яе ведання нямецкай мовы недастатковыя для вучобы. Але шляху назад ужо не было:

«Я адразу вырашыла, што назад не вярнуся. Пайшла на курсы, уладкавалася афіцыянткай у бары, каб гэтыя самыя курсы аплачваць і неяк пражыць... Я сур'езна разлічвала зноў пасбраваць шчасце ва ўніверсітэце...».

Але ў жыцці маладой дзяўчыны нечакана з'явіўся бокс – у адной з газет яна ўбачыла аб'яву, у якой чэмпіёнка свету Рэгіна Хальміх па боксе запрашала ўсіх ахвовых у сваю фітнэс–студыю. І Граф рызыкнула:

«Я ўвогуле чалавек азартны. Мне стала вельмі цікава, тым больш што гэта быў шанец разнастаіць сваё ў той час не асабліва багатае на яркія падзеі і сустрэчы жыццё. Прыйшла, паглядзела: яны там усе такія падцягнутыя, пампуюцца, патнеюць…»

Захапіўшыся спортам, Алеся пераехала ў Франкфурт-на-Майне, дзе можна было знайсці больш сурʼёзную працу. Трэнінгі вымагалі ўсё больш часу, так што чарговая спроба стаць «бундэс-студэнтам» поспехам не ўвянчалася. Але Алеся ўжо ставіла новыя мэты:

«Было складана... Праца, трэнінгі, трэнінгі, праца, вучоба. Калі вакол цябе яшчэ і зусім чужая краіна, гэтая гонка моцна напружвае. Вярнуцца? Былі, вядома, думкі... Але што мяне чакала ўдома? Лепш ужо працаваць і жыць у Нямеччыне без адукацыі, чым атрымаць адукацыю і сядзець на Радзіме без капейчыны ў кішэні... А бокс дазваляе зарабіць. Не адразу, вядома. Спачатку нават і не разглядала такую магчымасць, баксавала як аматар, але з часам спорт стаў працай. Вось і ўсё. І не трэба прыплятаць сюды жаданне самасцвердзіцца і давесці мужчынам, што я не горшая, як любяць фантазаваць некаторыя журналісты».

Алеся пачынае займацца аматарскім боксам у 2001-м і ужо пасля 15 баёў беларуска атрымлівае перамогу ў катэгорыі да 54 кг на першым міжнародным жаночым турніры, арганізаваным Нямецкай федэрацыяй бокса ў Мепене. Прысутнасць на спаборніцтвах вялікай колькасці журналістаў, тэлебачання і гледачоў забяспечылі Граф, якая атрымала званне «лепшага баксёра» турніру, сваю хвіліну славы.

У 2002 годзе дзяўчына выйшла замуж за грамадзяніна Германіі Вінфрыда Графа і змяніла сваё беларускае прозвішча Клімовіч. Пра асобу яе мужа журналісты амаль нічога не пісалі. У адным інтэрвʼю згадвалася, што пара пазнаёмілася ў зале для фітнэса, дзе беларуска трэнавалася і падпрацоўвала, а хлопец займаўся проста так, для здароўя.

У 2006-м Граф распавядала, што яе муж, які займаўся тады продажам камінаў, толькі аднойчы прыйшоў паглядзець, дзе ж бавіць час яго жонка, каб больш ніколі не з'явіцца каля рынга. Маўляў, ён зрабіў гэта, каб не перашкаджаць.

«У нас крыху розныя інтарэсы. Я ў вольны час люблю, напрыклад, у тэніс пагуляць, на ровары пакатацца, у апошні час скалалажаннем захапілася, езджу ў горы – у Італію ці Іспанію. А Вінфрыд спакойны. У лепшым выпадку можа пагадзіцца на конную прагулку. Зрэшты, галоўнае, што ён не трымае мяне «на прывязі». Я магу купляць тое, што мне падабаецца, ездзіць куды хочацца і ўвогуле бавіць час па сваім жаданні. Але вы не падумайце, што я такая ўжо абязвежаная. Мужчынская прафесія зусім не замінае мне быць жаноцкай, мяккай, а часам і слабой. Так, у мяне дастаткова моцны характар, але ў той жа час поўна капрызаў і іншых такіх «штучак», за якія часам нават няёмка бывае! Але проста яны, немцы, увогуле іншыя. Я ніяк не магу прывыкнуць да іх звычаяў і, хоць пражыла ў Нямеччыне ўжо сем гадоў, застаюся «іншаземкай», якой значна складаней прабіваць сабе дарогу ў жыцці. Вы б ведалі, як я радавалася за Юлю Несцярэнку на Алімпіядзе! Ужо я-та ведаю, як ёй складана было пралезці праз гэта засілле чарнаскурых спартовак на стомятроўцы! І за Ляховіча заўзела, хоць ён і прайграў у апошнім баі».

