Tribuna/Футбол/Блогі/50 найлепшых футбалістаў у гісторыі Афрыкі

50 найлепшых футбалістаў у гісторыі Афрыкі

This time for Africa.

12 снежня 2022, 17:12
50 найлепшых футбалістаў у гісторыі Афрыкі

Пасля перамогі Марока над Партугаліяй афрыканскія зборныя ўдвая перасягнулі рэкорд па перамогах на адным ЧС. Гістарычная падзея. З гэтай нагоды – топ гульцоў Афрыкi, якая падарыла вялікую колькасць самабытных зорак і добрых футбалістаў.

У дужках пасля iмя, прозвiшча i краiны футбалiста пазначаны гады яго кареры.

50. Калуша Бвалія, Замбія (1983 – 2004)

Найлепшы футбаліст Афрыкі 1988 года і найлепшы футбаліст у гісторыі Замбіі. У 1993 годзе, калі ў авіякатастрофе загінула амаль уся зборная Замбіі, ён выжыў, паколькі дабіраўся на матч супраць Сенегала асобна ад каманды. Пасля трагедыі далёка не зорная каманда дайшла да фіналу КАН, а яе лідарам быў Бвалія. На наступным турніры Замбія ўзяла бронзу, а Калуша стаў найлепшым бамбардзірам. У Еўропе гуляў за «Серкль-Бругэ» і «ПСВ», доўгі час выступаў у чэмпіянаце Мексікі.

49. Карлос Камені, Камерун (2001 – 2019)

Варатар стаў самым маладым у гісторыі футбольным алімпійскім чэмпіёнам, палепшыўшы дасягненне нігерыйца Селесціна Бабаяры. Правёў больш за 300 матчаў у Ла Лізе, абараняючы вароты «Эспаньёла» і «Малагі». У 2007 годзе быў прызнаны найлепшым галкіперам Афрыкі.

48. Жэрэмі Нжытап, Камерун (1996 – 2010)

Жэрэмі быў адным з лідараў каманды, якая заваявала золата АГ у Сіднэі. На той момант ён ужо быў футбалістам «Рэала». І хоць асноўным гульцом «галактыкас» камерунец не лічыўся, але выйграў дзве ЛЧ. Апорны паўабаронца выдатна праявіў сябе ў АПЛ, дзе згуляў больш за сотню матчаў за «Мідлсбро», «Чэлсі» і «Ньюкасл». З «Чэлсі» двойчы станавіўся чэмпіёнам Англіі, а за зборную правёў 116 паядынкаў.

47. Махамед Абутрыка, Егіпет (2001 – 2013)

Егіпецкі форвард – тыповая мясцовая зорка: зрабіў сабе імя ў Афрыцы, але ў Еўропу так і не трапіў. Абутрыка пяць разоў выйграваў афрыканскую Лігу чэмпіёнаў з «Аль-Ахлі», а ў 2008 годзе заняў другое месца ў апытанні на лепшага афрыканскага гульца года, прапусціўшы наперад Адэбаёра. Гэта быў першы выпадак з 1994 года, калі гулец афрыканскай каманды трапіў у топ-3. За зборную правёў 100 матчаў і забіў 38 мячоў. Салах называў Абутрыку сваім футбольным кумірам.

У 2017 годзе суд Егіпта дадаў яго ў спіс тэрарыстаў за фінансаванне забароненай партыі «Братоў-мусульман».

46. Ахмед Хасан, Егіпет (1995 – 2012)

Футбольнае даўгалецце – своеасаблівая фішка зборнай Егіпта, таму не дзіўна, што менавіта прадстаўнік гэтай краіны з'яўляецца чацвёртым у свеце па колькасці матчаў за зборную. Ахмед пабіў рэкорд свайго земляка Хасама Хасана і мае 184 матчы за «фараонаў». У Еўропе Хасан досыць пагуляў у чэмпіянаце Турцыі, дзе найлепшы перыяд прыйшоўся на «Бешыкташ». У складзе «арлоў» ён выйграў Кубак Турцыі, а пасля паспяховага КАН-2006 яго запрасілі ў «Андэрлехт». З Егіптам гулец чатыры разы выйграваў Кубак афрыканскіх нацый, але так ні разу і не згуляў на ЧС.

45. Жазеф-Антуан Бел, Камерун (1976 – 1994)

Тытулаваны камерунскі галкіпер з'яўляецца ўдзельнікам трох чэмпіянатаў свету і двойчы перамагаў са сваёй зборнай на КАН. Перайшоўшы ва Францыю, Бэл выступаў за «Марсэль», «Бардо», «Тулон» і «Сэнт-Эцьен». З-за канкурэнцыі з Тама Нʼкана згуляў на ЧС толькі двойчы ў 1994 годзе, у матчах супраць Швецыі і Бразіліі, а вось пяць галоў ад Саленкi прапускаў ужо не ён.

44. Эсам Эль-Хадары, Егіпет (1996 – 2018)

Легендарны егіпецкі галкіпер, які амаль усю сваю кар'еру правёў дома. Хоць у яго былі ваяжы на сезон у швейцарскі «Сьон» і чэмпіянаты Судана і Саудаўскай Аравіі, але большасць матчаў ён правёў за егіпецкія «Аль-Ахлі» і «Ісмаіл». На ЧС-2018 ён зʼявіўся на полі ва ўзросце 45 гадоў і 161 дзень і стаў самым узроставым гульцом у гісторыі ЧС. У тым жа матчы супраць Саудаўскай Аравіі адбіў пенальці. За зборную Эль-Хадары правёў 156 паядынкаў. Чатыры разы выйграваў КАН і двойчы прызнаваўся найлепшым галкіперам Афрыкі.

43. Дэнiэл Амакачы, Нігерыя (1990 – 1999)

Хуткі флангавы гулец зрабіў сабе імя ў Еўропе, выступаючы за «Бругэ». За бельгійскую каманду ён забіў першы мяч у гісторыі ЛЧ. На ЧС-1994 Амакачы забіў двойчы і прыцягнуў да сябе ўвагу скаўтаў «Эвертана». За «ірысак» у яго было 10 галоў за два сезоны, пасля чаго нігерыец правёў некалькі нядрэнных за «Бешыкташ». За зборную ўсяго забіў 13 галоў, выйграваў КАН ды АГ-1996.

42. Патрык Мбама, Камерун (1995 – 2004)

Форвард быў прызнаны найлепшым афрыканскім гульцом 2000 года. Менавіта ён быў лідарам каманды, якая выйграла АГ у Сіднэі. Усяго за зборную накалаціў 33 галы і двойчы станавіўся найлепшым бамбардзірам КАН. У Еўропе правёў нядрэнныя два сезоны ў «Кальяры», пасля чаго перайшоў у «Парму», дзе павінен быў стаць заменай Эрнану Крэспа, але зайграць за пармезанцаў не здолеў. Мбама стаў найлепшым бамбардзірам Кубка Італіі 1999/00 у складзе клуба з Сардзініі.

41. Саліф Кейта, Малі (1963 – 1972)

Саліф стаў адным з першых афрыканцаў, якія прабівалі сабе шлях у еўрапейскім футболе. У 1970 годзе стаў пераможцам першага апытання на найлепшага футбаліста Афрыкі, які праводзіў «Франс Футбол». У наступным сезоне ён атрымаў «Срэбную буцу», забіўшы 42 галы ў Лізе 1. Паспяхова выступаў за «Валенсію» і «Спортынг», а завяршаў кар'еру ў ЗША. За зборную забіў 13 галоў у 28 матчах і ўзяў срэбра КАН-1972.

40. Рашыдзі Екіні, Нігерыя (1984 – 1998)

Аўтар першага гола «суперарлоў» на ЧС у 1994 годзе. Фота святкавання стала адным з галоўных спартыўных здымкаў года. 37 забітых мячоў Екiнi да гэтага часу з'яўляюцца найлепшым вынікам у гісторыі зборнай Нігерыі. Клубная карʼера гульца была не занадта яркай, хоць 90 галоў у 108 матчах за «Вікторыю» Сетубал заслугоўваюць павагі. У сезоне 1993/94 стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Партугаліі. У 1993 стаў найлепшым футбалістам Афрыкі.

Бамбардзір памёр у 2012 годзе, паведамлялася, што ён доўгі час пакутаваў ад біпалярных расстройстваў, але сапраўдныя прычыны яго смерці да гэтага часу для многіх зʼяўляюцца загадкай.

39. Селесцін Бабаяра, Нігерыя (1995 – 2004)

Хуткі флангавы абаронца ўразіў увесь свет на АГ-1996, дзе стаў самым маладым гульцом, які выйграваў турнір. Пасля перайшоў з «Андэрлехта» у «Чэлсі», у складзе якога правёў больш за 100 паядынкаў у АПЛ і выйграў Кубак Кубкаў і Суперкубак УЕФА. Разам са зборнай Бабаяра згуляў на двух чэмпіянатах свету.

