Tribuna/Стральба/Блогі/О духе времени/BYPOL называе «лукашыстам» стралка, якога рэжым кінуў за краты пасля выбуху самалёта ў Мачулішчах, але аргументы спрэчныя, а сацсеткі спартсмена – поўнае абвяржэнне

BYPOL называе «лукашыстам» стралка, якога рэжым кінуў за краты пасля выбуху самалёта ў Мачулішчах, але аргументы спрэчныя, а сацсеткі спартсмена – поўнае абвяржэнне

Калісьці перасякаўся з братам сына Лукашэнкі – і што?

Аўтар — bytribuna com
1 траўня 2023, 09:28
BYPOL называе «лукашыстам» стралка, якога рэжым кінуў за краты пасля выбуху самалёта ў Мачулішчах, але аргументы спрэчныя, а сацсеткі спартсмена – поўнае абвяржэнне

30 красавіка BYPOL - аб'яднанне былых сілавікоў, якія цяпер працуюць супраць Лукашэнкі, - апублікаваў адказ на прапагандысцкі фільм дзяржТБ пра выбух у Мачулішчах. Нагадаем, там на аэрадроме 26 лютага гэтага года ўдарам дрона быў пашкоджаны ваенны самалёт Расіі, якая з 24 лютага 2022 года працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. З беларускай паветранай прасторы самалёт і наводзіў удары расійскімі ракетамі па Украіне - але з моманту выбуху не можа гэтага рабіць, хоць і дабраўся самастойна на рамонт на расійскае прадпрыемства. Па словах кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава, праз паспяховую атаку ў красавіку з Беларусі вывелі яшчэ тры расійскія самалёты, з якіх непасрэдна запускалі ракеты - без навігацыі яны сталі занадта абмежаванымі ў дзеяннях.

Што тычыцца відэа былых сілавікоў, прапагандысцкі фільм у цэлым не каштаваў такіх высілкаў - што казаць, калі дзяржпрапаганда спрабуе пераканаць сваю аўдыторыю ў датычнасці да выбуху Службы бяспекі Украіны, але пры гэтым сцвярджае, што нібыта яе "агент" быў настолькі не падрыхтаваны да "аперацыі", што спрабаваў заехаць у Беларусь з Польшчы па ўнутраным расійскім пашпарце (хоць не меў права знаходзіцца ў Польшчы без спецыяльнага замежнага пашпарта). У BYPOL лёгка знайшлі яшчэ кучу нестасовак у нізкапробным "кіно", пра якія і распавялі.

Аднак адна выснова ад BYPOL усё ж такі здаецца дзіўнай. Аб'яднанне паставіла кляймо «лукашыста» на 32-гадовага Дзяніса Сакалова - аднаго з тых, каго рэжым звінаваціў у выбуху. У прапагандысцкім фільме Сакалоў апісваўся як чалавек, які атрымліваў "заданні" ад "прыяцеля па агульным захапленні - практычнай стральбе". Пра гэтага «прыяцеля» мы ўжо пісалі – Віталя Якуціка, прызёра ЧС па ўжо згаданым службова-прыкладным відзе спорту, носьбіты формы адразу пасля выбуху паспрабавалі абвінаваціць у «шпіёнстве» на Польшчу па месцы пражывання і перапраўцы ў Беларусь дронаў, якія і так можна свабодна купіць у Беларусі.

У прапагандысцкім "фільме" ўстаўлена мноства "прызнанняў" Сакалова - маўляў, па просьбе Якуціка і дрон з Літвы для выбуху прывёз, і яго выканаўцу наняў на працу ва ўласнае ТАА (прычым на паказанай у фільме "дамове" стаіць наогул не тая дата выдачы «пашпарта» «выканаўцы», які трапляў у кадр раней). Але ў лапах рэжыму абгаварыць сябе можа кожны. Бясспрэчна тут адно - Сакалоў сапраўды даўно ведаў Якуціка. Яны не раз спаборнічалі адзін з адным у практычнай стральбе (Дзяніс звычайна прайграваў Віталю), але і на п'едэсталы ўнутрыбеларускіх турніраў траплялі разам. Ёсць нават некалькі фота з узнагароджанняў, дзе яны, як належыць па месцах, стаяць побач.

Сакалоў на здымку злева, Якуцік - справа

BYPOL дадаў пра Сакалова свае звесткі, што атрымаў з афіцыйных баз дадзеных рэжыму. Так, у 2017-м Сакалоў выязджаў з Беларусі ў Літву на асабістым аўтамабілі Дзмітрыя Абельскага - брата Мікалая Лукашэнкі па маці. А ў верасні 2020-га данымі Сакалова прадставіўся чалавек, які патэлефанаваў сілавікам Лукашэнкі і паскардзіўся на афарбоўку нейкімі хлопцамі лаўкі ў бел-чырвона-белы. Адрас, які быў названы скаржнікам, супадае з домам, у якім прапісаны Сакалоў, аднак па нумары тэлефона адрас зусім іншы.

На падставе такіх звестак BYPOL і называе Сакалова «лукашыстам». Аднак жа, па-першае, званок ад імя Сакалова змяшчае загадкавую нестыкоўку. Па-другое, сама па сабе паездка з Абельскім яшчэ ў 2017-м наогул нічога не паказвае - тады і Азараў працаваў у сумна вядомым лукашэнкаўскім ГУБАЗіКу, і што, калі зараз ён па іншы бок?

Зусім іншую карціну паказваюць сацсеткі Сакалова - старыя пазнакі ў пастах пра яго перамогі вядуць на старонку са злёгку змененым імем "Сокал Дзянісаў". Сакалоў у апошнія тры гады актыўна ёй карыстаўся - і сярод сотняў пастоў не знайсці і аднаго ў падтрымку рэжыму. Затое шмат – пра гісторыю Беларусі часоў паўстання Кастуся Каліноўскага, напрыклад. Ды і пра той самы бел-чырвона-белы сцяг, на колеры якога Сакалоў нібыта скардзіўся, запісаў нямала – а ў тым жа верасні 2020-га, калі нібыта здарыўся «данос», ставіў у профіль такое фота.

І ўжо дакладна Сакалоў быў супраць вайны ва Украіне. У лютым 2022-га на ягонай старонцы выйшла кароткае, але яснае паведамленне.

А ў красавіку мінулага года Сакалоў падтрымаў зварот украінскай федэрацыі практычнай стральбы да міжнароднай з патрабаваннем забаніць Расію як рэгіён праз падтрымку вайны на ўзроўні буйных рэгіянальных турніраў - там давалі Z-дыпломы з лагатыпам сусветнай арганізацыі (праўда, тая не прыслухалася да заклікаў і бан не ўвяла).

Наўрад ці Сакалоў мае нейкае рэальнае дачыненне да выбуху ў Мачулішчах, але і прарэжымнікам відавочна не быў. Зрэшты, калі носьбіты формы Лукашэнкі вырашылі кінуць спартсмена за краты за выбух, яго не ўратавала б і ідэальнае «ідэалагічна выверанае» мінулае.

Іншыя пасты блога

Усе пасты