У аматарах Граф затрымалася ненадоўга – ужо ў лютым 2004-га далучылася да адной з самых вядомых еўрапейскіх прамоўтарскіх кампаній Universum Box Promotion пад крыло мэнеджара Клаўса-Петэра Коля. Беларуску не спалохаў той факт, што на той момант у кампаніі палаў канфлікт паміж Колем і братамі Клічко, які расцягнуўся на чатыры гады судовых паседжанняў.

Падпісанне кантракта з прамоўтарскай кампаніяй дазволіла Граф удзельнічаць у баксёрскіх шоў на нямецкім тэлебачанні, а таксама мець фінансавую падтрымку з боку штутгартскай кампаніі Juwelier Ralf Häffner, якая прадае люксавыя брэнды гадзіннікаў. Беларуска стала займацца пад кіраўніцтвам трэнера Торстэна Шміца, які якраз кіраваў карʼерай шматгадовай чэмпіёнкі WIBF Рэгіны Хальміх.

Першы прафесійны бой Граф правяла 14 лютага 2004 года – перамагла аднагалосным рашэннем суддзяў у чатырох раўндах славенку Петру Ячманаву.

У тым жа годзе Граф, якая атрымала прозвішча «Тыгрыца», дамаглася яшчэ шасці вікторый, у тым ліку тэхнічным накаўтам над Агнес Адонгу з Уганды ў дзесяціраўндавым паядынку за тытул інтэркантынентальнай чэмпіёнкі WIBF у найлягчэйшай вазе. Граф перамагла пасля таго, як кут Адонгі адмовіўся ад далейшай барацьбы пасля трэцяга раўнда, хаця сама спартсменка маліла свайго трэнера спыніць бой ужо пасля другога.

Упершыню Граф саступіла ў траўні 2005-га – не дала рады амерыканцы Алісіі Эшлі ў дзесяціраўндавым паядынку за тытул чэмпіёна GBU ў паўсярэдняй вазе. Пасля гэтага Граф атрымала яшчэ тры перамогі ў рынгу, а ў красавіку 2006-га паспяхова правяла першую абарону свайго пояса GBU. Беларуска кантралявала ход бою з венгеркай Беатрыкс Фарага і атрымала перамогу тэхнічным накаўтам у шостым раундзе.

Далікатная ў жыцці, беларуска была няўрымслівай на рынгу – пасля дэбютнай абароны атрымала яшчэ сем перамог, а калі пасля аднаго з баёў непераможаная да таго чэмпіёнка NABF у паўсярэдняй вазе мехсіканка Зуліна Муньас запатрабавала рэваншу, Граф адказала:

«Мексіканка можа правесці рэванш, калі ёй так падабаецца атрымліваць удары. Аднак тады яна апынецца ў накаўце».

У 2008 годзе беларуска атрымала нямецкае грамадзянства.

У 2011-м Граф перабралася ў Аўстралію, дзе займалася ў трэнера і прамоўтэра Лі Мюрэя, які трэнаваў некалькіх чэмпіёнаў Аўстраліі сярод мужчын. Свой апошні бой беларуска правяла ў 9 студзеня 2019 года супраць датчанкі Дзіны Торслунд, якой прайграла.

Пасля гэтага беларуска заявіла, што пакідае рынг, каб прысвяціць сябе сямʼі. Граф праводзіла шмат часу са сваімі сабакамі, падарожнічала і проста атрымлівала асалоду ад жыцця.

За сваю прафесійную карʼеру Граф правяла 37 баёў, атрымаўшы 29 перамог, 13 з іх накаўтам.

Нямецкія СМІ, якія распаўсюдзілі навіну пра сыход Граф, падкрэсліваюць, што прычына смерці былой спартсменкі пакуль невядомая.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты