Tribuna/Футбол/Блогі/Як палітвязнi ў Беларусі гуляюць у футбол (i глядзяць яго) – шорты пад забаронай, лiк могуць змяніць «сілавікі»

Як палітвязнi ў Беларусі гуляюць у футбол (i глядзяць яго) – шорты пад забаронай, лiк могуць змяніць «сілавікі»

Затое дапамагае ненадоўга забыцца, дзе ты.

Аўтар — bytribuna com
20 студзеня, 19:26
Як палітвязнi ў Беларусі гуляюць у футбол (i глядзяць яго) – шорты пад забаронай, лiк могуць змяніць «сілавікі»

Таварыскi матч зборнай моладзевых каманд «Белшыны» супраць юнакоў з бабруйскай выхаваўча-працоўнай калонii ў 2016 годзе, фота носiць iлюстрацыйны характар

Выданне «Медыязона» распытала былых палітвязняў, як на «хіміі» і ў калоніі ўладкаваныя футбольныя гульні i прагляды футбола па ТБ. «Трыбуна» перадрукоўвае гэты матэрыял.

У калоніі замест стадыёна – хакейная каробка, гуляць у шортах нельга

У калоніі, дзе адбываў пакаранне Аляксандр (iмя змененае), у футбол гуляюць унутры хакейнай каробкі. Раней поле было пакрыта асфальтам, а цяпер там паклалі квадратныя гумовыя пліты. У мяч гуляюць летам і восенню, а на зіму ў каробцы заліваюць каток.

Каманда атрада можа прыходзіць на трэніроўкі 3-4 разы на тыдзень. Аляксандр хадзіў, калі яны не супадалі з працай: у асноўным удавалася двойчы на тыдзень. Гуляюць мячамі, якія ёсць у атрадзе. На новыя можна было скінуцца, але з палітвязняў грошай не бралі. Ахвочыя плацілі цыгарэтамі. У калонію можна было перадаць буцы і красоўкі, а ў шортах гуляць нельга: «Гэта забароненая форма адзення. Ты нібыта павінен быць у штанах, увогуле ў цябе не можа быць шортаў. Але калі ты не палітычны, то да шортаў тваіх ніхто не чапляецца».

Пасля прыезду ў калонію правяраючых у 2023 годзе палітвязням забаранілі хадзіць на трэніроўкі. 

«Але ты можаш удзельнічаць у чэмпіянатах. Прычым у чэмпіянатах табе «рэкамендуецца» ўдзельнічаць. У кожнай камандзе пажадана, каб хаця б адзін палітычны быў», – расказвае Аляксандр.

Такія чэмпіянаты праводзяцца двойчы на год – вясной і восенню. У залежнасці ад колькасці каманд спачатку гуляюць групавы турнір, потым – плэй-оф.

Аляксандр кажа, што сярод супрацоўнікаў калоніі былі тыя, «хто насамрэч цікавіцца і любіць футбол»: «Таму для іх гэта магчымасць арганізаваць культурны вольны час, каб у людзей была магчымасць эмоцыі выліць. Я не ведаю псіхалогіі адміністрацыі, але ў мяне адчуванне, што, калі ты пастаянна праводзіш час з асуджанымі, ты пачынаеш трошкі іхнімі праблемамі жыць. Удзячнасць тым адэкватным людзям. Не ўсе адэкватныя, але такія ёсць».

Узровень гульцоў у калоніі Аляксандр параўноўвае з дваровым, выбіраць не даводзіцца. Хоць часам у калоніях з’яўляюцца спартсмены. Напрыклад, у камандзе магілёўскай ПК-15 гуляў экс-футбаліст «Крумкачоў» Алег Дыбаль – у 2019 годзе яго асудзілі на 9 гадоў узмоцненага рэжыму па «наркатычным» артыкуле.

У бабруйскай калоніі сядзіць былы футбаліст зборнай Беларусі 46-гадовы Віталь Ланько. Ён атрымаў тры гады пазбаўлення волі за арганізацыю дамоўных матчаў.

«Калі чалавек з рэальным футбольным мінулым, ён проста ўкатвае ўсіх і ўсё. Аб’ектыўна гэта іншы ўзровень, неба і зямля адносна астатніх», – кажа Аляксандр.

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

Асуджаныя, якія не гулялі ў футбол, маглі прыйсці на стадыён як заўзятары.

«Але аб’ектыўна – нахалеру табе гэта трэба. Таму заўзятараў амаль не бывае. Бывае, на фінал чэмпіяната хтосьці падыдзе. Ты не будзеш там асабліва скандзіраваць. Ускрыкнеш «забівай» – гэта не забараняецца.

Ты гуляеш не для гледачоў, для сябе. Я злавіў сябе на думцы, што гэта адзінае месца ў калоніі, дзе я хоць на хвіліну забыў, што я ў турме. У цябе адчуванні, што ты проста з сябрамі ці калегамі адправіўся пагуляць у футбол. Пасля ты вяртаешся з футбола ў думках. У цябе няма, у адрозненне ад СІЗА, дроту над галавой. Але ўсё адно ты разумееш, што ты ў турме. А футбол – гэта адно з нямногіх месцаў, дзе ты можаш адключыцца ад гэтага ўсяго», – тлумачыць Аляксандр.

«Без «міліцыянта» нельга гуляць». Футбол на «хіміі»

Глеб (iмя змененае) адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ), гэта значыць, на «хіміі». На тэрыторыі яго ПУАТ стадыёна не было, але ў горадзе было яшчэ некалькі такіх устаноў – гуляць можна было там, на выездах.

На хіміі мяч і манішкі асуджаныя куплялі за свае грошы, самі арганізоўвалі і паездкі на спаборніцтвы, кажа Глеб. «Хімікам» з дазволу адміністрацыі можна выходзіць у горад: па інвентар адпраўлялі хлопца, які «шмат разоў сядзеў за крадзеж» і быў адказным за спартыўныя мерапрыемствы.

Часам асуджаным даводзілася ўгаворваць супрацоўнікаў ПУАТ адвезці іх пагуляць у футбол: «Калі мерапрыемства трэба было правесці і прыязджалі правяраючыя, то нас, вядома, вазілі гуляць у футбол. Усе астатнія разы мы запісваліся, а потым у «міліцыянта» не знаходзілася часу. То ён гарбату піў, то катышкі з пупка выкалупваў. Нас не вадзілі. А без «міліцыянта» нельга гуляць».

Для «міліцыянта» ў ПУАТ было важна «правесці мерапрыемства, скласці пратакол і зрабіць фатаграфіі», кажа Глеб: «А так ім па барабане, як там будзе».

У горадзе, дзе Глеб адбываў хімію, былі дзве мужчынскія футбольныя каманды, назва – па нумары ПУАТ.

«Хлопец, якога да нас перавялі з іншай хіміі, сказаў, што ў іх назва была. І майкі яны зрабілі прыкольныя, пра чарапашак-ніндзя. А ў нас жанчына з УДВП суперстрогая была, яе баяліся нават «міліцыянты». Зрух ад яе звычак прыводзіў да негатыўных наступстваў. Таму калі яна хацела, каб усе гулялі толькі ў манішках, значыць, усе будуць толькі ў манішках», – успамінае Глеб.

Спачатку на хіміі праводзілася хатняя гульня. Адзін матч – і пераможца едзе на рэспубліканскія спаборніцтвы. На ўнутраным матчы выйграла каманда Глеба, сярод футбалістаў былі асуджаныя па палітыцы і «наркатычных» артыкулах. Нягледзячы на перамогу, на рэспубліку яны не паехалі.

«У нас уражлівыя міліцыянты не хацелі адпускаць палітычных і наркаманшчыкаў, а хуліганаў і зладзюжак – без праблем. На спаборніцтвы ў Мінск паехалі тыя, хто вельмі буйна прайграў усё і не заняў ніякія месцы».

У тыя ж дні гульцы, якія не трапілі на рэспубліку, згулялі матч з камандай з іншага горада.

«Жанчына з УДВП кажа: «Ой, якія добрыя хлопцы. Пераможцам будуць заахвочванні ад мяне». Натуральна, такі чалавек падманваць не будзе. Тым больш «міліцыянт». Ну, мы ўсміхнуліся, добра. Яна яшчэ проста не ведала, якія [у нас] артыкулы», – успамінае Глеб.

Акрамя футбола ў той дзень праходзілі спаборніцтвы па настольным тэнісе і іншых відах спорту. Каманда, дзе былі палітвязні, выйграла ва ўсім. На цырымоніі ўзнагароджання супрацоўніца УДВП успомніла пра свае словы пра заахвочванне і спытала, па якіх артыкулах асуджаныя пераможцы: «Тут ёй даюць паперку, што ў нас усе палітычныя. Яна кажа: «Добра, разбярэмся». Потым нам уручылі магніцікі з надпісам «Магілёў», а заахвочванне далі хлопцам, якія ездзілі ў Мінск на спаборніцтвы і занялі апошняе месца».

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

Глеб распавядае пра яшчэ адзін выпадак несправядлівасці: у адным з матчаў яго каманда выйгравала з лікам 13:11, але «міліцыянт» сказаў, што перамагчы павінны супернікі: «Скончылі гульню, і ў пратаколе напісалі, што мы прайгралі 12:15. «Міліцыянту» лепш відаць, усё ж такі ён вышэйшую адукацыю атрымаў, і матэматыку яму выкладалі».

Як глядзяць футбол

Паглядзець футбол у калоніі таксама можна было. Аляксандр кажа, што ў яго ПК было дзве залы з тэлевізарамі: на адным уключалі спорт і навіны, на другім – фільмы. Глядзець тэлевізар можна было да 21:00, аднак нешта ўдавалася паглядзець па тэлеканалах «Беларусь 5» і «ЯСНАе TV» (на апошнiм транслююць увесь чэмпiянат Беларусi, большасць матчаў якога сканчваюцца да 21:00 – Tribuna.com).

Акрамя таго, можна было паглядзець і чэмпіянат свету, хаця па беларускім ТБ яго не транслявалi: «Наколькі я разумею, штосьці спампоўвалі з торэнтаў і на наступны дзень паказвалі. Не ведаю, на якім узроўні хто на што дамаўляецца. Вывешваецца аб’яўка, што а 12 будзе паказ».

На «хіміі», дзе адбываў пакаранне Глеб, футбол глядзелі ў асноўным на тэлефонах. Тэлевізар таксама быў, стаяў у актавай зале. Аднойчы Глеб застаўся там паглядзець матч: «А там грамадзянін Азаронак нейкую лухту нёс, што «міліцыянт» сказаў: «Ну яго ## ### [к чорту]», – і мы ўсе сышлі. Па нядзелях нам паказвалі фільмы пра таварыша Сталіна. А футбол можна было глядзець на сваім тэлефоне негалосна, бо а 22-й адбой і трэба было спаць».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты