Tribuna/Футбол/Блогі/20 фактаў пра апошнюю топ-перамогу белфутбола: «Арсенал» не мог і пасля матчу, Бага ўсіх парваў, БАТЭ «адзначаў» бургерамі

20 фактаў пра апошнюю топ-перамогу белфутбола: «Арсенал» не мог і пасля матчу, Бага ўсіх парваў, БАТЭ «адзначаў» бургерамі

Гэта было лепей за... Ну, вы самі разумееце.

Аўтар — bytribuna com
15 лютага, 18:17
20 фактаў пра апошнюю топ-перамогу белфутбола: «Арсенал» не мог і пасля матчу, Бага ўсіх парваў, БАТЭ «адзначаў» бургерамі

14 лютага 2019-га здарылася апошняя на сёння вялікая перамога беларускага футбола: у 1/16 фіналу Лігі Еўропы-2018/19 БАТЭ абгуляў «Арсенал» 1:0. Сабралі два дзясяткі фактаў пра той матч, які быў лепшым за… Ну, вы і самі ведаеце.

• Гэта быў першы матч плэй-оф еўракубкаў у Барысаве. У папярэдніх выпадках удзелу БАТЭ ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы «Барысаў-Арэна» яшчэ будавалася, таму ў 2011-м «жоўта-сінія» гулялі на мінскім «Дынама», у 2013-м – у Гродне на стадыёне «Нёмана». У тых чатырох матчах у БАТЭ здарыліся тры нічыі і адна параза.

• На матчы не было аншлага. Білеты паступілі ў продаж за месяц да гульні (першы тыдзень прадаваліся толькі ўладальнікам абанементаў), але днём 14 лютага ў продажы заставалася яшчэ больш за паўтары тысячы месцаў. Выніковая наведвальнасць склала 12527 гледачоў пры ўмяшчальнасці ў 13121.

• Білеты на матч былі як звычайна падзеленыя на чатыры цэнавыя катэгорыі і каштавалі 50, 70, 90 і 110 рублёў (на дзень матчу – 23, 32, 42 і 51 долар адпаведна). Адзін чалавек мог купіць максімум два білеты.

• БАТЭ, как было заведено, обеспечил транспортное сообщение с Минском. После матча в столицу шла привычная для дней евроигр бесплатная электричка с остановкой на платформе «Печинский», которая расположена в нескольких минутах ходьбы от «Борисов-Арены». Также клуб организовал автобус из Минска до стадиона и обратно, но там проезд уже стоил 15 рублей (7 долларов).

• БАТЭ, як было заведзена, забяспечыў транспартнае злучэнне з Мінскам. Пасля матчу ў сталіцу ішла традыцыйная для дзён еўрагульняў бясплатная электрычка з прыпынкам на платформе «Печынскі», які размешчаны ў некалькіх хвілінах хады ад «Барысаў-Арэны». Таксама клуб арганізаваў аўтобус з Мінска да стадыёна і назад, але там праезд ужо каштаваў 15 рублёў (7 долараў).

• У стартавым складзе БАТЭ на гульню былі чатыры футбалісты, якія ўжо выходзілі за клуб у 1/16 ЛЕ (Максім Скавыш у 2011-м, Ягор Філіпенка, Дзмітрый Бага і Аляксандр Глеб у 2013-м). У астатніх досведу такога высокага ўзроўню наогул не было. Дэбютантам плэй-оф ЛЕ быў і сербскі суддзя матча Срджан Йованавіч.

• Па ацэнцы партала Transfermarkt, стартавы склад БАТЭ на матч каштаваў 7,9 мільёна еўра. У «Арсенала» сумарны кошт складаў 269,5 мільёна – у 34 разы больш. Лагічна, што ў Беларусі не верылі ў поспех БАТЭ. Адна з букмекерскіх кампаній паведаміла, што з 119 тысяч ставак на гэтую гульню амаль 96% былі на перамогу «Арсенала». Нават падчас матча з яшчэ 33 тысяч ставак на БАТЭ была зробленая толькі чвэрць.

• Матч пачынаўся а 20:55 па беларускім часе. Такі тады быў стандартны слот УЕФА для пачатку сустрэч еўракубкаў (у гэтым сезоне, напрыклад, выкарыстоўваецца значна больш звыклы пачатак не за пяць, а за пятнаццаць хвілін да круглага часу – матчы 1/16 ЛЕ 15 лютага пачнуцца ў 20:45 па Мінску). На тэрмометры УЕФА падчас матча зафіксаваў адзін градус цяпла. Таксама ў звестках запісаны «хмарны вечар», ападкаў не назіралася.

• У гонар 14 лютага БАТЭ падрыхтаваў тэматычную актыўнасць – кожнага гледача матча чакала трашчотка ў форме валянцінкі, прысвечанай любові да клуба.

• Перад матчам была абвешчаная хвіліна маўчання ў памяць пра Эміліяна Салу. Аргентынскі футбаліст загінуў 21 студзеня 2019-га – невялікі прыватны самалёт з гульцом на борце разбіўся.

• Адкрыць лік БАТЭ мог на 28-й хвіліне сіламі Немані Міліча – але серб пасля прастрэлу Максіма Скавыша трапіў у штангу. А быў бы выдатны дэбют – Міліч праводзіў першы матч за барысаўцаў пасля пераходу з «Црвены Звезды». Бялградцы ў тым сезоне гулялі ў групе ЛЧ, але Міліч не трапляў нават у заяўку.

• Асіст на адзіны гол на 45-й хвіліне сваёй падачай зрабіў Ігар Стасевіч. Гэта быў яго сёмы галявы пас у сёмай сустрэчы сезона ЛЕ – так беларускі паўабаронца ўмацаваўся на першым месцы ў гонцы асістэнтаў. На стадыі 1/4 фіналу яго дагнаў Віліян з «Чэлсі» – клуб у выніку ўзяў трафей, але бразілец больш не адзначаўся выніковымі дзеяннямі. Стасевіч з Віліянам сталі лепшымі асістэнтамі той ЛЕ, аднак беларус правёў на полі менш часу, чым канкурэнт.

• Забіў Станіслаў Драгун, які на той момант ужо ўпісаў сябе ў гісторыю «Барысаў-Арэны» голам памяці Анатоля Капскага. Да моманту з голам падачы Стасевіча ішлі на дальнюю штангу, дзе барысаўцы прайгравалі барацьбу. «Перад штрафным Стас сказаў падаваць на яго», – проста растлумачыў асістэнт пасля гульні.

• Сухі матч за БАТЭ правёў Дзяніс Шчарбіцкі, здзейсніўшы чатыры сэйвы (і прапусціўшы мяч, адменены праз афсайд) і зноў прымусіўшы казаць пра свой магчымы пераход у топ-клуб. На жаль, гэта быў апошні адначасова вялікі і паўнавартасны матч кіпера на дадзены момант. У лонданскай гульні ён у чарговы раз пашкодзіў плячо, улетку 2019-га здарыўся рэцыдыў, праблемы не адступалі – у выніку пасля супрацьстаяння з «Арсеналам» Шчарбіцкі правёў усяго 29 афіцыйных матчаў за аснову БАТЭ за чатыры гады, а цяпер не можа прабіцца ў склад « Урала».

• «Арсенал» жа ў Барысаве прапусціў упершыню за шэсць матчаў ЛЕ. Вароты «кананіраў» абараняў зорны Петр Чэх – праўда, у АПЛ ён да таго моманту быў запасным, застаўшыся «кубкавым» брамнікам. Пасля сустрэчы ён заявіў, што матч быў «такі, у якім «Арсенал» бы не забіў, нават калі б гуляў яшчэ дзве гадзіны».

• Калі раздаўся фінальны свісток, абаронца «Арсенала» Матэа Гендузі са злосці паспрабаваў выбіць мяч за межы стадыёна. Але ў той дзень у лонданцаў сапраўды не клеілася – стукнуўшыся аб дах, мяч упаў на трыбуну.

• БАТЭ валодаў мячом усяго 29% часу і зрабіў толькі 121 дакладны пас (61% ад агульнай колькасці). У «Арсенала» было 588 дакладных пасоў (87%). Таксама лонданцы мелі перавагу ва ўдарах (14:6, праўда, у створ толькі 4:3) і кутніх (12:3), але ўсё гэта не дапамагло.

• Пасля сустрэчы яе галоўныя героі не лічылі, што сталі фаварытамі супрацьстаяння: Драгун казаў, што шанцы на выхад далей «па-ранейшаму невысокія», Стасевіч лічыў, што іх болей у «Арсенала». «Шкада, што плэй-оф не складаецца з адной гульні», – наракаў аўтар галявога пасу.

• Галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага сказаў, што яго каманда зрабіла «маленькі крок для выхаду ў наступны раўнд». Але парваў прэс-канферэнцыю ўжо пасля яе заканчэння – устаючы з месца, вымавіў: «Ды прабачаць мяне прысутныя тут жанчыны, гэта было лепей за сэкс». Потым Бага казаў, што пасля перамогі яму хацелася «ляпануць нечым такім, у «трэцім тайме» адзначыцца», і нават яго жонка «паверыла, што «Арсенал» – гэта лепей».

• Матч з «Арсеналам» пераканаў падпісаць кантракт з БАТЭ ісландца Вілума Вілумсана – ён разважаў, ці варта пераходзіць у ЧБ пры размовах пра цікавасць з Англіі і Італіі, але гульня з «кананірамі», заўзятары і стадыён уразілі паўабаронцу. 15 лютага БАТЭ абʼявіў пра дамоўленасць з Вілумсанам.

• У 8 раніцы 15 лютага англійскі журналіст Чарльз Уотс напісаў, што БАТЭ нібыта «святкуе перамогу» над «Арсеналам» паяданнем бургераў. Насамрэч барысаўцы проста адразу выляталі ў Брытанію, дзе тыдзень трэнаваліся перад матчам у адказ, а ў мінскім аэрапорце снедалі ў адзіным даступным у той момант месцы – «Бургер Кінгу». Але фота ў Уотса атрымалася памятнае.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты