Усе навіны

Дзяржсакратар дэпартамента спорту Вялікабрытаніі: «Беларусь не будзе прадстаўлена ў міжнародным спорце як дзяржава»

20 красавіка, 18:15

Дзяржсакратар дэпартамента культуры, СМІ і спорту Вялікабрытаніі Люсі Фрэйзер пракаментавала прысутнасць спартсменаў з Беларусі і Расіі на міжнароднай спартыўнай арэне, паведамляе «Зеркало».

– Разбуральная вайна Пуціна супраць Украіны – гэта варварства і зло, і ўрад Вялікабрытаніі працягвае цвёрда стаяць на боку нашых украінскіх саюзнікаў. У ходзе вайны Расія забіла дзясяткі ўкраінскіх спартсменаў і разбурыла спартыўную інфраструктуру Украіны.

З моманту ўварвання спартсмены з Расіі і Беларусі маглі выступаць у Вялікабрытаніі ў якасці нейтральных спартсменаў. Напрыклад, наша кіраўніцтва дазволіла ім выступаць на спаборніцтвах па тэнісе на ўмовах строгага нейтралітэту.

У выніку колькасць спартсменаў з Расіі і Беларусі, якія прымуць удзел у Алімпійскіх гульнях, вылічаецца дзесяткамі, а не сотнямі.

Мы накіравалі ў МАК і Міжнародны паралімпійскі камітэт ліст, у якім адзначаем, што правілы нейтралітэту на Алімпіядзе ў Парыжы павінны гарантаваць, што Расія і Беларусь не будуць прадстаўленыя ў міжнародным спорце як дзяржавы. Цяпер наша ўвага засяроджана на тым, каб гэтыя правілы няўхільна выконваліся і падтрымліваліся да таго часу, пакуль працягваецца вайна, – сказала чыноўніца.

Фрэйзер таксама падкрэсліла, што татальнай забароны для ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў няма. Гаворка ідзе пра тое, што яны не могуць прадстаўляць свае дзяржавы на спартыўных мерапрыемствах.