У 2023-м экс-зборнік распавёў пра адваротны бок белхакея і рэпрэсіі рэжыму – вось як хлопец пажывае цяпер
Праблемы са здароўем застаюцца.
У ліпені 2023-га хакеіст Аляксандр Пальчык, які паспеў два разы стаць чэмпіёнам Беларусі з «Юнацтвам» і згуляць два «таварнякі» за зборную Беларусі, завяршыў кар’еру ў 20 гадоў з-за праблем са здароўем. І даў шчырае інтэрв’ю «Зеркалу», дзе распавёў, як у белхакеі рэагавалі на пратэсты 2020-га, а ў бацькоў забралі кватэру з-за таго, што бацька сышоў у стачку на «Беларуськаліі». Сам Пальчык падпісаў дэкларацыю БФСС супраць вайны ва Украіне.
Да пачатку 2023-га Пальчык на абязбольвальных «дакатваў» сезон за акіянам – у не самай моцнай юніёрскай лізе NAHL правёў 25 матчаў за «Бісмарк», набраўшы 10 (8 +2) ачкоў. Але пастаянныя праблемы са спіной падвялі маладога чалавека да рашэння не проста перастаць гуляць, а ўвогуле пакінуць хакей – Пальчык, пераехаў у Чарнагорыю і пачаў вучыцца на гейм-дызайнера.
Як у Пальчыка справы праз год? Як атрымалася даведацца «Трыбуне», болі ў спіне па-ранейшаму застаюцца, але, прынамсі, ужо не настолькі крытычныя – раней хлопец не мог нават доўга стаяць на нагах без дыскамфорту, а цяпер можа даваць сабе фізічныя нагрузкі, хоць і ў зберагальным рэжыме. Хакей жа застаўся толькі ў падпісках у сацсетках.
Галоўнай праблемай стала тое, што боль у спіне ўзнікала і з-за доўгага сядзення за камп’ютэрам. Таму ў лютым 2024-га Пальчык спыніў навучанне на завочных курсах Мічыганскага ўніверсітэта і адклаў мэту сысці ў IT-сферу.
Нейкі час экс-хакеіста падтрымлівалі бацькі, якія пасля беларускіх рэпрэсій таксама з’ехалі ў Чарнагорыю і змаглі ўладкавацца. Цяпер бацька Пальчыка, былы шахцёр, займаецца электрыкай у гатэлях курортнага горада Ціват. Маці экс-хакеіста, папрацаваўшы няняй, знайшла пасаду кіраўнiцы ў стаматалагічнай клініцы.
Знайшоў сваю крыніцу даходу і сам Пальчык. Спачатку па меры сіл дапамагаў бацьку з рамонтам кватэр, а потым па выпадковым знаёмстве стаў афіцыянтам у прэстыжным рэстаране Цівата, куды патрэбны быў чалавек з добрым веданнем англiйскай. Паралельна Пальчык дзякуючы свайму веданню мовы працуе і памочнікам рыэлтара – размяшчае абвесткi па нерухомасці для замежнікаў і пры неабходнасці кантактуе з патэнцыйнымі кліентамі.
Пры гэтым былы хакеіст хоча паспрабаваць нешта новае. Пасля кантракта з рэстаранам Пальчык збіраецца ўладкавацца на круізны лайнер, каб і зарабіць, і паглядзець свет.