Tribuna/Футбол/Блоги/Будзьма беларусамі!/Тайбаксёр Валент паехаў на чэмпіянат Еўропы з прастудай і рассячэннем

Тайбаксёр Валент паехаў на чэмпіянат Еўропы з прастудай і рассячэннем

Нацыянальная зборная Беларусі па муай-тай вярнулася з чэмпіянату Еўропы на мінулым тыдні (спаборніцтвы праходзілі ў Кракаве). Беларусь заняла другое агульнакаманднае месца. Усе зоркі зборнай узялі залатыя медалі. Праекту “Байцоўскі ген” сталі вядомыя цікавыя падрабязнасці.

Автор — Budzma Razam
7 октября 2014, 15:39

Дзмітрый Валент  (той самы баец, які выступіў у Мінску ў вышыванцы і накаўтаваў топавага тайца) усё ж паехаў на чэмпіянат Еўропы, нягледзячы на нядаўняе рассячэнне. Баец узяў першае месца ў сваёй вагавой катэгорыі (81 кг).  Як паведамілі “Байцоўскаму гену” ў трэнерскім штабе зборнай, Дзмітрый перад спаборніцтвамі падхапіў прастуду, але і ў такім неаптымальным стане здолеў перамагчы. У пашкоджанае на твары месца ніхто з сапернікаў пацэліць не здолеў.

Выступіў на чэмпіянаце і Віталь Гуркоў. Нечакана для многіх баец перайшоў у вагавую катэгорыю 75 кг.

“Змяніўшы катэгорыю, Віталь дадаў у хуткасці і моцы ўдару. Ён нікому не пакінуў шанцаў і упэўнена перамог ва ўсіх трох паядынках, узяў першае месца”, — канстатуе Дзмітрый Пясецкі, трэнер Віталя.

З асцярогай аматары спорту ставіліся да выступлення на чэмпіянаце Андрэя Кулебіна (67 кг). За тыдзень да выезду баец накаўтаваў у цяжкім прафесійным двубоі Эйзу Нязама. Аднак і на чэмпіянаце Еўропы зорнаму беларусу не было роўных.

Перамог у Кракаве і Дзмітрый Варац (63,5 кг). 

Нагадаем, што за тыдзень да спаборніцтваў ён сенсацыйна накаўтаваў чэмпіёна стадыёна “Люмпіні” тайца Ранграві. Пры гэтым у фінале Дзмітрый пераўзышоў свайго самага прынцыповага апанента — украінца Ігара Любчанку. 

Упершыню ў кар’еры залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў суперцяжкай вазе ўзяў Андрэй Герасімчук.

Срэбныя медалі ў нашых узялі Станіслаў Захарчанка (60 кг) і Арцём Сасноўскі (86 кг). Бронзавыя — Сяргей Скіба (51 кг), Цімур Бураў (54 кг), Андрэй Заяц (57 кг) і Пётр Раманкевіч (91 кг).

Нацыянальная зборная Беларусі заваявала другое агульнакаманднае месца. Першае, дзякуючы перамогам у найлягчэйшых вагавых катэгорыях, узялі ўкраінцы. Дзеля справядлівасці варта дадаць, што ў складзе зборнай Расіі адсутнічалі некаторыя першыя нумары, і каторы год з прычыны супрацьстаяння мясцовых федэрацый аптымальны склад не могуць сабраць палякі.

Прыемна, што першае агульнакаманднае месца заняла нашая юніёрская зборная.

Вяртаючыся да Дзмітрыя Валента, паведамім, што дзякуючы сваім феерычным выступленням апошніх месяцаў ён у хуткім часе правядзе тытульны двубой з наймацнейшым прафесійным байцом планеты ў вазе 81 кг — канадцам Сайманам Маркусам. Падзея адбудзецца ўжо 26 кастрычніка ў Кітаі. Два гады таму байцы ўжо сустракаліся. У роўным двубоі перамогу па ачках аддалі канадцу.

Байцоўскі ген” — праект кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мэта якога — пазнаёміць грамадства з нашымі  выбітнымі спартоўцамі! Часта іх лепш ведаюць за мяжой, чым  дома. А нашы героі зазвычай маюць унікальныя лёсы, вартыя ўвасаблення ў фільмах, кнігах, песнях ды прымаўках. Яны — носьбіты беларускага байцоўскага гену — гатовыя зацята біцца за гонар краіны і кожнага беларуса. Знаёмцеся бліжэй, ганарыцеся імі, заўзейце за нашых!

Крыніца: budzma.by

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты