Tribuna/Хакей/Блогі/Беларускі рэкорд па пунктах у КХЛ: непатрэбны «Дынама» гулец абышоў Касціцыных, Калюжнага і нават Плэта (але тут нюанс)

Беларускі рэкорд па пунктах у КХЛ: непатрэбны «Дынама» гулец абышоў Касціцыных, Калюжнага і нават Плэта (але тут нюанс)

Да круглага чысла не дацягнуў.

Аўтар — bytribuna com
28 лютага, 09:00
Беларускі рэкорд па пунктах у КХЛ: непатрэбны «Дынама» гулец абышоў Касціцыных, Калюжнага і нават Плэта (але тут нюанс)

Па выніках «рэгуляркі» КХЛ-2023/24 нападаючы «Салавата Юлаева» Іван Драздоў устанавіў рэкорд сярод ураджэнцаў Беларусі па колькасці ачкоў за адзін «гладкі» сезон. У 65 матчах 24-гадовы нападаючы набраў 48 (24+24) балаў. Вось каго ён абагнаў (а каго – не, але тут ёсць нюанс).

Іван Драздоў

Сезон-2023/24, «Салават Юлаеў», 48 (24+24) ачкоў у 65 матчах

З 2019-га форвард лічыўся ў мінскім «Дынама», але за два сезоны не праявіў сябе ў вачах Крэйга Вудкрафта.

– Амаль не гуляў у КХЛ, больш дапамагаў «Юнацтву» заваёўваць золата. Недавер падштурхнуў да пошуку новага клуба? Канешне. Вялікага сэнсу заставацца ў Мiнску і чакаць ля мора пагоды не бачыў. Калі трэнерскі штаб за два сезоны ў табе нічога не разгледзеў, час спрабаваць сябе ў іншым месцы, – казаў потым Драздоў.

Улетку 2021-га гулец адправіўся ў «Спартак», а праз год перабраўся ў «Салават Юлаеў» услед за беларускім трэнерам Канстанцінам Кальцовым. Хакеіста можна назваць пратэжэ бойфрэнда Арыны Сабаленкі. Падпісант за Лукашэнку стаў для форварда своеасаблівым персанальным коўчам, які заўсёды падкажа і дапаможа.

Драздоў адрозніваецца працаздольнасцю, часта праяўляе настырнасць і лезе на пятак, паказвае добрыя кідкі і катанне, пісьменна выбірае пазіцыю. Часам здаецца, што хакеіст загадзя ведае, куды ў эпізодзе адляціць шайба. Выдатны комплексны прыклад – вераснёўскі гол «Ак Барсу» (3:2) у дэрбі, калі Іван прынёс сваёй камандзе перамогу.

У заключным матчы рэгуляркі Драздоў аформіў свой першы хет-трык у КХЛ – у вароты «Северсталі» (4:3). Форвард у выніку стаў трэцім бамбардзірам «Салавата».

Амаль усю рэгулярку форвард адыграў у першым звяне. У цэнтры выходзіў амерыканец Саша Хмялеўскі, найлепшы бамбардзір Уфы – 56 (27+29) ачкоў у 67 матчах. Падчас сезона да іх дадалі дасведчанага канадца Джоша Ліво (38 (15+23) ачкоў у 40 матчах). Гэтая тройка зараз па праве лічыцца адной з найлепшых на Усходзе, дзе «Салават» упэўнена скончыў рэгулярку на трэцім месцы.

Ва Уфе Драздоў атрымлівае 15-ы па памеры заробак у камандзе – 25 мільёнаў расійскіх рублёў (270 тысяч долараў) за сезон. Праўда, па ходзе рэгуляркі паведамлялася пра затрымкi выплат у клубе. Згодна з кантрактам, у наступным сезоне аклад хакеіста вырасце да 30 мільёнаў расійскіх рублёў (323 тысячы долараў).

У верасні 2023-га Драздоў адзначыўся інтэрв’ю, у якім назваў Лукашэнку прэзідэнтам, прызнаўшыся ў вялікай павазе да яго, сказаў, што пры пратэстах-2020 «сядзеў дома», маўляў, «узрост быў не той», а таксама для чагосьцi заявіў, што ў Беларусі нібыта «ніхто не размаўляе на беларускай мове».

