Tribuna/Футбол/Блогі/У Італіі злавілі боса мафіі, якога шукалі 30 гадоў. Удзельнічаў у хуліганскай сходцы падчас матчу «Палерма» і планаваў учыніць тэракт на матчы «Ромы»

У Італіі злавілі боса мафіі, якога шукалі 30 гадоў. Удзельнічаў у хуліганскай сходцы падчас матчу «Палерма» і планаваў учыніць тэракт на матчы «Ромы»

Забойца ўжо за кратамі.

24 студзеня 2023, 04:12
У Італіі злавілі боса мафіі, якога шукалі 30 гадоў. Удзельнічаў у хуліганскай сходцы падчас матчу «Палерма» і планаваў учыніць тэракт на матчы «Ромы»

16 студзеня 2023 года, паблізу клінікі Ла Мадалена ў Палерма адбыўся дыялог, які цалкам мог бы ўпрыгожыць любы фільм Марціна Скарсэзэ. «Добры дзень, вы можаце прадставіцца?» – сказаў прадстаўнік паліцыі да, хоць і не маладога, але дагледжанага мужчыны з дарагімі гадзіннікамі на руцэ. «Вы ведаеце, хто я. Я Матэа Месіна Дэнара». Чалавек мог назваць сябе Андрэа Банафедэ, менавіта пад такім імем ён быў пацыентам анкалагічнай клінікі, аднак вырашыў, што сітуацыя зайшла занадта далёка.

Адзін з галоўных мафіёзі Італіі, які 30 гадоў правёў ва ўцёках

Так скончылася гісторыя 30-гадовых пошукаў аднаго з самых небяспечных злачынцаў Італіі, галоўнага боса сіцылійскай мафіі. Матэа Дэнара калісьці пышыўся, што забітых ім людзей хапіла б на асобныя могілкі. Большасць эпізодаў прыпала на 1980-я і пачатак 1990-х. У 1992 годзе ён забіў двух пракурораў, якія займаліся справамі Коза Ностры, Джавані Фальконэ і Паола Браселіна. Таксама задушыў цяжарную дзяўчыну важака аднаго з варожых кланаў Антанэлу Банана. Арганізаваў выкраданне 11-гадовага Джузепе Ды Матэа – сына былога мафіёзі Санціна Ды Матэа, які стаў дзяржаўным сведкам і выступаў на судзе з выкрыццём злачынстваў Дэнара і іншых членаў банды. Пасля двух гадоў палону хлопца забілі, а цела растварылі ў кіслаце. У 1993 годзе Дэнара арганізаваў серыю выбухаў у Мілане, Фларэнцыі і Рыме, якія забралі жыцці 10 чалавек. Усё, што вы маглі чуць пра мафію ці бачыць у фільмах, гэты чалавек рабіў у рэальным жыцці.

Дэнара – сын мафіёзі па мянушцы «Дон Чыча», але з-за таго, што яго сям'я была родам з правінцыйнага Кастэльветана, Матэа доўгі час не ўспрымалі як магчымага «боса ўсіх босаў». Бацька навучыў яго страляць яшчэ ў 14, а першае забойства юнак здзейсніў яшчэ да паўналецця, паступова становячыся адным з самых уплывовых «капа» на Сіцыліі. У 1993 годзе паліцыя Палерма арыштавала яго шэфа Сальваторэ Рыіну – сапраўднага дона італьянскай мафіі з мястэчка Карлеонэ (таго самага). У тым жа годзе Матэа Дэнара сышоў у забыццё, застаючыся шэрым кардыналам крымінальнага свету. У паліцыі доўгі час нават не было актуальнага партрэта злачынцы.

У 2006 годзе арыштавалі Бернарда Правенцана – новага боса Коза Ностры, а за наступныя два гады пад суд пайшлі два іншыя прэтэндэнты на лідарства ў арганізацыі. Па стане на 2010 год Дэнара стаў фактычным кіраўніком сіцылійскай мафіі, хоць і з некаторымі агаворкамі з прычыны яго паходжання.

За гэты час было нямала паведамленняў, што злачынцу бачылі то ў Венесуэле, то ў Нідэрландах ці нават у Афрыцы. У 2021 годзе ў Гаагу прыбыў мужчына з Ліверпуля са сваім сынам, каб паглядзець этап Формулы-1. Прама пасярод белага дня нідэрландскія спецназаўцы ўварваліся ва ўстанову, дзе абедаў англічанін, і з мяшком на галаве пасадзілі яго ў машыну. Пасля аказалася, што гэта быў арышт па патрабаванні італьянскага боку, але злавілі зусім не таго. Боса Коза Ностры на тым Гран-пры не было.

Пасля арышту роднага брата Дэнара (а таксама яго любоўніцы) і праслухоўвання дамоў сваякоў праваахоўнікі зразумелі, што ўплывовы злачынец можа быць хворым на рак. Праваахоўнікі сабралі картатэку ўсіх анкахворых у Заходняй Сіцыліі 1962 года нараджэння. Па часе круг звузіўся да 5 патэнцыйных злачынцаў, а затым выйшлі на імя Андрэа Банафедэ – сына аднаго з крымінальных элементаў. Ім, як вы ўжо зразумелі, і аказаўся Дэнара. Убачыўшы паліцыю каля клінікі, ён вырашыў уцячы, але хутка зразумеў, што гэта бессэнсоўна. Да аперацыі прыцягнулі каля 100 карабінераў, на відэа бачна, як яны абдымаюцца пасля затрымання.

Вырашаў справы на стадыёне і спрабаваў арганізаваць выбух паблізу «Стадыё Алімпіка»

Па сведчанні яго асяроддзя, Матэа не занадта любіў футбол, а перавагу аддаваў відэагульням і галаваломкам. Аднак у 2010 годзе аўтарытэтная італьянская газета La Reppiblica выйшла з матэрыялам, у якім расказвалася, што бос мафіі выкарыстаў адзін з самых галоўных матчаў у гісторыі «Палерма» для сустрэчы з іншымі бандытамі. Паведамлялася, што ён нават быў на «Рэнца Барбера» у футболцы клуба.

9 мая 2010 года «арлы» павінны былі згуляць дома звышважны паядынак супраць «Сампдорыі», у якім вырашаўся лёс пуцёўкі ў ЛЧ. Генуэзцы былі наперадзе на два ачкі, таму гаспадарам патрабавалася толькі перамога. У сіцылійцаў была сапраўды зорная каманда з Эдзінсанам Кавані, Фабрыцыа Міколі (у якога свае адносіны з мафіяй) і Хаўерам Пасторы. Супрацьстаяла ім каманда Луіджы Дэль Неры з Касана і Пацыні. Матч скончыўся з лікам 1:1, па галу з пенальці забілі Міколі і Пацыні, а ў ЛЧ нарэшце кваліфікавалася «Сампдорыя», каб вылецець ад «Вердэра» ў кваліфікацыі.

У той час на трыбуне вяліся перамовы, дзе буйныя галовы з маладых мафіёзі спрабавалі схіліць Дэнара да таго, каб зноў пачаць тэрор і здзейсніць выбух у будынку суда Палерма і ўчастку паліцыі. Бос за гэты час стаў значна больш асцярожным, таму вяртанне да тэрору 1993 гаду не ўхваліў.

Хоць раней Дэнара не цураўся такіх метадаў. 23 студзеня 1994 года перад матчам на «Стадыё Алімпіка» паміж «Ромай» і «Удынезэ», адбыўся выбух, нацэлены на паліцэйскі гарнізон. Падапечныя Матэа заклалі ўзрыўчатку пад аўтамабіль, прыпаркаваны недалёка ад стадыёна. Але калі міма замініраванай Lancia Thema, якую перш сагналі ў Палерма, праязджаў аўтамабіль, выбух не адбыўся. Ад трагедыі ўратавала толькі тое, што пульт меў дэфект.

Арышт Дэнара лічыцца адным з найвялікшых поспехаў італьянскай паліцыі, павіншаваць з выкананай задачай праваахоўнікаў у Палерма прыязджала Джорджа Мэлоні, прэм'ер Італіі. Пакуль следства толькі пачынае ўстанаўліваць усе тайнікі, дзе гэтыя 30 гадоў знаходзіўся адзін з самых небяспечных злачынцаў Італіі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты