Tribuna/Футбол/Блоги/У «Нёмане» замест рэпрэсаванай легенды спартыўным дырэктарам стаў былы рэпрэсаваны гулец

У «Нёмане» замест рэпрэсаванай легенды спартыўным дырэктарам стаў былы рэпрэсаваны гулец

У іх з Кавалевічам рэдкі тандэм.

21 траўня, 21:29
У «Нёмане» замест рэпрэсаванай легенды спартыўным дырэктарам стаў былы рэпрэсаваны гулец

Валерый Жукоўскі 21 траўня адсвяткаваў 40-ы дзень нараджэння. З юбілеем былога паўабаронцу і капітана павіншаваў «Нёман», у складзе якога той выступаў з 2017-га па 2023-ы і паспеў правесці 163 матчы, забіць 31 мяч і зрабіць 13 асістаў. А яшчэ прэс-служба клуба аб'явіла, што цяпер Жукоўскі будзе працаваць у клубе намеснікам старшыні па спартыўных пытаннях.

Да Жукоўскага гэтыя функцыі з 2017-га па 2023-і выконваў Дзмітрый Кавалёнак. Легендзе «Нёмана» давялося пакінуць пасаду пасля затрымання сілавікамі Лукашэнкі.

Уратавацца ад большых непрыемнасцей Кавалёнку – той даволі хутка апынуўся на волі – тады дапамог галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч, нягледзячы на супрацьлеглыя ідэалагічныя погляды (у 2020-м трэнер падпісаўся за рэжым і, паводле паведамленняў крыніц, зрабіў гэта шчыра). Даведаўшыся пра затрыманне, Кавалевіч зрабіў некалькі «патрэбных» званкоў, і Кавалёнка адпусцілі.

Цікава, што Жукоўскі таксама падвяргаўся рэпрэсіям з боку рэжыму: у канцы 2022-га трапіў у «чорны спіс» лукашыстаў, які налічваў 48 гульцоў – тых, з кім псеўдаміністэрства па спорце забараніла падпісваць кантракты ўсім камандам з «дзяржпадтрымкай». Тым не менш першую палову сезона Жукоўскі правёў у «Нёмане», але ў заяўку каманды так і не патрапіў, хаця Кавалевіч не раз заклікаў амніставаць гульца.

Але «памілаванні» з боку рэжыму не здарылася, і форвард перайшоў у прыватны «Макслайн», дзе забарона на працу, відаць па усім, не дзейнічала. Акрамя віцебскай іншых прапаноў у Жукоўскага, як ён сам казаў, не было. А яшчэ праз рэпрэсіі форвард застаўся без двух важкіх дасягненняў. Першае – не патрапіў у клуб Сяргея Алейнікава. Туды прымаюць гульцоў з 500 матчамі на вышэйшым узроўні (улічваюцца Д1, Кубкі і Суперкубкі розных краін, еўракубкі, а таксама нацыянальнай, алімпійскай і моладзевыя зборныя Беларусі). Жукоўскаму праз чынуш не хапіла ўсяго 11 гульняў. Другое – разам з Ігарам Кавалевічам ён мог пабіць рэкорд Валерыя Стральцова і Яўгена Капава і стаць самым гуляючым тандэмам гулец-трэнер у гісторыі ЧБ. Жукоўскі пад кіраўніцтвам Кавалевіча правёў 245 сустрэч (разам працавалі яшчэ ў залатыя часы «Нафтана»), у магілёўскай жа пары 260 матчаў. Ну а за «Макслайн» у мінулым сезоне Жукоўскі правёў 15 матчаў ва ўсіх турнірах забіў тры мячы і аддаў чатыры галявыя перадачы.

У сакавіку гэтага года Жукоўскі расказваў, што ён блізкі да завяршэння кар'еры, а ў вышэйшую лігу ў якасці гульца яго не пускаюць. Цяпер экс-форвард будзе працаваць у ёй на адміністрацыйнай пасадзе, канечне, калі рэжым на гэта дазволіць.

Другие посты пользователя

Все посты