Андрэй Касціцын

Сезон-2015/16, «Тарпеда»/«Сочы», 41 (20+21) ачко ў 54 матчах

Сезон-2014/15, «Трактар»/«Сочы», 35 (13+22) ачкоў у 50 матчах

Сезон-2019/20, «Дынама» Мінск, 34 (17+17) ачкі ў 60 матчах

Сезон-2016/17, «Сочы», 34 (16+18) ачкі ў 51 матчы

Да Драздова рэкорд па ачках за сезон КХЛ сярод ураджэнцаў Беларусі належаў Касціцыну-старэйшаму, які цэлых пяць разоў у кар’еры набіраў больш за 30 балаў за рэгулярку. У гэтым цяперашняму гульцу каманды Лукашэнкі не перашкаджалі змены клубаў падчас сезону. Намеснік начальніка спартыўнага аддзела мінскага «Дынама» працягвае ісці ў топе спісу найлепшых беларускіх бамбардзіраў у гісторыі КХЛ, маючы 258 (114+144) ачкоў у 440 гульнях.

Аляксандр Скоранаў

Сезон-2023/24, «Северсталь», 37 (19+18) ачкоў у 61 матчы

Свой найлепшы сезон у кар’еры выдаў 24-гадовы гамяльчанін, у якога таксама калісьці не паверыў Вудкрафт. Цяпер форвард стаў трэцім бамбардзірам «Северсталі». Аляксандр радуецца трэнерскаму даверу ў Чарапаўцы, але сумуе, што Беларусь і Расію «пазбаўляюць шанцу на Алімпіяду». У сакавіку Скоранава чакае супрацьстаянне ў першым раундзе плэй-оф са «Спартаком».

Сяргей Касціцын

Сезон-2013/14, «Авангард», 34 (10+24) ачка ў 54 матчах

Нападаючы, які ў 36 працягвае пыліць за жлобінскі «Металург», толькі ў адной рэгулярцы КХЛ набіраў за 30 балаў. У сваім першым паўнавартасным сезоне пасля вяртання з НХЛ Касціцын-малодшы стаў трэцім бамбардзірам «Авангарда», з якім не здолеў прабіцца ў плэй-оф.

Аляксей Калюжны

Сезон-2014/15, «Дынама» Мінск, 34 (7+27) ачкі ў 48 матчах

Легенда белхакея ў сваім перадапошнім прафесійным сезоне актыўна асіставаў заакіянскім легіянерам і быў сапраўдным лідарам «Дынама». Але не толькі за гэта Калюжны быў улюбёнцам «Мінск-Арэны» – пасля фінальнай сірэны капітан вяртаўся на лёд і «качаў» трыбуны.

Для грамадзян Беларусі рэкорд не пабіты

Калі ўлічваць натуралізаваных хакеістаў, то Драздоў не будзе рэкардсменам. Справа ў тым, што ў сезоне-2020/21 49 (25+24) ачкоў, ды яшчэ ўсяго за 52 матчы, у складзе мінскага «Дынама» набраў амерыканец Шэйн Прынс. Беларускі пашпарт яму далі ў снежні 2020-га, але дэбютаваў за зборную Беларусі ён ужо пасля таго сезона, у красавіку. Цяпер Прынс гуляе за «Спартак» і задаволены жыццём у Маскве.

Затое Драздову ўдалося абысці Джэфа Плэта. У сезоне-2009/10 канадзец набраў 44 (26+18) ачкі за 56 матчаў. За свае наступныя 11 рэгулярак КХЛ Плэт, які стаў грамадзянінам Беларусі ў 2012-м, яшчэ тройчы набіраў 35 і больш балаў. Мінулым летам форвард павесіў канькі на цвік.

Расіянін Раман Гарбуноў гуляе за зборную Беларусі з 2021-га, а ў гэтым сезоне выдаў сваю найлепшую з чатырох рэгулярак за мінскае «Дынама». Гарбуноў набраў 35 (17+18) пунктаў за 53 гульні і стаў трэцім бамбардзірам «зуброў».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты