Tribuna/Іншыя/Блогі/Што яднае зборшчыцу кавуноў Лукашэнкі і таго, каму далі 12 гадоў за пратэсты ў спорце? Абаіх вельмі цешыць палёт беларускі ў космас

Што яднае зборшчыцу кавуноў Лукашэнкі і таго, каму далі 12 гадоў за пратэсты ў спорце? Абаіх вельмі цешыць палёт беларускі ў космас

Радасць для Апейкіна на Дзень Волі.

Аўтар — Pam-pam
27 сакавіка, 05:17
2
Што яднае зборшчыцу кавуноў Лукашэнкі і таго, каму далі 12 гадоў за пратэсты ў спорце? Абаіх вельмі цешыць палёт беларускі ў космас

23 сакавіка з касмадрома Байканур стартавала ракета-носьбіт «Саюз-2.1а», на борце якога знаходзілася бортправадніца «Белавія» беларуска Марына Васілеўская. Кампанію дзяўчыне склалі прафесійныя касманаўты – ураджэнец Чэрвеня з расійскім грамадзянствам Алег Навіцкі і амерыканка Трэйсі Дайсан.

Першапачаткова палёт мусіў адбыцца на два дні раней, але ў апошні момант здарылася «аўтаматычная адмена пуску». Пазней стала вядома, што рухавікі ракеты не ўключыліся ў належны час, а гендырэктар «Роскосмасу» Юры Барысаў заявіў, што запуск ракеты з караблём «Саюз» адмянілі праз прасадку напружання хімічнага току.

Лукашэнкаўская прапаганда імкнецца выставіць палёт Васілеўскай (яна першай з грамадзянак Беларусі адпраўляецца ў космас пасля распаду СССР) як падзею сусветнага маштабу. Падзею абмяркоўваюць на ўсіх прарэжымных медыяпляцоўках, а сумнавядомы Юры Васкрасенскі паставіў яе ў адзін шэраг з Алімпіядай, адначасна расказаўшы пра кошт скафандра для беларускі:

«Касцюм, пашыты для Марыны Васілеўскай, каштуе 880 тысяч беларускіх рублёў, гэта пяць аднапакаёвых кватэр у Мінску. Але гэта падзея з такога шэрагу, як Алімпіяды, канцэрты, культурныя форумы. Гэта тое, што дазваляе дзяржаве стаць цывілізаванай і ўвайсці ў клуб вялікіх дзяржаў», – заявіў Васкрасенскі.

На сёння дакладна цяжка сказаць, які тэхналагічны ўнёсак зрабіла Беларусь у рэалізацыю палёта – напрыклад, у збудаванне касмічнага карабля і ў падрыхтоўку касманаўтаў. Пры гэтым колькасць людзей, якія ўжо пабывалі ў космасе, пераваліла за шэсць сотняў. Прыкладна 10% з іх – жанчыны. У нашыя дні існуе такая зʼява, як касмічны турызм. За некалькі мільёнаў долараў здзейсніць палёт да зорак можа любы больш-менш здаровы і багаты чалавек (праўда, за ўласны, а не дзяржаўны кошт).

Назіраць за стартам ракеты асабіста прыехала зборшчыца кавуноў і генеральны сакратар алімпійскага камітэту Лукашэнкі Ксенія Санковіч. Рэжымніца назвала гэта «гістарычным момантам для нашай краіны і незабыўным фрагмент у гісторыі» яе жыцця.

Пацешыўся і выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін. Ён увязаў палёт Васілеўскай з Днём Волі, і гэта прытым, што святкаванне абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі немагчымае ў лукашэнкаўскай Беларусі.

А ў каментарах не пагаджаўся з тымі, хто спрабаваў яму нагадаць, што сёння палёт у космас, гэта толькі пытанне грошай.

За некалькі дзён да запуску Лукашэнка падпісаў указ, які вызначае статус беларускіх касманаўтаў. Дакумент прадугледжвае шэраг ільгот і прэферэнцый, але пры гэтым замацоўвае як абавязак для касманаўтаў адпавядаць свайму высокаму званню, валодаць цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, прымаць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, годна прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне. Па сутнасці, вымагае лаяльнасці рэжыму.

Як заяўлена на сайце Лукашэнкі, рэалізацыя Указа нібыта будзе спрыяць «замацаванню пазітыўнага іміджу Беларусі як высокатэхналагічнай дзяржавы, прапагандзе ведаў і кампетэнцый краіны ў галіне мірнага асваення касмічнай прасторы».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты