Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Шыкоўны дом, вяселле сына і спроба зладзіць бойку: гэты чалавек ведае Базанава яшчэ па Брэсце (той умее быць прыемным)

Шыкоўны дом, вяселле сына і спроба зладзіць бойку: гэты чалавек ведае Базанава яшчэ па Брэсце (той умее быць прыемным)

Брэсцкія чынушы любілі ездзіць на закупы ў Польшчу.

Автор — bytribuna com
15 марта, 12:07
Шыкоўны дом, вяселле сына і спроба зладзіць бойку: гэты чалавек ведае Базанава яшчэ па Брэсце (той умее быць прыемным)

Сяргей Пятрухін – вядомы брэсцкі блогер. Пасля выбараў-2020 атрымаў тры гады калоніі па палітычных матывах (адбыў тэрмін цалкам і пакінуў Беларусь). Ён шмат расказваў пра мясцовыя праблемы, што не вельмі падабалася рэгіянальным чыноўнікам, а калісьці ж стасункі паміж імі былі зусім іншымі.

Да блогерства Пятрухін працаваў тамадою і яго запрашалі і на афіцыйныя мерапрыемствы, і на прыватныя. Напрыклад, ён быў вядоўцам на вяселлі сына Уладзіміра Базанава – на той момант ваеннага камісара Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці. Мужчыны добра камунікавалі, пакуль Пятрухін аднойчы не паспрабаваў зрабіць ролік пра тое, як чынуша сустракаецца з выбаршчыкамі. Базанаў тады раззлаваўся і ледзь не зладзіў бойку. На той момант ён ужо сядзеў у так званым парламенце, а неўзабаве ўзначаліць Беларускую федэрацыю футбола.

Па працы ў футболе Базанаў запомніцца як трагікамічная фігура. Згубныя рашэнні для спорта накладаліся на рэпрэсаванне нязгодных з дыктатурай, прыгодамі ў Еўропе, адкуль лукашыста выганялі, а яшчэ на няўменне рэагаваць на нязручныя пытанні.

«Трыбуна» папрасіла блогера Пятрухіна распавесці, якім ён ведаў сённяшняга намесніка старшыні АБФФ Базанава па брэсцкіх часах. Аказваецца, гэты чалавек умее пакідаць і прыемнае ўражанне (але не надоўга).

– Калі і пры якіх абставінах вы пазнаёміліся з Базанавым?

– Да таго, як я стаў актывістам і заняўся блогерствам, працаваў у сферы святаў, то-бок вёў розныя мерапрыемствы, вяселлі, прэзентацыі і гэтак далей. Дзякуючы гэтаму ведаў шмат брэсцкіх чыноўнікаў. Я быў на добрым рахунку ў сваёй сферы, да маіх паслуг часта звярталіся чыноўнікі, топавыя людзі рэгіёна і горада. Дзякуючы сваёй працы і ўдалося пазнаёміцца з Базанавым. Ён неяк прыйшоў на фірму, дзе я працаваў. Прыйшоў да кіраўніцтва, а яго накіравалі да мяне. Было гэта на самым пачатку 2010-х.

– Да таго вы ведалі, што гэта за чалавек?

– Ведаў, што ён былы афганец, працаваў у ваенным камісарыят. Да ўсіх чыноўнікаў я тады ставіўся як да кліентаў, таму асабліва не цікавіўся iх жыццём.

– Якое ўражанне пакінуў Базанаў?

– Ён мне адразу здаўся дабрадушным, адкрытым, паважліва ставіўся да суразмоўца, то-бок да мяне. Нават, па-мойму, на вы звяртаўся. Наогул, чыноўнікі, з якімі мне даводзілася ў той час размаўляць, заўсёды выкалі. Калі хацелі перайсці на ты, дык пыталіся. Вось і Базанаў ставіўся да мяне з павагай, не тыкаў. Больш за тое, успамінаю, што ён увесь час усміхаўся, імкнуўся жартаваць і выклікаць прыхільнасць. Ён добра быў апрануты. Я тады лічыў, што чыноўнікі – вельмі прыемныя людзі, калі не сядзяць у сваіх кабінетах. І Базанаў пакідаў такое ж уражанне.

Калі мы з ім выпадкова перасякаліся ў горадзе, дабрадушна віталіся, ціснулі адзін аднаму рукі. Гэта сёння я не ганаруся, што з такім чалавекам ручкаўся, але тады лічыў гэта ў парадку рэчаў. Тым больш, паўтаруся, Базанаў рабіў прыемнае ўражанне. Было адчування, што ён, чыноўнік, ставіўся да простага чалавека неяк добра, не глядзеў зверху ўніз. Камунікаваў са мной на роўных.

– Вы, наколькі вядома, вялі вяселле ў Базанава. Як абмяркоўваліся дэталі?

– Адразу варта растлумачыць, што я вёў вяселле ў яго сына, а сам Базанаў-старэйшы проста прыйшоў дамаўляцца наконт паслуг вядоўцы. З яго боку ніякіх асаблівых пажаданняў не памятаю. Ды і ў мяне была рэпутацыя карэктнага вядучага, які не робiць ўсякія бессаромныя конкурсы, не касячыць, не абражае нікога і таму падобнае. Базанаву гэта распавялі, таму мы абгаворвалі толькі дэталі, нічога істотнага. І Базанаў паводзіў сябе цалкам адэкватна, як я казаў, на роўных са мной. То-бок і не сказаць, што нейкі чыноўнік

Само вяселле прайшло ў Брэсцкай крэпасці ў кавярні «Цытадэль». Мне ніколі там не падабалася працаваць, але мясцовыя чыноўнікі любілі гэтае месца, там часта ладзілі святы. Там ціха, машын няма, прырода. Былі на вяселлі і топы, але пару чалавек, і я ўжо не ўспомню хто. Базанаў паводзіў сябе вельмі прыстойна. Пасля свята падышоў да мяне, падзякаваў за працу. Казаў, што яму ўсё спадабалася. І было відаць, што кажа шчыра. Доказам таму былі і нашыя сустрэчы потым, у горадзе, калі ён з усмешкай са мной вітаўся. Гуляў у шортах, з сабачкам. І нават не сказаць, што нейкі чыноўнік ці важны чалавек у горадзе.

– Сям'я Базанавых рабіла ўражанне шчаслівай?

– Ён з жонкай выглядаў прыстойнай парай, сын прыгожы, прыемны ў камунікацыі. На вяселлі паводзіў сябе сціпла. Мне вельмі падабаюцца такія людзі.

– Базанаў у той час быў важным чалавекам у Брэсце?

– Скажам так, яго прозвішча заўсёды было на слыху. Больш за тое, я чуў пра яго станоўчыя водгукі ад людзей з вайсковай сферы. Маўляў, Базанаў быў у Афганістане, зарэкамендаваў сябе добрым вайскоўцам. Я не правяраў гэта, але такія размовы хадзілі.

Але, шчыра скажу, я не займаўся палітыкай тады, мне не надта цікава было, чым займаюцца чыноўнікі, якая ў іх рэпутацыя. Толькі пасля 2015-га, калі я стаў блогерам, стаў цікавіцца гэтай сферай, дэталямі жыцця Базанава. І хацеў нават зняць фільм пра тое, як жыве Базанаў, у якіх умовах.

Мне пра яго расказвалi нейкiя рэчы, зацiкавiўся, паспрабаваў накапаць што-небудзь цікавае як пра чыноўніка, але не ўдалося. Таму захацеў зняць што-небудзь пра тое, у якіх умовах ён жыве. Даведаўся, што Базанаў пабудаваў дом у Клейніках - аграгарадку ў Брэсцкім раёне. Мне сказалі, што там дамы шматлікіх топавых службоўцаў, а жыллё Базанава знаходзіцца на беразе ракі Заходні Буг. І нібыта такое размяшчэнне парушае закон. Што ж, я вырашыў пра гэта зняць [ролік]. Знайшоў той дом і адразу адзначыў, што ён вельмі прыгожы і вялікі. І рэальна блізка да ракі. Што ён з сябе ўяўляе? Велізарны, не адзін паверх, чырвоны чарапічны дах, дыхтоўная каменная агароджа – усё па-багатаму.

– Як думаеце, ці можа чыноўнік збудаваць такі дом на свой заробак?

– Гэта рытарычнае пытанне :). Усе дамы чыноўнікаў, якія я бачыў, дакладна пабудаваныя не на заробкі. Неяк аналізаваў і прыйшоў да высновы, што няхай чыноўнік на месяц атрымлівае тры тысячы долараў, усё роўна спатрэбіцца вельмі шмат гадоў, каб збудаваць шыкоўны дом. У Базанава такая ж гісторыя. А яшчэ, наколькі ведаю, у яго быў нейкі бізнэс, запісаны на жонку. Таму і адтуль грошы, думаю, паступалі.

Каля дома я быў усяго раз, сёе-тое зняў, але потым у мяне ўсё канфіскавалі. А там было шмат i iншай iнфармацыi. Паспрабаваў далей пашукаць інсайдэрскую інфармацыю пра Базанава і яго жонцы, але не ўдалося, таму пакінуў тэму.

– У 2010 годзе Базанаў стаў старшынём брэсцкага «Дынама». Заўважылі, што ён у той час цікавіўся футболам?

– Мне [самому] ў гэтым плане ён быў не цікавы, маю на ўвазе як чыноўнік. Так, чуў, што ён узначаліў клуб, і яшчэ тады здзівіўся, што з ваенкамата ў футбол… Такое сабе. Але як і што ён там рабіў, мне было нецікава. Проста мяне футбол, тым больш беларускі, сам не цікавіў. Сувязь Базанава з «Дынама» – далёкая ад мяне тэма.

– Аднак вядома, што Базанаў у свой час захапляўся лыжамі, лёгкай атлетыкай, нават стаў кандыдатам у майстры спорту па гэтых відах.

– Калі я з ім пазнаёміўся, Базанаў выглядаў вельмі прыстойна. У якім плане? Так, у яго было пузіка, але пры гэтым заўсёды бадзёры, з усмешкай. Адчувалася мужчынская сіла. І яшчэ моцны поціск рукі. У гэтым можна было пабачыць спартыўнае мінулае.

– І падчас свайго кіраўніцтва федэрацыяй, і ўжо пасля прызначэння на пасаду намесніка старшыні, Базанаў часцяком ездзіў за мяжу, у Польшчу на закупы. Гэта звычайная для Брэста справа?

– З Брэста шмат хто, я ў тым ліку, маглі спакойна на цягніку з'ездзіць у Цярэспаль, нешта купіць. Чыноўнікі, натуральна, таксама карысталіся гэтай магчымасьцю. Ім не каштавала вялікіх намаганняў, тым больш маючы грошы, паехаць у суседнюю краіну і нешта купіць у гандлёвым цэнтры. Мяркую, Базанаў не быў выключэннем.

– За апошнія гады яму неаднаразова анулявалі візу, але ўсё роўна рвецца ў Еўразвяз, які так актыўна крытыкуюць лукашысты.

– Ведаеце, у мяне сёння да Базанава адно стаўленне: гэта лукашэнкаўская м#####а [непрыемны чалавек, які не заслугоўвае павагі]. Так, катэгарычна, але гэта маё меркаванне. Гэта несумленны чалавек, і, як і многія чыноўнікі Беларусі, нажыў сваё дабро незаконным чынам, выкарыстоўваючы службовыя пасады, заўсёды пры карыце.

– Калі ў вас кардынальным чынам змянілася да яго стаўленне?

– У 2016 годзе праходзілі выбары ў Палату прадстаўнікоў Лукашэнкі. Я прыйшоў на адзін з участкаў і вёў прамы эфір. Там было шмат людзей, прыйшоў у тым ліку Базанаў, які балатаваўся ў дэпутаты. Убачыў мяне з камерай і адразу сказаў, каб я спыніў здымаць. Пытаюся, што здарылася, чаму мне гэта нельга рабіць. Базанаў адказаў: «Мне проста не хочацца, каб ты мяне здымаў». Не памятаю, што я дакладна сказаў, але апеляваў заканадаўствам, дзе сказана, што любы чалавек можа здымаць дзейнасць чыноўнікаў. Базанаў мяне схапіў за грудкі, пачаў трэсці, штурхаць. У эфіры ў гэты час было чалавек 700 плюс людзі на ўчастку. Усе ўсё бачылі. Я даваў Базанаву магчымасць адысці, сам не лез на яго, але Базанаў равеў на мяне, паказаў такім чынам сваю сутнасць. Калі б ён быў разумным, то стрымаў бы сябе. І вось пасля гэтага я зразумеў, што гэта за м#####а. Думаў, што, улічваючы нашае ранейшае знаёмства, я яго адразу ж паслухаю, але я працягнуў здымку – а яму гэта не спадабалася.

– Чым скончылася гісторыя?

– Па-мойму, я ўсё зняў, а Базанаў пасля сышоў. Памятаю, усе глядзелі з неразуменнем на дзеянні Базанава, усе былі, мякка кажучы, здзіўленыя такімі паводзінамі чыноўніка.

– Пасля гэтага з Базанавым ужо не бачыліся?

– Так, сустрэч не было.

– Ці можна было сказаць у першай палове 2010-х, калі ў вас з яшчэ былі нармальныя адносіны, што Базанаў акажацца такім заўзятым лукашыстам?

– У мяне такое адчуванне, што ён заўсёды быў лукашыстам. Проста ў той час я не асабліва звяртаў на гэта ўвага. Але калі ён застаўся ў сістэме, значыць, яму ў ёй камфортна. Мне такіх людзей проста шкада, бо яны страцілі рэшткі сумлення, пайшлі ўслед за Лукашэнкам.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты