Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/БАТЭ без дазволу падпісаў гульца з чорнага спіса – вось як Барысаў наважыўся і што за гэта было

БАТЭ без дазволу падпісаў гульца з чорнага спіса – вось як Барысаў наважыўся і што за гэта было

А потым Даніла Нячаеў пайшоў у «Тарпеда-БелАЗ».

Аўтар — bytribuna com
5 лютага, 19:00
БАТЭ без дазволу падпісаў гульца з чорнага спіса – вось як Барысаў наважыўся і што за гэта было

24-гадовы Даніла Нячаеў – адзін з футбалістаў, якіх па патрабаванні лукашэнкаўскага мінiстэрства па спорце пазбавілі ў Беларусі права на прафесію. На старце сезона-2023 гулец, які ў свой час выступіў з калегамі супраць гвалту, а потым падпісаўся ў падтрымку дыктатуры, быў звольнены з БАТЭ. Пры гэтым ён працягнуў трэніравацца з клубам без якіх-небудзь кантрактных абавязацельстваў і не атрымліваў за гэта грошай. У выніку Барысаў яго вярнуў у склад – а «Трыбуна» даведалася, як гэта атрымалася зрабіць.

Гулец зборнай Беларусі зноў падпісаў кантракт з БАТЭ 10 ліпеня – да канца 2023-га. Да таго моманту ён не выходзіў на поле ў афіцыйных сустрэчах з сакавіка – пасля кубкавай гульні з «Белшынай». Ужо 11 ліпеня Нячаеў апынуўся ў старце на матч першага раўнда кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў супраць «Партызані». Пры гэтым не з’яўлялася ніякіх навін пра тое, што футбаліст нейкім чынам «заслужыў» «прабачэнне» ў рэжыма.

Дык што ж адбылося? Па нашай інфармацыі, да моманту старту еўракубкавай кампаніі БАТЭ – якраз з-за наяўнасці гульцоў з «чорнага спіса» на базе калектыву – некалькі разоў было адмоўлена ў падпісанні «плана развіцця», што не дазваляла клубу разлічваць на падтрымку з дзяржбюджэту і сродкі дзяржпрадпрыемстваў. Бліжэй да канца чэрвеня ў Барысаве змірыліся, што подпіс лукашэнкаўскага «міністра» Сяргея Кавальчука на дакуменце займець не атрымаецца.

Гэта і стала падставай, каб смялей дзейнічаць у пытанні з Нячаевым (у БАТЭ абяцалі гульцу, што будуць за яго змагацца, і той нават не шукаў варыянты за мяжой). У клубе вырашылі, што нейкіх дадатковых страт з-за выкарыстання «забароненага» футбаліста быць ужо не можа, таму яму прапанавалі кантракт. Пры гэтым заробак яму далі на ўзроўні маладых выканаўцаў – ён, як сцвярджаюць нашы крыніцы, «нават да сярэдняга па камандзе не дацягваў і блізка».

Можа, за непаслушэнства рушылi дадатковыя санкцыі з боку псеўдаміністра спорту? Як гавораць прадстаўнікі белфутбола, якія ў курсе сітуацыі, нічога такога не адбылося. Па словах аднаго з суразмоўцаў, «склалася адчуванне, што ў «мінспорту» зразумелі, што караць няма чым – бо грошай усё роўна не пазбавіць, – і банальна адпусцілі сітуацыю». Ну а лакальная дзёрзкасць БАТЭ прывяла да таго, што Нячаеў з моманту вяртання паўдзельнічаў у 23 матчах ва ўсіх турнірах, прычым нязменна выходзіў у старце.

У пачатку снежня з’явілася інфармацыя, што абаронца пакіне БАТЭ, пазней раставанне пацвердзілі афіцыйна. Па нашых даных, кіраўніцтва клуба прапаноўвала новую дамову на куды больш выгадных умовах, аднак атрымала ад гульца адмову.

26 студзеня рэжымная камісія дазволіла семярым рэпрэсаваным спартсменам вярнуцца ў белфутбол, Нячаеву – у тым ліку. Па звестках «Трыбуны», Нячаеў асабіста прысутнічаў на паседжанні «камісіі». Там жа былі заўважаныя кіраўнік БАТЭ Андрэй Капскі і брамнік Аляксандр Гутар, якога камісія таксама «даравала», нягледзячы на меркаванне Кавальчука.

Нячаеў жа стаў трэніравацца з «Тарпеда-БелАЗ», якое 5 лютага паведаміла пра падпісанне кантракту з гульцом.

Іншыя пасты блога

Усе пасты