Tribuna/Хакей/Блогі/Сын экс-гульца зборнай Беларусі пагражаў паліцыянту з'есці ягоную пячонку. Вось якую лухту нёс зорны хакеіст пры затрыманні

Сын экс-гульца зборнай Беларусі пагражаў паліцыянту з'есці ягоную пячонку. Вось якую лухту нёс зорны хакеіст пры затрыманні

Заяўка на тое, каб стаць кумірам дзяцей у Санкт-Пецярбургу?

Аўтар — bytribuna com
9 лістапада, 16:22
Сын экс-гульца зборнай Беларусі пагражаў паліцыянту з'есці ягоную пячонку. Вось якую лухту нёс зорны хакеіст пры затрыманні

Мінчук Аляксандр Гальчанюк гуляў за хакейную зборную Беларусі (АГ-1998, чатыры ЧС) і заканчваў карʼеру ў ЧБ. Але ў цэлым жыццё звязаў з ЗША – там некалькі гадоў правёў у 1990-х, а ў Мілуокі ў 1994-м нарадзіўся сын спартсмена, якога назвалі ў гонар бацькі, але ў побыце выкарыстоўвалі скарачэнне. Алекс Гальчанюк вырас у Амерыцы і таксама абраў шлях хакеіста – у 18 стаў трэцім нумарам драфту НХЛ, у 19 дэбютаваў у наймацнейшай лізе свету і ўзяў бронзу ЧС са зборнай ЗША, у 23 падпісаў рэкордны для сябе кантракт з «Манрэалем» на 4,9 мільёна долараў у год. А яшчэ кожны год прыязджаў у Беларусь наведаць бабулю і дзядулю – а заадно каб прайсці своеасаблівыя трэнінг-кэмпы ад бацькі.

Усяго ў НХЛ Гальчанюк зарабіў амаль 25 мільёнаў, але суперзоркай не стаў, а ў апошнія гады практычна перастаў закідваць і высылаўся ў фарм-клубы. Перад сезонам-2023/24 ён падпісаў сціплы аднагадовы кантракт з «Арызонай», але ўжо праз тыдзень клуб абвясціў пра скасаванне дамовы. Як аказалася, Гальчанюк прыехаў у Скотсдэйл, горад недалёка ад базы новай каманды, і трапіў у гісторыю.

Праз некалькі дзён у СМІ апублікавалі паліцэйскую справаздачу. Згодна з ёй, хакеіст у стане «моцнай інтаксікацыі» сеў за руль, збіў дарожны знак і пашкодзіў іншае аўто, пасля чаго выйшаў з машыны і лёг пасярод вуліцы. Як аказалася, побач быў бацька – Аляксандр змог падняць Алекса і пасадзіць ужо на пасажырскае крэсла, пасля чаго паспрабаваў павезці сына, але супрацоўнікі паліцыі гэтага не дазволілі. Гальчанюк-малодшы пачаў паводзіць сябе неадэкватна і стаў пагражаць паліцыянтам смерцю. У выніку яго выцягнулі з машыны і затрымалі. Але неўзабаве выпусцілі – пакаранне склала два дні ў турме (адбыў толькі адзін), абавязацельства прайсці праграму лячэння ад алкагалізму і штраф у 563 долара. Гальчанюк пазней апублікаваў пісьмовыя выбачэнні ў сваіх сацсетках.

Цяпер жа паліцыя Скотсдэйла дазволіла апублікаваць запісы сваіх камер, больш за дзясятак хвілін, якія фіксавалі затрыманне Гальчанюка – і застаецца толькі ўразіцца, як ён так лёгка адкруціўся. Як аказалася, усю віну за ДТЗ браў на сябе Гальчанюк-старэйшы, які сцвярджаў, што першапачаткова сядзеў за рулём. І хаця сведкі адмаўлялі версію экс-гульца зборнай Беларусі, прынамсі, гэта запатрабавала б дадатковага разбору. Але тут Алекс, у якога былі прыкметныя ранкі на твары, прыцягнуў увагу аднаго з паліцыянтаў і заявіў: «Ты разумееш, што я ўсіх вас парэжу?» (Гальчанюк ужываў дзеяслоў chop, які азначае менавіта «парэзаць на кавалкі» ці нават «рассекчы»).

Пасля такога паліцыянты пераключыліся з бацькі на сына – дасталі яго з машыны і паклалі на зямлю, растлумачыўшы, што лепей не пагражаць паліцыі. А Гальчанюк відавочна ўжо не кантраляваў сваіх дзеянняў – то казаў, што нікому не пагражае, то зноў пагражаў, то заяўляў, што плаціць «###### [чортавыя] падаткі 12 гадоў па самай высокай стаўцы», таму яго трэба адпусціць.

У выніку Алекса пагрузілі на задняе сядзенне паліцэйскай машыны і павезлі ў пастарунак. Па дарозе ён і нагаварыў усе самыя значныя пагрозы. Пры гэтым Гальчанюк называў сябе рускім – зрэшты, не ў першы раз за карʼеру. Паліцыянт у адказ спрабаваў высветліць, чаму хакеіст так сябе паводзіць, але куды там. Гулец толькі заяўляў, што калі яго адпусціць проста цяпер, то семʼі паліцыянтаў «будуць жыць вечна», а інакш ён зробіць «адзін званок», і ўсе памруць.

- Я забʼю тваю ###### [чортавую] дачку, я забʼю тваю ###### [чортавую] жонку. Высадзіце мяне прама тут, і вы больш ніколі пра мяне не пачуеце. Таму што [інакш] я парэжу ўсіх вас, ####### [аматары інцэсту], і вы ведаеце, што гэта праўда. Ты назваў сваё імя і спалохаўся да смерці, ты, ##### [блін], тросся. Таму што ты ведаеш, што я рускі ###### [аматар інцэсту]. Я, ##### [блін], усіх вас парэжу. Вы ведаеце, што гэта праўда. Абсо, ##### [блін], лютна. Парэж мяне, ты, ###### [аматар інцэсту]. Я цябе парэжу. Цябе, тваю жонку, тваю ###### [чортавую] дачку. Я ###### [чортаў] прафесіянал. Дай мне, ##### [блін], пайсці, афіцэр, – толькі адна з серый тырад Гальчанюка.

Увага! Відэа ніжэй змяшчае мацюкі. Строга 18+!

Далей у Гальчанюка пачаліся ўкрапванні канібалізму, як з «Маўчання ягнят» – ён стаў казаць, што выража паліцэйскаму пячонку і дадасць яе ў баланьезе. Здавалася б, куды ўжо горш, але, апроч усяго іншага, хакеіст падчас чарговых пагроз «рускімі» пачаў зваць паліцэякага-афраамерыканца «нігерам», а гэта ўжо гарантавана хавае яго рэпутацыю і карʼеру ў Амерыцы.

- Ты ведаеш, што трапіў у праблемы, так? Ты ведаеш, што рускія, ##### [блін], адсякуць тваю ###### [чортавую] шыю, і ты будзеш, ##### [блін], мёртвым у ###### [чортавай] пустыні. Ты ведаеш гэта, праўда, нігер? Ты чуў мяне, ###### [чортаў] дурня кавалак. Ты чуў мяне? І што, ##### [блін], ты будзеш з гэтым рабіць? Дакладна, зачыняй ###### [чортавыя] дзверы, нігер. Рускі адсячэ табе шыю, нігер, і ты нічога не зробіш, – заявіў Гальчанюк ужо па прыездзе ў пастарунак.

Увага! Відэа ніжэй змяшчае мацюкі. Строга 18+!

У выніку Гальчанюку прыйшлося пасядзець на падлозе ў невялікай камеры.

У Беларусі за аналагічныя дзеянні яго чакаў бы відавочна горшы зыход. Нагавары ён такога «сілавікам» Лукашэнкі – і па рэжымным крымінальным кодэксе, у якім ёсць асобны артыкул для такіх выпадкаў, хакеіста маглі б адправіць за краты на тэрмін да сямі гадоў. А Гальчанюк нават думаў падвергнуць сябе такой рызыцы – пасля выхаду на волю пачаў шукаць варыянты ў КХЛ і разглядаў мінскае «Дынама», якое відавочна не бянтэжылася праз амерыканскія «прыгоды» гульца. Але абраў хакеіст у выніку багацейшы СКА з Санкт-Пецярбурга – а ягоны агент заявіў, што «гулец такога ўзроўню, як Гальчанюк, зробіць лігу мацней і стане кумірам для дзяцей». Ды і ў самім клубе ніякіх праблем у бэкграўндзе хакеіста не ўбачылі – гендырэктар (ён жа галоўны трэнер і сын алігарха) Раман Ратэнберг сказаў: «Тое, што Алекс цяпер з намі, кажа пра тое, што мы ідзем у правільным кірунку».

У СКА, паводле інсайдаў, Гальчанюку паклалі каля 500 тысяч долараў за першы год кантракту і мільён за другі, плюс бонус у 100 тысяч за 30 пунктаў у сезоне і ў 800 тысяч, калі патрапіць у топ-3 бамбардзіраў КХЛ. Пакуль Гальчанюк за 25 матчаў набраў толькі 9+9 і ў спісе бамбардзіраў ідзе 43-м. А СКА нечакана боўтаецца на мяжы зоны плэй-оф Захаду, апынуўшыся прамым канкурэнтам «зуброў». Ім Гальчанюк нават закінуў у вочнай сустрэчы – якую, праўда, «Дынама» выйграла 4:2.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты