Як беларускі спорт заклеймавалі лукашэнкаўскім сцягам: сітуацыя кардынальна змянілася за апошнія гады
Вельмі шмат чырвона-зялёнага.
12 лютага Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі апублікавала змены ў рэгламент правядзення адкрытага чэмпіянату краіны. Згодна з абноўленай версіяй дакумента, «спартсмены, якія не маюць на спаборніцкай форме (майка, топ з вонкавага боку) дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, не будуць дапушчаныя да ўдзелу ў спаборніцтвах (гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на замежных спартсменаў). Не дапускаецца закрыццё дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь нумарам удзельніка. Наяўнасць дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь будзе правярацца ў CALLROOM».
Яшчэ на мінулым чэмпіянаце краіны, які праходзіў у ліпені 2023-га, сцяг хоць і прыстутнічаў на спартсменах, але яго, верагодна, размясцілі самі арганізатары на выдадзенай спартсменам налепцы з прозвішчам. І гэатага было дастаткова.
А вось на чэмпіянаце краіны, які праходзіў у жніўні 2020-га, рэжымны сцяг увогуле быў не абавязковым – і ніхто з гэтай нагоды не пераймаўся.
Лёгкая атлетыка – не адзіны від спорту, дзе насаджваюць чырвона-зялёную сімволіку. Напрыклад, першыя два матчы фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па баскетболе сезона-2022/23 галоўныя трэнеры «Гродна-93» і «Мінска» правялі без рэжымнага кляйма на лацкане свайго пінжака, а ўжо на трэцяй гульні там з'явіўся спецыяльны значок.
Паводле інфармацыі «Трыбуны», следства абурэння так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука, які наведаў адну з сустрэч і застаўся незадаволены ўзроўнем патрыятызму з боку баскетбалістаў.
Акрамя таго, у новым сезоне чырвона-зялёны сцяг больш грунтоўна дадалі баскетбалістам на гульнявую форму: раней ён неўзаметку прысутнічаў на спіне, а цяпер налеплены яшчэ і спераду большага памеру.
Ідэалагічная экспансія здарылася і ў хакеі. Калі ў 2019-м на форме хакейнага «Юнацтва» ЧЗ-атрыбут адсутнічаў, то ад сезона-2020/21 чырвона-зялёны ён прысутнічае на гульнявой форме і толькі часам змяняе месца.
З пачатку сезона-2023/24 на трэніровачнай форме мінскага «Дынама» з'явіўся чырвона-зялёны сцяг.
Сімволіку нанеслі і на кіпу галкіпераў.
Пры гэтым на гульнявой форме «Дынама» чырвона-зялёнага сцяга няма. Расійскія клубы ў КХЛ таксама не наносяць дзяржаўную сімволіку на майцы. А вось «Куньлунь» і «Барыс» пайшлі іншым шляхам – сцягі Кітая і Казахстана знаходзяцца на левым плячы.
У беларускім футболе метамарфозы адбыліся не адразу – на прыкладзе брэсцкага «Дынама» бачна, што да мінулага сезона сцяг адсутнічаў на форме, але ўжо ў 2023 годзе ён заняў месца па цэнтры футболкі.
Падобная сітуацыя і з валейболам. Так у «Будаўніка» яшчэ ў 2022-м на форме прысутнічае толькі герб Мінска, а ўжо ў наступным сезоне прама цэнтру быў прылеплены і лукашэнкаўскі сцяг.
У міні-футболе сцяг на гульнявым камплекце таксама зʼявіўся толькі ў сезоне-2023/24, праўда, мяркуючы па ўсім, месца не строга рэгламентавана – каманды наносяць яго на свой густ.