38. Нурэдзін Найбет, Марока (1990 – 2006)

Адзін з самых надзейных афрыканскіх абаронцаў у гісторыі. Звярнуў на сябе ўвагу выступленнямі на Алімпіядзе і транзітам праз «Нант» і «Спортынг» трапіў у «Дэпартыва», дзе і стаў сапраўднай легендай. Нурэдзін быў важнай часткай бліскучай каманды Хаўера Ірурэты, якая стала чэмпіёнам у 2000 годзе. Кажуць, што яго хацеў бачыць у «МЮ» Алекс Фергюсан, але пасля траўмы гулец яшчэ два гады гуляў у АПЛ за «Тотэнхэм». Са зборнай выйграў «срэбра» КАН-2004, адыграў 115 матчаў, што цяпер з'яўляецца рэкордам нацыянальнай каманды.

37. Марк-Віўен Фаэ, Камерун (1993 – 2003)

Камерунец імкліва ўварваўся ў еўрапейскі футбол, стаў чэмпіёнам Францыі з «Лансам» і перабраўся ў «Вэст Хэм». Потым пагуляў за «Ліён» і вярнуўся ў АПЛ, каб выступаць за «Сіці». Быў удзельнікам двух ЧС, двойчы выйграваў КАН, усё гэта паспеў да 28 гадоў. За зборную згуляў 68 матчаў і забіў 8 галоў.

Падчас паўфінальнага матчу Кубка канфедэрацый у Фаэ спынiлася сэрца, ён памёр у бальнiцы. У гонар гульца названая ўзнагарода найлепшаму афрыканскаму футбалісту ў чэмпіянаце Францыі.

36. Саламон Калу, Кот-д'івуар (2007 – 2017)

Івуарыец стрэліў у «Фейеноорде», а ў 2005 годзе нават стаў футбалістам года ў Нідэрландах. Але заўзятары ў асноўным памятаюць Калу па выступах у складзе «Чэлсі», дзе Саламон згуляў 156 паядынкаў. З лонданцамі Калу выйграваў ЛЧ, АПЛ і чатыры разы Кубак Англіі. У зборнай хоць і быў у цені Дзідзье Драгба, але за 97 матчаў забіў 28 галоў, а ў 2015 годзе стаў пераможцам КАН. Адным з апошніх клубаў у карʼеры Калу стаў бразільскі «Батафога».

35. Бэні Макарці, ПАР (1997 – 2012)

Бэні быў важным гульцом «Порту» Жазэ Маўрынью, а ў сезоне, калі яны выйгралі ЛЧ, менавіта ён стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Партугаліі. У фінале з «Манака» Макарці выйшаў толькі на замену, затое зрабіў дубль у 1/8-й супраць «МЮ» (дзе цяпер працуе памочнікам трэнера). За зборную забіў 32 мячы, з'яўляецца яе найлепшым бамбардзірам у гісторыі. Прыняў удзел у двух ЧС, але перад хатнім турнірам яго адчапіў трэнер Карлас Перэйра, нягледзячы на тое, што за гульца прасіў нават прэзідэнт краіны.

34. Тарыба Уэст, Нігерыя (1994 – 2005)

Не так шмат афрыканцаў могуць пахваліцца тым, што гулялі за «Інтэр» і «Мілан», хоць за «расанеры» нігерыец правёў толькі чатыры паядынкі. Усе, хто сачыў за футболам у канцы 1990-х, памятаюць яго традыцыю заплятаць стужкі ў валасы пад колер каманды, за якую ён выступае. З «Інтэрам» Тарыба выйграў Кубак УЕФА, а са зборнай Нігерыі перамагаў на АГ.

33. Рыгабер Сонг, Камерун (1993 – 2010)

За зборную Сонг гуляў цэлых 17 гадоў, а паміж выступам на першым і апошнім ЧС (1994 і 2010) прайшло 16. З афрыканцаў такім мог пахваліцца хіба што Самуэль Эта'о. А яшчэ Рыгабер першы, каго выдалялі на двух чэмпіянатах свету, пазней яго дасягненне паўтарыў Зінедзін Зідан. Пагуляў за «Ліверпуль» і «Вэст Хэм», а з «Галатасараем» стаў чэмпіёнам Турцыі. Усяго за зборную адыграў 130 матчаў.

32. Мустафа Хаджы, Марока (1993 – 2004)

Атакуючага паўабаронцу прызналі найлепшым футбалістам Афрыкі 1998 года. У Еўропе мараканец гуляў за «Нансі», «Спортынг», «Дэпартыва», «Ковентры», «Вэст Хэм» і «Эспаньол». Хаджы забіў мяч на ЧС-1998, а ўсяго за зборную вызначыўся 13 разоў.

31. Сандэй Алісэ, Нігерыя (1993 – 2002)

Нігерыйскі паўабаронца за сваю кар'еру пагуляў за «Рэджыну», «Кёльн», «Аякс», «Барусію» і нават «Юве», але ярчэй за ўсё сябе праявіў менавіта ў Нідэрландах. Яго магутны ўдар дакладна павінен памятаць Андані Субісарэта, якому ён забіў прыгажун-гол на ЧС-1998. Хоць за зборную ў яго ўсяго два галы ў 54 матчах.

30. Эль-Хаджы Дыуф, Сенегал (2000 – 2008)

Дыуф мог бы стаць значна больш зорным гульцом, калі б не яго характар. Менавіта ён быў лідарам зборнай Сенегала, якая пашумела на ЧС-2002, двойчы запар прызнаваўся найлепшым гульцом Афрыкі. У «Ліверпулі» ад яго чакалі значна большага, аднак гулец стаў суцэльным расчараваннем. Дыуф усё ж затрымаўся ў АПЛ, гуляючы за «Болтан», «Сандэрленд», «Блэкберн», але суперзоркай так і не стаў.

29. Джон Абі Мікел, Нігерыя (2005 – 2019)

Нігерыйскі апорнік гуляў за «Чэлсі» на працягу амаль 11 гадоў – 374 матчы, 2 перамогі ў АПЛ, 4 разы браў Кубак Англіі, 2 разы Кубак Лігі, 1 раз Лігу чэмпіёнаў і 1 раз Лігу Еўропы. Сярод замежнікаў толькі Петр Чэх правёў больш часу ў «Чэлсі». У зборнай Мікел узяў бронзу АГ-2016 і здабыў перамогу на КАН-2013.

28. Андрэ Аю, Гана (2007 – ц. ч.)

Рэкардсмен зборнай Ганы па колькасці матчаў і ўдзельнік трох ЧС. Андрэ двойчы прызнаваўся футбалістам года ў Гане, а ў 2011 годзе BBC прызнала Аю найлепшым афрыканскім футбалістам года. Больш за ўсё вядомы па выступах за «Марсэль» і «Суонсі», а цяпер абараняе колеры «Аль-Саада» з Катара.

27. Жак Санга'о, Камерун (1984 – 2002)

Камерунец зрабіў сабе імя ў «Дэпартыва», колеры якога абараняў сем сезонаў. У 1997 годзе ён нават атрымаў трафея Самора – прыз галкіпера, які прапусціў менш за ўсё галоў у Ла Лізе. Са зборнай тройчы выйграваў КАН. Выступаў на чатырох ЧС, але асноўным быў толькі ў Францыі. Менавіта Сангаʼо Саленка забіў 5 галоў за матч на ЧС-1994.

26. Сейду Кейта, Малі (2000 – 2015)

У 1999 годзе Сейду стаў найлепшым гульцом моладзевага чэмпіянату свету, але ў «Марсэлі» не зразумелі, які брыльянт у іх руках, таму аддалі гульца ў «Ларʼян». Адтуль ён перайшоў у «Ланс», дзе стаў капітанам каманды і звярнуў на сябе ўвагу еўрапейскіх грандаў. Спачатку маліец адыграў сезон за «Севілью», а затым далучыўся да «Барсы» Пепа Гвардыёлы. Тут ён выйграў усе магчымыя клубныя трафеі і адыграў больш за сто матчаў, а ў паядынку з «Сарагосай» у 2009 годзе нават аформіў хет-трык. Са зборнай двойчы станавіўся бронзавым прызёрам КАН.

25. Фрэдэрык Канутэ, Малі (2004 – 2010)

Адзін з многіх гульцоў, які ў свой час спрабаваў у зборнай Францыі і згуляў нават адзін матч за Францыю «Б», але канкурэнцыя была проста касмічная. У рэшце рэшт Канутэ вырашыў выступаць за Малі, у 2007 годзе стаў найлепшым гульцом Афрыкі. Бліснуўшы ў «Вэст Хэме», ён так і не здолеў зайграць у складзе «Тотэнхэма», аднак пераход у «Севілью» стаў шчаслівым білетам. Тут Канутэ выйграў два Кубка УЕФА і Кубка Іспаніі, забіў 131 мяч. За зборную мае 22 галы ў 38 матчах.

24. Лукас Радэбэ, ПАР (1992 – 2003)

Пра лідарскія якасці гэтага гульца кажа хоць бы тое, што партнёры па камандзе называлі яго «шэф». У 1991 годзе яго спрабавалі застрэліць у родным Ёханэсбургу, але футбаліст цудам выжыў. Пасля пераходу ў «Лідс» Радэбе стаў легендай клуба, а ў 1998 годзе атрымаў капітанскую павязку. Разам з камандай браў чацвёртае і трэцяе месца ў АПЛ. Правёў за клуб больш за 200 матчаў, а за заборную згуляў 70 паядынкаў. На ЧС-2002 нават забіў гол у вароты зборнай Іспаніі.

23. Тоні Ебоа, Гана (1985 – 1997)

Тоні перабраўся з Ганы ў «Саарбрукен» у канцы 1980-х, дзе здолеў вельмі крута сябе праявіць і пайшоў на павышэнне ў «Айнтрахт». У Франкфурце форвард двойчы станавіўся найлепшым бамбардзірам Бундэслігі. У англійскім «Лідсе» двойчы прызнаваўся найлепшым гульцом месяца ў АПЛ, а ў 1996 годзе фанаты прызналі яго найлепшым гульцом клуба. Статыстыка была сапраўды нядрэннай: 33 галы ў 62 матчах. Пасля гэтага правёў яшчэ сотню матчаў за «Гамбург» і дагульваў у чэмпіянаце Катара. Зʼяўляецца трэцім бамбардзірам зборнай пасля Асамоа Гьяна і Абэдзi Пеле.

22. Каліду Кулібалі, Сенегал (2005 – ц. ч.)

Абаронца адгуляў 11 матчаў за французскую маладзёжку, але ўсё ж вырашыў выступаць за гістарычную Радзіму. Фактурны абаронца пагуляў за бельгійскі «Генк», але па-сапраўднаму раскрыўся ў «Напалі». У свой час за гульца прапаноўвалі больш за 100 млн еўра, але гэтым летам ён перабраўся ў «Чэлсі» за меншую суму. У 2018-м яго прызналі гульцом года ў Сенегале, Каліду выйграваў са зборнай КАН-2021, згуляў больш за 60 матчаў за «Львоў Тэрангі», у трэцім туры ЧС-2022 забіў вырашальны мяч у матчы супраць Эквадора.

21. Асамоа Г'ян, Гана (2003 – 2019)

Легендарны персанаж, пра якога можна здымаць асобны фільм: найлепшы бамбардзір у гісторыі зборнай, намінаваўся на «Залаты мяч», не забіў пенальці ў тым самым матчы супраць Уругвая, яго абвінавачвалі ў рытуальным забойстве свайго таварыша – ганскага рэпера Кастра. Асамоа не гуляў у топ-клубах, але часцяком уваходзіў у топ-10 самых высокааплатных гульцоў свету. Усё праз тое, што Гʼян любіў гуляць у грашовых чэмпіянатах: ААЭ, Кітай, Турцыя. У Гане заснаваў уласную авіякампанію.

20. Эдуар Мендзі, Сенегал (2018 – ц. ч.)

Пра імклівы узлёт галкіпера ад французскай Лігі 2 да перамогі ў ЛЧ напісана нямала. 2021 год стаў сапраўды зорным для брамніка. Ён быў прызнаны найлепшым галкіперам ЛЧ, найлепшым брамнікам КАН, ФІФА прызнала Мендзі найлепшым галкіперам года. Яго стрыечны брат Ферлан гуляе ў мадрыдскім «Рэале», але абраў выступаць за нацыянальную зборную Францыі.

19. Кало Турэ, Кот-д'Івуар (2000 – 2015)

У «Арсенал» ён перабраўся ўсяго за 150 тысяч фунтаў, але стаў легендай клуба, адыграўшы амаль 250 матчаў. Менавіта з «Арсеналам» ён узяў першае чэмпіёнства і выходзіў у фінал ЛЧ. Пасля Кало атрымаў яшчэ адзін медаль АПЛ, але ўжо ў складзе «Сіці». Таксама гулец пабегаў за «Ліверпуль» і «Селцiк». Выступы за зборную завяршыў у 2015 годзе, калі нарэшце выйграў КАН. Усяго згуляў 121 матч за нацыянальную каманду.

18. Самуэль Куфур, Гана (1996 – 2006)

Самі дзесяць гадоў быў асноўным абаронцам «Баварыі», а кадры яго істэрыкі пасля фіналу з «МЮ» ў свой час сталі сусветным мемам. З мюнхенцамі Куфур усё ж выйграў ЛЧ і кучу іншых клубных трафеяў. А са зборнай Ганы здабыў бронзу алімпійскага турніру ў Барселоне і ездзіў на ЧС у Германіі. BBC прызнала Куфура гульцом года ў Афрыцы ў 2001 годзе.

17. Абедзі Пеле, Гана (1981 – 1998)

Абедзі можна смела лічыць адной з першых афрыканскіх суперзорак у Еўропе. Ён быў лідарам зорнага «Марселя» Бернара Тапі, з ім жа і выйграў першы для Францыі КЕЧ. Таксама пагуляў у Італіі за «Тарына» і «Мюнхен-1860» у Германіі. Са зборнай выйграў КАН-1982, правёў 67 матчаў і забіў 33 галы. Яго сыны Джордан і Андрэ Аю таксама нямала пагулялі (і да гэтага часу гуляюць) за зборную Ганы.

16. Тама Н'Кано, Камерун (1976 – 1994)

Тама быў прыкметнай фігурай у афрыканскім футболе на мяжы 1970-80-х. Еўрапейцы заўважылі яго толькі на ЧС-1982. У тым жа годзе галкіпера ў другі раз прызналі найлепшым футбалістам Афрыкі. Камерунца здолеў перахапіць «Эспаньол», за які гулец правёў цэлых 9 сезонаў. НʼКано стаў зоркай ЧС-1990, дзе каманда Няпомняшчага і Ражэ Мілы дайшла да чвэрцьфіналу. У 2020 годзе «Франс Футбол» уключыў Тама ў топ-10 найлепшых брамнікаў у гісторыі футбола.

15. Эмануэль Адэбаёр, Тога (2000 – 2019)

Адэбаёр раскрыўся ў французскім «Мецы», адкуль перайшоў у «Манака». У зорнай камандзе Дэшама дайшоў да фіналу ЛЧ, хоць не быў безумоўна асноўным у той камандзе, але заслужыў пераход у «Арсенал». За тры гады забіў 46 мячоў, пасля чаго пагуляў у «Сіці», «Рэале» і «Тотэнхэме». У 2006 годзе зацягнуў зборную Тога на ЧС, забіўшы 11 галоў у кваліфікацыі, аднак на самім форуме так і не забіў. У 2010 годзе аўтобус зборнай Тога абстралялі ў Анголе, а Эмануэль назваў гэты эпізод горшым у кар'еры.

14. Майкл Эсьен, Гана (2002 – 2014)

Падчас свайго трансферу з «Ліёна» у «Чэлсі» Майкл быў самым дарагім афрыканскім футбалістам у гісторыі. Паўабаронца меў цудоўны ўдар і выдатныя фізічныя дадзеныя. Яго часта называлі найлепшым апорным паўабаронай канца 2000-х. У «Чэлсі» ён двойчы стаў чэмпіёнам і выйграў ЛЧ. Са зборнай Ганы ён згуляў на ЧС-2006, а вось на турнір у ПАР не паехаў з-за траўмы, што стала сур'ёзнай стратай для «чорных зорак». Усяго за зборную адыграў 59 матчаў.

13. Рабах Маджэр, Алжыр (1978 – 1982)

Алжырца прызналі лепшым арабскім футбалістам ХХ ст. У 1987 годзе Маджэр атрымаў званне футбаліста года ў Афрыцы. У тым жа годзе ён у складзе «Порту» выйграў КЕЧ і Міжкантынентальны кубак. У фінале МК супраць «Пеньяроля» менавіта ён забіў вырашальны гол. Са зборнай здабыў перамогу на хатнім КАН-1990, а ўсяго за «Лісаў пустыні» правёў 87 матчаў і забіў 31 гол.

12. П'ер-Эмерык Абамеянг, Габон (2009 – ц. ч.)

Абамеянг станавіўся найлепшым бамбардзірам Бундэслігі і АПЛ, вельмі нядрэнна заходзіў у «Барселону» і прызнаваўся афрыканскім футбалістам года ў 2015-м. Яго карʼеру ў Еўропе ўжо можна назваць даволі паспяховай, нават нягледзячы на некаторую скандальнасць Пʼера. Са зборнай даводзілася цяжэй, выцягнуць Габон на ЧС ён так і не змог, аднак згуляў на АГ у Лондане і нават забіў адзін мяч у вароты Швейцарыі. Усяго ў яго 72 матчы і 30 галоў за зборную.

11. Рыяд Марэз, Алжыр (2014 – ц. ч.)

Некалi гулец сціплага «Гаўра» перайшоў у «Лестэр» і за некалькі сезонаў ператварыўся ў гульца года ў АПЛ. Рыяд не толькі тэхнічны гулец з выдатным пасам, але і сапраўдны лідар, што ён даказаў на КАН-2019, дзе быў капітанам, забіў вырашальны гол у паўфінале і выйграў турнір на Радзіме канкурэнта – Махамеда Салаха. Чатырохразоваму чэмпіёну Англіі ўжо 31 год, хто ведае, ці паспее ён яшчэ вывесці зборную на ЧС.

10. Брус Гробелар, Зімбабвэ (1980 – 1998)

«Чалавек з джунгляў» і адзін з найлепшых галкіпераў у гісторыі «Ліверпуля» нібы ўжо пражыў некалькі жыццяў. У юнацтве ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Радэзіі (старая назва Зімбабвэ), выйграваў КЕЧ з «Ліверпулем», а падчас аднаго з матчаў ледзь не збіў Стыва Макманамана. За 18 сезонаў Брус заваяваў 14 трафеяў. Яго танцы ў серыі пенальці супраць «Ромы» у фінале КЕЧ-1984 ужо даўно сталі класікай. Тады ён стаў першым афрыканцам з некаланіяльных краін, які выйграў самы прэстыжны турнір Еўропы. За зборную Брус выступаў з вялікімі перапынкамі 18 гадоў і згуляў 38 матчаў. У 2018 годзе ва ўзросце 60 гадоў Гроббелар згуляў матч за зборную Матабелеланда – аднаго з рэгіёнаў Зімбабве.

9. Нванква Кану, Нігерыя (1994 – 2011)

Форвард з тэлескапічнымі нагамі запамінаўся з першага погляду, яго знешні выгляд мог увесці ў зман, калі не бачыць, як ён гуляе. Кану пачаў у зорным «Аяксе» ван Гала і быў там адным з галоўных форвардаў і выйграў ЛЧ. Пазней ён перайшоў у «Інтэр», дзе так і не зайграў з-за праблем з сэрцам, гулец цалкам сур'ёзна разважаў пра завяршэнне карʼеры, але Арсэн Венгер паверыў у яго. У «Арсенале» Нванква зноў стаў шмат забіваць і выйграваць тытулы. Амаль 150 матчаў адыграў за «Портсмут». У 1996 і 1999 прызнаваўся гульцом года ў Афрыцы. Быў лідарам сваёй зборнай на апошняй Алімпіядзе ў Атланце ў 1996, дзе яго дубль у браму Бразіліі вывеў Нігерыю ў фінал.

8. Ражэ Міла, Камерун (1973 – 1994)

Ражэ па мянушцы «Стары вядзьмак» увайшоў у гісторыю на ЧС-1990, калі яго Камерун закахаў у сябе ўвесь свет. У Італіі гулец атрымаў «бронзавую буцу», а на ЧС-1994 стаў самым узроставым аўтарам гола ў гісторыі турніру, калі яму быў 41 год і 1 месяц. Форвард прызнаваўся найлепшым гульцом Афрыкі з розніцай у 14 гадоў (1976 і 1990). Клубныя поспехі ў Еўропе ў яго былі не такімі ўражлівымі, Міла доўгі час выступаў за «Бастыю», з якой узяў два Кубкі Францыі, а таксама за «Манпелье».

Перад ЧС у Італіі Міла ўжо завязаў, гуляў на аматарскім узроўні, аднак Камеруну патрэбныя былі форварды, таму Няпомняшчы выклікаў дасведчанага гульца, які не падвёў. На яго рахунку два дублі супраць Румыніі і Калумбіі, хоць па дамоўленасці з трэнерам ветэран выходзіў толькі на другі тайм.

7. Джэй-Джэй Акоча, Нігерыя (1993 – 2006)

Магчыма, галоўны гулец «залатога» пакалення зборнай Нігерыі 1990-х. Дзясятка, лідар і душа каманды, яго фінтамі захапляўся юны Раналдзінья і спрабаваў іх паўтарыць, калі яны гулялі ў «ПСЖ». Калі мы гаворым пра футбол на Алімпіядзе, то часта ўспрымаем гэты турнір, як нешта несур'ёзнае, але ў 1996-м Акоча з кампаніяй разбілі Бразілію з Раналда, Рывалда, Раберта Карласам і Бебета у найлепшым матчы футбольных АГ за ўсю гісторыю. А ў фінале абгулялі Аргенціну з Клаўдыя Лопесам, Дыега Сімеоне і Арыэлем Артэгай. На ЧС-1998 «суперарлы» выйшлі з групы, але спатыкнуліся на Даніі з братамі Лаўдрупамі і Шмейхелем-старэйшым.

Акоча стаў зоркай АПЛ, хаця гуляў у сціплым «Болтане». Дзякуючы Акочы за матчамі «Уондэрэрз» назіралі ва ўсім свеце. Ён 7 разоў станавіўся найлепшым футбалістам Нігерыі і двойчы найлепшым у Афрыцы.

6. Садзіё Манэ, Сенегал (2012 – ц. ч.)

Найлепшы бамбардзір у гісторыі сваёй зборнай (34 галы) цалкам можа стаць лідарам па колькасці матчаў, яму застаецца толькі 10 паядынкаў, каб абыйсці Анры Камара. У 2021 годзе выйграў са зборнай КАН. Пасля крутых сезонаў за «Саўтгемптан» перайшоў у «Ліверпуль», дзе выйграў амаль усе клубныя трафеі. У 2019 годзе быў першым у гонцы бамбардзіраў АПЛ, у тым жа годзе стаў найлепшым футбалістам Афрыкі. Манэ стаў трэцім афрыканцам у АПЛ пасля Салаха і Драгба, які забіў 100 мячоў.

5. Яя Турэ, Кот-д'Івуар (2004 – 2015)

Чатыры разы запар прызнаваўся найлепшым гульцом Афрыкі з 2011 па 2014 год. Яя вельмі арганічна глядзеўся ў «Барселоне» Гвардыёлы, але яго амбіцыі былі больш, чым гулец ратацыі. Перайшоўшы ў «Сіці», ён стаў шматгадовым лідарам клуба, быў адным з капітанаў каманды. Турэ быў паўабаронцам амаль без слабых месцаў і выдатна гуляў на атаку і абарону – сапраўдны ўніверсальны салдат. За зборную адыграў на двух ЧС і здабыў перамогу на КАН-2015.

4. Махамед Салах, Егіпет (2011 – ц. ч.)

«Фараон» ужо некалькі сезонаў запар не перастае здзіўляць фанатаў «Ліверпуля». Нават у 30 гадоў яго хуткасць усё яшчэ ўражвае, тэхніка захоплівае, а выніковасць прымушае паважаць. Нават дзіўна ўспамінаць, што хлопец у юнацтве пачынаў левым абаронцам. Цяпер гэта тройчы лепшы бамбардзір АПЛ і гулец, які хутчэй за ўсіх забіў там 50 мячоў. Салах двойчы быў блізкі да перамогі ў КАН, але двойчы прайграваў у фіналах.

3. Дзідзье Драгба, Кот-дʼІвуар (2002 – 2014)

Івуарыйскі страйкер двойчы быў найлепшым бамбардзірам АПЛ і адзін раз найлепшым асістэнтам. Вядома, ён і першы бамбардзір у гісторыі зборнай. Хоць Драгба і даволі позна зайграў на высокім узроўні (у зборную трапіў толькі ў 24 гады), але ўсё роўна стаў адным з самых галоўных гульцоў у гісторыі Афрыкі. «Правадыр» тройчы выводзіў зборную на ЧС, а ў ПАР гуляў са спецыяльнай павязкай, бо перам турнірам атрымаў траўму, але не хацеў прапускаць шанц усяго жыцця. На ЧС-2014 Кот-дʼІвуар быў блізкі да выхаду з групы, але пасля замены Дзідзье яго каманда прапусціла з пенальці ад Грэцыі.

Уплыў Драгба ў сваёй краіне велізарны – яшчэ ў 2005 годзе яго прамова дапамагла спыніць грамадзянскую вайну.

2. Самуэль Эта'О, Камерун (1997 – 2014)

«Чорная пантэра» – адзін з найлепшых форвардаў у гісторыі футбола. Найлепшы бамбардзір у гісторыі КАН, са зборнай выйграваў АГ і двойчы Кубак Афрыкі. Найлепшы бамбардзір у гісторыі зборнай. Трохразовы пераможца ЛЧ. Яго пластыка і ўменне завяршаць эпізод зрабілі з яго адну з найлепшых «дзявятак» у гісторыі футбола.

1. Джордж Веа, Ліберыя (1988 – 2007)

Веа – галоўны футбаліст у гісторыі Афрыкі. І не толькі праз тое, што стаў першым нееўрапейцам, хто выйграў «Залаты мяч», але і таму, што менавіта пасля яго афрыканскім гульцам сталі больш давяраць у Еўропе. Вядомая гісторыя, як махляр Алі Дзіа трапіў у «Саўтгемптан», прадставіўшыся стрыечным братам Веа. Тут можна не толькі пасмяяцца, але і зразумець, што «новага Веа» хацелі ўсе. На бацькаўшчыне ён быў паўбогам, а калі атрымліваў «Залаты мяч», у краіне таксама спынілася грамадзянская вайна (пасля шасці гадоў бесперапынных баёў). Назаўтра зноў пачалі страляць, але падзея да гэтага часу лічыцца самай выбітнай у гісторыі краіны.

Фота: Goal.com, Panoramic/Markus Ulmer/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты