Усе навіны

Камароўскі пра дыскваліфікацыю: «За што мы з Макарам абавязаны заплаціць штраф? Калі для сяброў КДК гэта не грошы, то мы іх зарабляем крывёй і потам»

18 траўня, 16:08

Галоўны трэнер «Іслачы» Дзмітрый Камароўскі падзяліўся меркаваннем аб сваёй дыскваліфікацыі на 3 матчы, якая была вынесена па слядах матча ў адказ 1/2 фіналу Кубка Беларусі.

– 17 траўня ў клуб прыйшло шакуючае для мяне рашэнне Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях АБФФ, якое было прынята на падставе рапарту дэлегата нашага зваротнага матчу з «Тарпеда-БелАЗ».

Калі ўзгадаць матч, то свісток галоўнага арбітра Дзмітрыя Дзмітрыева прагучаў адразу пасля адзінаборства Калачова з Лапцевым. У прынцыпе ўжо не важна, што адбывалася на полі пасля свістка, такія сітуацыі нават VAR не разглядае.

У суддзяў цяжкая праца. Паверце, у нас таксама хапае пытанняў. Але ў тым годзе мне было сказанае, што трэнеры не маюць права каментаваць судзейскія рашэнні. Я стараюся прытрымлівацца гэтых рэкамендацый.

Мне незразумела, чаму рапарт дэлегата з аднаго і таго ж матча разглядаецца ў розны час. Наш паядынак у Жодзіне прайшоў 8 траўня, а праз два дні было прынятае рашэнне па дыскваліфікацыі Лапцева, які атрымаў чырвоную картку.

У гэты дзень па незразумелых прычынах КДК чамусьці не разглядаў эпізод па мне і Дзмітрыю Макару. Ужо пасля гульні з мінскім «Дынама» нам паведамілі, што плануюць выносіць гэтае пытанне на бліжэйшае паседжанне КДК, запатрабаваўшы тлумачальныя.

Працэс разбору пачаўся 16 траўня, да пачатку гульні са «Смаргонню». Непасрэдна перад матчам папярэдзілі, што дэлегат зараз будзе пільна за намі назіраць, бо мы непрыстойна і неадэкватна сябе паводзім.

Сябрам камітэта так доўга прыйшлося разбіраць нюансы працаёмкай справы, што рашэнне было прынятае толькі 17 траўня.

Паміж кубкавым матчам і рашэннем ужо былі згуляныя дзве сустрэчы ў рамках чэмпіянату, а дысцыплінарнае пакаранне будзе распаўсюджвацца на наступныя тры паядынкі.

Выдатна разумеем, калі б гэтае рашэнне было прынята адразу пасля паўфіналу, то наша трохматчавая дыскваліфікацыя скончылася б акурат да фінальнай гульні, але выйшла невытлумачальная зацяжка часу.

Таксама хацелася б атрымаць нейкія тлумачэнні наконт штрафу. За што мы з Дзмітрыем Макарам зараз абавязаны заплаціць па 400 рублёў? Калі для сябраў камітэта гэта не грошы, то мы іх зарабляем крывёй і потам, – сказаў Камароўскі.