Tribuna/Футбол/Блогі/«9 месяцаў змарнавалі на лайно!» У Балівіі цалкам скасавалі чэмпіянат і кубак з-за дамоўных матчаў 🤯

«9 месяцаў змарнавалі на лайно!» У Балівіі цалкам скасавалі чэмпіянат і кубак з-за дамоўных матчаў 🤯

Махінатарам у Беларусі ёсць да чаго імкнуцца.

13 верасня, 06:40
«9 месяцаў змарнавалі на лайно!» У Балівіі цалкам скасавалі чэмпіянат і кубак з-за дамоўных матчаў 🤯

Нечаканыя навіны з паўднёваамерыканскага высакагор'я. У Балівіі футбольная федэрацыя цалкам скасавала чэмпіянат і Кубак, ануляваўшы вынікі гэтага сезона (а там сістэма вясна-восень) – усё праз выкрытыя схемы дамоўных матчаў.

Падазраюць кіраўнікоў арбітраў і некалькіх футбалістаў, уласнік самага тытулаванага клуба хацеў яго закрыць

Яшчэ 29 жніўня прэзідэнт Федэрацыі футбола Балівіі Фернанда Коста сабраў прэс-канферэнцыю – каб распавесці пра тое, што федэрацыя выкрыла сістэмныя дамоўныя матчы ў футболе.

«Я атрымаў вельмі непрыемную, абуральную інфармацыю, якая азначае, што ёсць сістэма карупцыі, дамоўных матчаў, хабараў і незаконных ставак, якая ўсталявалася ў балівійскім футболе. Футбалісты, арбітры і дырэктары амаль усіх клубаў у краіне ўцягнутыя ў гэтую сістэму. Нават ВАР быў «зараджаны», – заявіў ён.

Аднак Коста усё ж удакладніў, што не ўсе футбалісты былі ўцягнутыя ў гэтую сістэму. А вось што датычыцца арбітраў, то ў выніку федэрацыя звольніла трох чалавек з кіраўніцтва судзейскага камітэта – Алехандра Мансілью, Уілсана Эстраду і Хуана Карласа Кардосу.

Акрамя таго, датычным называюць і арбітра Гаада Флорэса – яго паказанні, у рэшце рэшт, леглі ў спіс доказаў федэрацыі. Па словах арбітра, да яго звярнуўся прэзідэнт «Вака Дыес» з просьбай забяспечыць вынік гульні, сцвярджаючы, што Мансілья «гарантуе, што пакарання за гэта не будзе».

Таксама адзначаецца, што да схемы былі датычныя чатыры гульцы «Індэпенд'ентэ». З імі адбыўся цэлы мінідэтэктыў: прэзідэнтка клуба Джэні Мантанья спачатку пацвердзіла інфармацыю і заявіла, што яны адхіленыя ад каманды, пазней заявіла, што доказаў недастаткова.

Замест гэтага яна прапанавала запрасіць у Балівію арбітраў з Аргенціны – маўляў, і больш сумленныя, і таннейшыя за мясцовых

А вось уласнік самага тытулаванага клуба Балівіі «Балівара» Марсела Клаўрэ наогул у сацсетках заявіў, што калі мясцовы футбол не ачысціцца, ён закрые клуб.

«Калі я не ўбачу поўнай рэструктурызацыі балівійскага футбола, дзе будзе праведзенае сапраўднае расследаванне, дзе карупцыянеры будуць пакараныя, а ўся гэтая карупцыя будзе ачышчаная, праект «Балівар» для мяне скончыцца, і я буду першым, хто пакіне Балівію і не будзе інвеставаць больш. Укладваць сродкі ў тое, што прагніла ад карупцыі – гэта беспрэцэдэнтна.

Укладаць мільёны ўласных долараў, каб карумпаваныя суддзі, кіраўнікі і гульцы заплямілі балівійскі футбол. Сёння я чуў аўдыёзапісы, бачыў паведамленні, якія паказваюць мне, што наш футбол заражаны карупцыяй. Я не ведаю, ці можна гуляць ізноў, не ведаючы, хто за гэтым стаіць».

Федэрацыя анулявала ўсе турніры – правядуць экспрэс-спаборніцтва, калі дазволіць КАНМЕБОЛ. Праваахоўнікі ўжо праводзяць расследаванне схемы

Нарэшце, 5 верасня савет Прафесійнага дывізіёну сабраўся, каб прыняць рашэнне па далейшым лёсе сезона. Першае і асноўнае, што зрабілі – скасавалі цалкам усе вынікі чэмпіянату і Кубка гэтага сезона «праз заражэнне іх дамоўнымі матчамі і звязанымі з імі стаўкамі».

Замест гэтага пагадзіліся правесці новы «экспрэс-турнір» да канца года, каб вызначыць прадстаўнікоў Балівіі ў кантынентальных спаборніцтвах і клубы, якія павінны вылецець з элітнага дывізіёна. За сцвярджэннем такога выйсце ўжо звярнуліся да КАНМЕБОЛ – чакаюць адтуль зялёнага святла.

За гэта прагаласавалі 14 клубаў, яшчэ два ўстрымаліся і адзін быў супраць. Гэты клуб – «Стронгест», і іх матывацыю можна зразумець: яны былі лідарамі турнірнай табліцы.

Прэзідэнт клуба Нэльсан Монтэс публічна выступіў супраць такога рашэння: «Няма часу ні на новы турнір, ні на тое, каб прыбраць дзейных асоб, уцягнутых у дагаварнякі. Мы не згодныя, мы галасавалі супраць. Будзем спадзявацца, што КАНМЕБОЛ прыме правільнае і зразумелае рашэнне».

Абурыліся і футбалісты – не разумеюць, чаму іх працу да таго настолькі абясцэнілі. Напрыклад, Міхаэль Артэга, які ў 2012-м нават правёў 7 матчаў у Бундэслізе за «Баер»:

«9 месяцаў змарнавалі на лайно! Прайшло 2 гады, што адбываецца? Высілкі і барацьба марныя. Падумайце і паглядзіце, што будзе з маёй будучыняй. Быць у турніры, дзе адбываюцца ўсе гэтыя рэчы – несправядліва, як прафесіяналу, адданаму ўсім мэтам, якія ставіць перад сабой каманда. Мяне і маіх таварышаў па камандзе выкідваюць у сметнік».

Як бы там ні было, справу падхапілі праваахоўнікі – ужо заявілі, што прынялі заяву Федэрацыі футбола Балівіі па злачынстве са шматлікімі пацярпелымі і арганізаванай злачыннай групоўкай.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты