Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Кавалёнак трапіў да «сiлавiкоў» не з-за футбалістаў «Нёмана», выйшаў праз званок Кавалевіча i будзе пакараны i без «суда»

Кавалёнак трапіў да «сiлавiкоў» не з-за футбалістаў «Нёмана», выйшаў праз званок Кавалевіча i будзе пакараны i без «суда»

Падрабязнасці драмы ў Гродне.

Аўтар — bytribuna com
29 чэрвеня, 23:59
Кавалёнак трапіў да «сiлавiкоў» не з-за футбалістаў «Нёмана», выйшаў праз званок Кавалевіча i будзе пакараны i без «суда»

28 чэрвеня сілавікі Лукашэнкі пахваліліся тым, што забралі легенду «Нёмана», цяпер спартыўнага дырэктара клуба Дзмітрыя Кавалёнка. Функцыянера абвінавацілі ва ўдзеле ў мірных маршах пратэсту і распаўсюджванні матэрыялаў з непажаданых рэжыму крыніц. Апублікавалі і «пакаяльнае відэа» – яно выклікала пачуццё гонару за экс-футбаліста.

Пры гэтым рэжымная крыніца заяўляла, што на Кавалёнка «настукалі» гульцы «Нёмана», якім Дзмiтрый нібыта «навязваў ідэі», непажаданыя для рэжыму. Ці праўда гэта? Як на сітуацыю адрэагавалі ў клубе? Што зараз са спортдзірам і што яму пагражае? Даведацца гэта было няпроста, але «Трыбуна» справілася – і расказвае вам.

21 чэрвеня Кавалёнак быў сябрам дэлегацыі «Нёмана» на лёсаванні кваліфікацыі Лігі канферэнцый, а ўжо праз тыдзень трапіў у лапы сілавікоў Лукашэнкі – яны вывелі функцыянера з клубнага офіса ў кайданках. Як нам распавялі, здарылася гэта раніцай серады, 28 чэрвеня. Таксама нашыя крыніцы адзначаюць, што ў апошні час Дзмiтрый быў пагружаны ў сябе і мала з кім меў зносіны, хоць звычайна ўсё па-іншаму.

«Нёман» у момант бяды быў далёка ад Гродна. З аўторка, 27 чэрвеня, каманда знаходзілася ў Баранавічах, дзе ўвечары 28 чэрвеня гуляла матч 1/16 Кубка Беларусі. На жаль, нам не ўдалося высветліць, калі менавіта звесткі пра затрыманне дайшлі да каманды. Адзначым, што «пакаяльнае відэа» Кавалёнка з каментарыямі рэжымнікаў было апублікаванае ўсяго за 20 хвілін да пачатку сустрэчы.

Пры гэтым мноства крыніц, не звязаных адна з адной, далі «Трыбуне» гарантыі: ніхто з футбалістаў «Нёмана» не здаваў Кавалёнка, што б ні казалі «сілавікі». Нас запэўнiлi, што такога проста не можа быць – Дзмітрыя паважаюць усе супрацоўнікі, гульцы і трэнеры клуба, ды і за яго межамі стаўленне такое ж. Як распавялі нашыя суразмоўцы, пасля гульні з «Баранавічамі» уся дэлегацыя «Нёмана» заставалася ў шоку ад таго, што здарылася з функцыянерам.

Чаму ж тады Кавалёнка затрымалі? Нашыя крыніцы не ведаюць дакладнага адказу на гэтае пытанне. Але ў тое, што спортдзіра «здаў» нехта з яго атачэння, нашы суразмоўцы таксама не асабліва вераць. Самая лагічная версія – да Кавалёнка проста дайшла чарга: рэжым спрабуе дацягнуцца да ўсіх, хто яму непажаданы, складае ўсялякія «спісы», і функцыянер відавочна знаходзіцца ў іх з 2020-га.

На шчасце, Кавалёнак ужо на волі. Прычым, як нам удалося даведацца, вызваліць спартыўнага дырэктара дапамог галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч. Пасля перамогі над «Баранавічамі» (2:0) усе гродзенцы адразу ж селі ў аўтобус і адправіліся ў свой горад, на гадзінніку было каля васьмі вечара. І з салона Кавалевіч зрабіў некалькі званкоў, якія прывялі да таго, што функцыянера выпусцілі. Трэнеру ніяк не перашкодзіў ідэалагічны складнiк – у адрозненне ад Кавалёнка, коўч у 2020-м падпісаўся за рэжым, прычым тады крыніцы паведамлялі, што зроблена гэта было цалкам шчыра.

Каму менавіта зараз тэлефанаваў Кавалевіч, нашы суразмоўцы не ведаюць. Аднак вядома, што трэнер вядзе знаёмства з Юрыем Караевым, які ў 2020-м як кіраўнік рэжымнага «МУС» кіраваў гвалтам «сілавікоў», а потым стаў i застаецца памочнікам Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці. Коўч свяціўся на некалькіх мерапрыемствах з носьбітам формы і нават гуляў з ім у футбол за адну каманду.

Ці будзе над Кавалёнкам рэжымны «суд» – пакуль таксама пытанне без адказу. Аднак, паводле нашай інфармацыі, легендзе «Нёмана» ужо прыдумалі кару і без гэтага. У бліжэйшы час спартыўны дырэктар будзе звольнены з «Нёмана».

Атрымаць каментарыi пад сітуацыі ад самога Кавалёнка зараз немагчыма. Анлайн у сацсетках і месенджарах яго акаўнты былі ў апошні раз быў увечары 27 чэрвеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты