Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Футбалістка ў Францыі засумавала па беларускім рэжыме дня. Кавярні і крамы там сапраўды працуюць нязвыкла для нас – і вось чаму

Футбалістка ў Францыі засумавала па беларускім рэжыме дня. Кавярні і крамы там сапраўды працуюць нязвыкла для нас – і вось чаму

Не першы раз, калі нашаму чалавеку некамфортна ў Еўропе.

Аўтар — KentYara98
18 снежня, 10:58
Футбалістка ў Францыі засумавала па беларускім рэжыме дня. Кавярні і крамы там сапраўды працуюць нязвыкла для нас – і вось чаму

17 снежня стала вядома, што беларуская абаронца Вікторыя Казакевіч пакінула «Сент-Эцьен», куды перайшла ў ліпені-2023. За французскую каманду яна так і не правяла ніводнага афіцыйнага матча.

Па вяртанні ў Беларусь дзяўчына распавяла пра свой легіянерскі досвед. Да таго Казакевіч выступала ў іспанскім міноры і там пачувалася дастаткова ўпэўнена са сваім узроўні гульні. Але ў элітным дывізіёне Францыі праявіць сябе не ўдалося, бо «Сент-Эцьен» аказаўся камандай больш прафесійнай і канкурэнтнай.

У абедзвюх краінах беларуска сутыкнулася з моўным бар'ерам, бо ні па-іспанску, ні па-французску не гаварыла. Да таго ж у Францыі Казакевіч засумавала па беларускім рэжыме дня. Па словах легіянеркі, крамы і кавярні ў Сент-Эцьене зачыняюцца рана - маўляў, у Мінску можна закупіцца і ў 11, і ў 12 вечара. Праца гандлёвых цэнтраў у выходныя дні таксама аказалася нязвыклай.

Ці праўда так і чаму?

У Францыі, як і ў іншых краінах заходняй Еўропы, сапраўды шмат якія ўстановы і крамы не працуюць у нядзелю, хаця адчыненыя прадуктовыя супермаркеты магчыма знайсці. Нават у Сент-Эцьене.

Прычын для таго графіка працы некалькі. Па-першае, у Францыі ўсё яшчэ важную ролю адыгрывае царква. Многія мясцовыя жыхары наведваюць нядзельныя службы, астатнія – бавяць час з сям'ёй.

Па-другое, працоўнае заканадаўства забараняе працаваць больш за шэсць дзён на тыдзень. У французскіх крамах людзі не выходзяць на працу пазменна, як у Беларусі, таму на адзін дзень у тыдзень гандлёвыя ўстановы вымушаныя закрывацца. Выключэнне з гэтага правіла – індывідуальныя прадпрымальнікі. Напрыклад, некаторыя маленькія булачныя адкрытыя і ў нядзелю (звычайна да 12-13 гадзін). За выкананнем заканадаўства пільна сочаць прафсаюзы.

Трэцяя прычына – адсутнасць эканамічнай выгады. За звышурочную працу наёмных работнікаў трэба плаціць. За вячэрнія і начныя перапрацоўкі давядзецца даплачваць да 50% звыш звычайнай стаўкі, а за працу ў нядзелю – яшчэ і адлічваць дадатковыя падаткі дзяржаве. Такія выдаткі цяжка акупіць, бо французы не звыклі хадзіць па крамах позна вечарам і па нядзелях. Працаваць без выходных ім таксама не вельмі хочацца: яны клапоцяцца пра якасць жыцця ў цэлым, і яно вымяраецца не толькі ўзроўнем прыбытку, а яшчэ і наяўнасцю вольнага часу – на хобі, спорт, стасункі і іншыя маленькія радасці.

Пры гэтым Сэнт-Эцьен, дзе беларуска трэнавалася, не такі маленькі горад - насельніцтва супастаўнае з нашымі Баранавічамі. Калі праверыць на гугл-картах, то можна знайсці і кавярні/рэстараны, якія працуюць у нядзелю.

Казакевіч - не першая беларуская спартсменка, якой Захад не змог забяспечыць поўнага камфорту. У 2022-м на дзяржТБ выйшла інтэрвʼю яшчэ адной футбалісткі Вікторыі Сідарчук, якая расказвала пра жахі жыцця ў Польшчы.

Сідарчук пераехала ў суседнюю краіну пасля таго, як падтрымала Рамана Пратасевіча. Спрабавала працягнуць карʼеру ў «Пагоні» з Здуньскай-Волі, якая гуляла ў мясцовым Д3, аднак у красавіку 2022-га зноў абʼявілася ў Беларусі.

У інтэрвʼю на дзяржТБ Сідарчук расказвала пра неахайнасць і непрыязнасць палякаў, а яшчэ выразіла незадаволенасць тым, што на вочы ёй у Польшчы часта трапляліся людзі з абмежаванымі магчымасцямі і бамжы.

Сёння дзяўчына працягвае выступаць за брэсцкае «Дынама».

Іншыя пасты блога

Усе пасты