Tribuna/Футбол/Блогі/У Мінску хацелі наладзіць выраб італьянскага абутку, з чыёй назвай на форме ў 90-я гуляла «Дынама», але праект вельмі недарэчна згінуў

У Мінску хацелі наладзіць выраб італьянскага абутку, з чыёй назвай на форме ў 90-я гуляла «Дынама», але праект вельмі недарэчна згінуў

Даўні сакрэт топ-даміношнікаў.

26 студзеня, 04:51
У Мінску хацелі наладзіць выраб італьянскага абутку, з чыёй назвай на форме ў 90-я гуляла «Дынама», але праект вельмі недарэчна згінуў

У першай палове 90-х мінскае «Дынама» выступала ў форме, тытульным спонсарам на якой была пазначаная італьянская фірма Simod. Гэтую экіпіроўку каманда атрымала як частка здзелкі па продажы ў «Ювентус» Сяргея Алейнікава. Сам беларускі паўабаронца расказваў, што ў 80-х Simod набываў правы на ўсіх футбалістаў дынамаўскіх каманд, якія з'язджалі за мяжу. А ў саюзе фірму ведалі як «Дымод», паколькі дамаўлялася яна з Цэнтральнай радай «Дынама».

Гэтая кампанія была заснаваная ў 1967 годзе італьянцам Паола Сінігальё. Фірма займалася выпускам спартыўнага адзення і абутку. У канцы 80-х Simod быў афіцыйным спонсарам Кубка паўнапраўных чальцоў, які праводзіцца Федэрацыяй футбола Англіі. Цягам трох гадоў турнір насіў назву Simod Cup:

Таксама Simod быў адным са спонсараў каманды Формулы-1 «Мінардзі».

А яшчэ красоўкі рэкламаваў трохразовы чэмпіён свету ў гонках Формулы-1 Нэльсан Піке:

У 80-х гадах прадстаўнікі кампаніі прыехалі ў Санкт-Пецярбург (тады Ленінград) і ўзначалілі абутковы аддзел фабрыкі «Дынама». На першых партыях красовак нават стаяў лагатып Simod, бо падэшвы і станкі былі прывезены з Італіі. А ў расійскім горадзе да гэтага часу абутак «Дынама» вырабляецца на італьянскім абсталяванні.

Аказваецца, у 90-х Simod планаваў адкрыць уласную вытворчасць і ў Беларусі, але не склалася. Гісторыяй, чаму гэта не адбылося, падзяліўся былы дырэктар і сузаснавальнік гурта J:MORS Руслан Гайдай.

«Калі я патрапіў на вытворчую практыку, у цэх прывезлі абсталяванне для італьянскіх красовак Simod. Я быў за крок ад сваёй мары. Напэўна, мурашкі былі як ад першага смартфона і аўтамабіля разам узятых. Вытворчасць была на вуліцы Кастрычніцкай, тады яшчэ хадзіў трамвай нумар 2... Дык вось, раскажу вам, як усе ########## [зламалася].

Нас было чацвёра маладых спецыялістаў апошняга курса, а іх – трое механікаў вялікіх разрадаў, заўзятых даміношнікаў і самых лянівых «афонь» на планеце. Абсталяванне прыйшло без інструкцый, а замежныя наладчыкі ніяк не прыязджалі. Вось нашыя старэйшыя таварышы і вырашылі ўсё запусціць самі. #### [чаго ўжо там], яны ж у космас Гагарына запускалі, а тут проста станкі.

Худа-бедна ўсё ўключылі. Але для фарміравання падэшвы патрэбныя былі спецыяльныя пластыкавыя гранулы, якія расплаўляліся. Гранулы не прыйшлі. Ну і нашыя старэйшыя таварышы са словамі «шча зробім» насеклі пластмасы і закінулі ўсё гэта на лінію. Вынік разумееце самі.

Для таго каб схаваць сваю некампетэнтнасць, выдралі нейкі чып з блока кіравання, каб лінія наогул не ўключалася. Прыехала начальства з міністэрства, пачухалі рэпы і з'ехалі.

Да канца практыкі мы рэзаліся ў даміно, а за сваё маўчанне атрымалі патрэбныя разрады ў залікоўкі і павагу. Ну і па даміно я стаў «майстрам спорту», не менш. А Беларусь так і не ўбачыла якасныя італьянскія красоўкі», – напісаў Гайдай на старонцы ў фэйсбук.

Вось так недарэчна Беларусь страціла магчымасць наладзіць вытворчасць італьянскага абутку. Зрэшты, брэнд Simod да нашых дзён не дажыў. У 2013 годзе кампанія была ліквідаваная, а ў 2015-м прызнаная банкрутам.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты