Tribuna/Баскетбол/Блогі/Куды падзелася беларуска з драфта НБА: у Ізраілі перашкодзiлi тэрарысты, але ўзяла трафей у Еўропе

Куды падзелася беларуска з драфта НБА: у Ізраілі перашкодзiлi тэрарысты, але ўзяла трафей у Еўропе

Куды далей?

Аўтар — Pam-pam
1 траўня, 14:30
Куды падзелася беларуска з драфта НБА: у Ізраілі перашкодзiлi тэрарысты, але ўзяла трафей у Еўропе

У красавiку 2023-га Ксенія Малашка стала другой у беларускай гісторыі баскетбалісткай, якую абралi на драфце жаночай НБА. Пад 35-м нумарам зрабiў гэта «Чыкага Скай».

Праўда, Малашка адразу пасля гэтага сказала, што яшчэ «ўзважвае варыянты», а потым не прыехала на трэнiровачны кэмп «Чыкага» – у клубе заявiлi, што баскетбалiстка будзе гуляць у Еўропе. Новым клубам Малашкi стаў ізраільскі «Рамат Хашарон», з якім яна правяла выдатную перадсезонку.

12 кастрычніка баскетбалістка мусіла дэбютаваць у чэмпіянаце краіны, але ён не пачаўся з-за таго, што раніцай 7 кастрычніка Ізраіль быў атакаваны палесцiнскай тэрарыстычнай групоўкай ХАМАС. Урад Iзраiля ўвёў ваеннае становішча, i спорт у краiне стаў на паўзу.

Малашка, якая жыла далёка ад эпіцэнтра падзеяў, нейкі час заставалася ў Ізраілі. Неўзабаве яна выказалася наконт становiшча краiны ў сваiх сацсетках – пракаментавала вiдэа спробы абшукаць самалёт з Iзраiля натоўпам з антысемiцкiмi лозунгамi ў расiйскiм Дагестане.

«За апошнія тры тыдні я так стараюся ўбачыць прычыну, выслухаць, выцерпець, растлумачыць, ачалавечыць праблему. [Дагестанскiя падзеi] – гэта па-за маім разуменнем. Раскажыце мне, ці ёсць тут нешта, акрамя чыстага антысемітызму. Раскажыце мне, як гэта – «вызваліць Палесцiну». Раскажыце мне, ці ёсць бяспечнае месца для яўрэяў, каб жыць у міры», – напісала Малашка.

Старту чэмпіянату Ізраіля баскетбалiстка не дачакалася. Спачатку паехала ў Беларусь, дзе сустрэлася з сябрамі і блізкімі.

А ў снежні аказалася у Славакii, падпісаўшы кантракт са «Славіяй» з Банска-Бiстрыцы – срэбным прызёрам папярэдняга сезона мясцовага чэмпiянату. Праз 2,5 месяцы Малашка дапамагла сваёй камандзе заваяваць Кубак – у драматычным фінале з авертаймам былi пераможаныя (73:70) чэмпiёнкi краiны «П’ештанскі чайкі». Беларуска правяла на паркеце амаль 24 хвіліны, за якія паспела набраць 9 ачкоў і зрабіць 3 падборы.

Але ў чэмпiянаце атрымалася iнакш – «Славiя» без шанцаў прайграла «Чайкам» усе тры матчы фiнальнай серыi (54:84, 47:77, 56:69) i зноў засталася са срэбрам. Малашка ў турнiры Малашка выходзіла на паркет у 12 сустрэчах, у якіх у сярэднім набiрала 11,6 ачка, 5,7 падбора і 1,3 асіста за 21,3 хвіліны.

Дарэчы, паглядзіце, як шмат людзей прышло падтрымаць «Славiю» ў другiм матчы фiнала.

Па завяршэнні сезона Малашка, мяркуючы па ўсім, адправілася ў Варшаву – такi геатэг ставiць на свае фота.

Дзе баскетбалiстка прадоўжыць гуляць – пакуль незразумела.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты