Tribuna/Хакей/Блогі/Помніце голых фінскіх хакеістак, якія заміналі Захараву? Адна з іх нагадала пра сябе – дапамагла беларусам з алімпійскім допускам

Помніце голых фінскіх хакеістак, якія заміналі Захараву? Адна з іх нагадала пра сябе – дапамагла беларусам з алімпійскім допускам

Гэтым разам у вопратцы.

Аўтар — bytribuna com
13 снежня, 15:07
Помніце голых фінскіх хакеістак, якія заміналі Захараву? Адна з іх нагадала пра сябе – дапамагла беларусам з алімпійскім допускам

8 снежня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта афіцыйна абʼявіў, што дапусціць на Гульні-2024 у статусе індывідуальных нейтральных атлетаў расійскіх і беларускіх спартсменаў. Далей ішоў спіс «строгіх абмежаванняў», якія, здаецца, дастаткова лёгка абыходзяцца.

Здавалася б, пры чым да гэтай навіны белхакей? Ён і да летняй Алімпіяды не мае дачынення, і на зімовую трапіць даўно не можа – праваленыя тры апошнія спробы.

Аднак забаўнае перакрыжаванне ёсць, і звязанае яно з апошнім удзелам хакейнай зборнай Беларусі ў Гульнях. Было тое больш за 13 гадоў таму – у лютым 2010-га ў Ванкуверы. Адбор праходзіць было не трэба – каманда знаходзілася дастаткова высока ў сусветным рэйтынгу. Рыхтаваў зборную творца яе галоўных поспехаў на ЧС Глен Хэнлан, але за пару месяцаў да АГ пакінуў зборную з прычыны звальнення з мінскага «Дынама». У выніку галоўным трэнерам зборнай тэрмінова прызначылі Міхаіла Захарава (які ўзяў «адпачынак» у зборнай Украіны, якую ўжо ўзначальваў да таго моманту).

У яго атрымалася сабраць практычна ўсіх наймацнейшых, якія быццам бы паказалі вынік у сваю сілу. Пасля паразаў 1:5 ад фінаў і 2:4 ад шведаў здарылася складаная перамога 5:3 над Германіяй з пераможнай шайбай Руслана Салея. Той поспех дазволіў у 1/8 фіналу сустрэцца не з Канадай, а са Швейцарыяй, якая бачылася роўным супернікам. Вынік – 2:2 у гульнявы час і серыя булітаў, у якой перамаглі ўсё ж швейцарцы, якія абарвалі турнірны шлях беларусаў (ВІДЭА).

Потым Захараў, вядома, скардзіўся на малую колькасць часу для падрыхтоўкі да Гульняў. Але была і больш арыгінальная прэтэнзія – адкрыта яна была агучаная праз месяц пасля пройгрышу швейцарцам. На канферэнцыі ФХБ трэнер заявіў пра фінскі след – і справа была не ў паразе ў першым алімпійскім матчы.

- Умовы падрыхтоўкі да вырашальнага матчу былі жахлівымі. Запусцілі жаночую зборную Фінляндыі, хаця ў іх нават гульні ў гэты дзень не было. Яны без усялякага сораму хадзілі аголенымі, іх прыкрывала толькі невялікая шырма. Нашыя хлопцы былі абураныя, ламалі клюшкі. Вымушаныя былі хадзіць у грамадскую прыбіральню ў 50 метрах, бо не маглі наведаць сваю праз гэтых дзяўчынак. А яны бегалі перад хакеістамі голымі. Няўжо нельга было перанесці іх трэнаванне на 30 хвілін? Я сказаў арганізатарам: «Так рабіць нельга, мужыкі», – заявіў Захараў (шкада, відэа гэтага выступу не знайсці – яно сапраўды было эпічным).

Праўда гэта ці міф – пытанне застаецца адкрытым. Праз шмат гадоў гулец той каманды Андрэй Стась на ўдакладненне па тэме адрэагаваў: «Распранальні былі не вельмі. А што тычыцца голых фінак – асабіста я іх не бачыў. Напэўна, у гэты момант на лёдзе ўкідванні адпрацоўваў».

А сама жаночая зборная Фінляндыі выступіла на Гульнях паспяхова – прайграла толькі грандам, ЗША і Канадзе, а ў матчы за трэцяе месца ў авертайме абгуляла шведак і ўзяла другія ў сваёй гісторыі бронзавыя медалі АГ. Капітанам жа той фінскай каманды была Эма Лааксан. Свой першы медаль АГ са зборнай яна ўзяла ў 1998-м ва ўзросце 16 гадоў. Далей была вучоба ў ЗША, дзе ў ейнай універсітэцкай камандзе за ёй навечна замацавалі нумар, вяртанне ў Фінляндыю са мноствам чэмпіёнстваў за каманду «Эспа Блюз» і гадавая адлучка ў расійскі СКІФ.

Скончыла карʼеру Эма толькі ў 2017-м – ужо пад прозвішчам Тэрха, неўзабаве пасля АГ-2010 выйшаўшы замуж. Паралельна з хакеем жанчына працавала трэйдарам у банку, а яшчэ рабіла карʼеру кіраўніцы – дапамагала амерыканская адукацыя ў сферы бізнес-адміністравання, дапоўненая фінскай магістратурай па эканоміцы. З 2006-га Эма ўваходзіла ў камісію спартсменаў фінскага алімпійскага камітэта, якую ўзначаліла ў 2016-м, а з 2020-га ўваходзіць у выканкам свайго НАК. У 2014-м Тэрха стала першай у гісторыі жанчынай у праўленні фінскай федэрацыі хакея, пасаду ў якой захоўвае дагэтуль. У 2018-м Эма выйшла на ўзровень МАК, дзе ўвайшла ў камісію спартсменаў і ў каардынацыйную групу па правядзенні АГ-2022. Але самым паспяховым на пасадзе стаў 2021-ы – тады Тэрха стала сябрам выканкама ВАДА і ўвайшла ў выканкам МАК, выйграўшы выбары кіраўніка камісіі спартсменаў. У галасаванні фінка абыйшла расійскую экс-шаставічку Алену Ісінбаеву.

У студзені 2021-га Тэрха ўспомніла пра Беларусь – рэпоснула ў сваю Twitter заяву ІІХФ аб пераносе ЧС-2021 з Мінска, дзе яго правядзенне палічылі «недарэчным, калі ёсць больш сурʼёзныя праблемы, якія трэба вырашыць» (так завуалявана выказаліся пра рэпрэсіі ад рэжыму Лукашэнкі да нязгодных пасля выбараў-2020). А 25 лютага 2022-га камісія спартсменаў МАК пад кіраўніцтвам Тэрха афіцыйна абʼявіла, што «цалкам падтрымлівае» рэзалюцыю выканкама, які рэкамендаваў міжнародны бан у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Але паступова пазіцыя МАК змянялася. А 5 снежня ў прэс-рэлізе камітэта было заяўлена, што на чарговым алімпійскім саміце розныя функцыянеры выступілі з просьбамі дапусціць беларускіх і расійскіх спартсменаў на АГ у нейтральным статусе, пасля чаго слова ўзяла Тэрха. Яна «выказала ўдзячнасць» за такія просьбы, паведаміла, што нібыта «пераважная большасць спартсменаў ва ўсім свеце лічыць, што іх калегі не павінны падвяргацца пакаранню за дзеянні сваіх урадаў», і дадала, што ейная камісія будзе «вітаць яснасць наконт умоў удзелу».

Вось так «голая фінка» праз 13 з лішнім гадоў не перашкодзіла, а дапамагла белспорту з Алімпіядай – праз некалькі дзён МАК афіцыйна абвясціў пра допуск.

Бывае ж!

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты