Tribuna/Футбол/Блогі/Шкурын нагадвае пра тое, што беларусы ўмеюць забіваць за мяжой. Гэта сапраўды вельмі рэдкая зʼява

Шкурын нагадвае пра тое, што беларусы ўмеюць забіваць за мяжой. Гэта сапраўды вельмі рэдкая зʼява

Асабліва на сурʼёзным узроўні.

Аўтар — bytribuna com
11 сакавіка, 13:08
Шкурын нагадвае пра тое, што беларусы ўмеюць забіваць за мяжой. Гэта сапраўды вельмі рэдкая зʼява

Ілля Шкурын працягвае стабільна забіваць у Польшчы. У 23 матчах у яго 12 галоў, прычым выключна з гульні (і яшчэ пяць асістаў зверху). На сёння гэта другое месца ў спісе бамбардзіраў Экстракласы, галоўны трэнер «Сталі», за якую выступае футбаліст, кажа пра цікавасць прадстаўнікоў топ-5 ліг.

Ну а для нас гэта нагода радавацца за суайчынніка, таму што беларускія форварды за мяжой разрываюць вельмі і вельмі рэдка. Але такое ўжо здаралася. Проста вы маглі яшчэ не нарадзіцца, калі самыя істотныя дасягненні на сурʼёзным узроўні фіксаваліся.

Сяргей Герасімец

Сезон-1994/95 быў для нападніка другім у складзе ізраільскай «Бней Іегуды», куды той перайшоў з мінскага «Дынама». У дэбютным чэмпіянаце Герасімец больш падыгрываў украінцу Мікалаю Кудрыцкаму, але той загінуў у аўтакатастрофе вясной 1994-га, і галоўнай зоркай каманды стаў беларус па пашпарце, які, зрэшты, таксама нарадзіўся ва Украіне. Па выніках 17 тураў чэмпіянату-1994/95 Герасімец з 12 галамі быў найлепшым бамбардзірам лігі, а яго каманда змагалася за медалі. Асобна адзначым хет-трык у вароты «Хапаэля» з Беер-Шэвы (3:3) – прамога канкурэнта за тройку (адзнакі 1:16, 3:15, 5:28).

Аднак затым у гульца зборнай Беларусі і яго каманды пачаўся спад. За 13 тураў пры стабільных 90 хвілінах на полі легіянер забіў усяго аднойчы і ў выніку стаў трэцім бамбардзірам чэмпіянату. «Бней Іегуда» на гэтым жа адрэзку набрала ўсяго сем пунктаў і фінішавала толькі 10-й.

У тым жа сезоне Герасімец забіў пераможны мяч у вароты зборнай Нідэрландаў (1:0) у чэрвені 1995-га. Пасля летняга адпачынку футбаліст вярнуўся ў «Бней Іегуду». Адгуляў за яе шэсць матчаў без галоў, атрымаў цяжкую траўму, праз якую вылецеў на год, а аднавіўшыся, расстаўся з клубам. Перазапускаць карʼеру зʼехаў у чэмпіянат Расіі, дзе ў пачатку 1997-га падпісаўся з «Балтыкай».

Пётр Качура

25-гадовы форвард перайшоў у Д2 Англіі перад стартам сезона-1996/97 і адразу там выбіў 12 мячоў за 40 матчаў. Шкадаваць пра выдаткаваныя на легіянера 650 тысячах фунтаў, якія атрымала мінскае «Дынама», «Шэфілду Юнайтэд» не выпадала. Свой першы мяч Качура аформіў у пятай гульні. Атрымаўшы паўгадзіны на полі, спачатку аддаў галявую, а на 90+2-й хвіліне прынёс перамогу над «Вулверхэмптанам» (2:1) (адзнака 14:39).

Качура дапамагаў камандзе змагацца за выхад у элітны дывізіён (толькі аднойчы мяч беларуса не прынёс калектыву пунктаў), аднак у фінальным матчы плей-оф «Шэфілд» саступіў «Крыстал Пэлас». Затое заўзятары прызналі форварда зборнай Беларусі найлепшым іграком сезона. У 1996/97-м Качура падзяліў званне найлепшага бамбардзіра каманды з шатландцам Эндзі Уолкерам. Праўда, на ўзроўні лігі 12 галоў выглядалі сціплым вынікам – 25-е месца ў бамбардзірскім спісе.

Пазіцыі Качура пахіснуліся пасля адстаўкі Говарда Кендала, які яму давяраў і дапамагаў. За наступныя паўтара сезона ў «Юнайтэд» легіянер папрацаваў яшчэ з чатырма галоўнымі трэнерамі, часам месяцамі не выходзячы на поле.

У пачатку 2000-га адправіўся зарабляць у чэмпіянат Кітая.

Максім Рамашчанка

Чатыры гады правёў у турэцкім чэмпіянаце, самым паспяховым у плане выніковасці стаў другі сезон (2001/02). 25-гадовы Рамашчанка стабільна выходзіў у стартавым складзе «Газіянтэпспора», а свае пункты па «гол+пас» (12+4 у 30 матчах) раўнамерна размеркаваў па 34 турах.

Найлепей у левага хаўбека атрымлівалася з «Бешыкташам», які змагаўся за медалі. У першым крузе адкрыў лік (1:3).

А ў заключным туры прынёс перамогу над сталічнай камандай 1:0, што дазволіла «Газіянтэпспору» фінішаваць шостым (праўда, пасля бронзавага сезона гэта не вельмі ўражвала). Гулец зборнай Беларусі заняў 19-ы радок у спісе бамбардзіраў таго сезона і падзяліў званне найлепшага снайпера каманды з Фаціхам Тэкке. У тым жа сезоне «Газіянтэпспор» прайшоў адзін раўнд Кубка УЕФА. Адзін з галоў у вароты «Зімбру» (0:0, 4:1) запісаў на свой рахунак Рамашчанка.

Затым ён правёў яшчэ два якасныя гады ў турэцкай Суперлізе, у суме набраўшы за «Газіянтэпспор» і «Трабзанспор» 13+8 у 42 матчах, пасля чаго вярнуўся ў маскоўскае «Дынама», дзе выступаў раней. Да канца карʼеры хаўбек яшчэ раз аформіў 10+ галоў. Здарылася гэта ў 2007-м за маскоўскае «Тарпеда» у расійскім Д2 – 15 галоў у 27 матчах.

Віталь Кутузаў

Пасля года ў «Спортынгу» з маладым Крышціяну Раналду форвард «Мілана» зʼехаў у арэнду да «Авеліна» у Серыю Б. Сезон-2003/04 аказаўся для беларускага форварда самым выніковым за мяжой. Няхай цягам усяго чэмпіянату «Авеліна» змагаўся за выжыванне (беспаспяхова), але гэта не перашкодзіла 24-гадоваму нападніку забіць 15 галоў у 42 матчах.

На фінішы сезона Кутузаў аформіў дублі ў вароты прамых канкурэнтаў у барацьбе за захаванне прапіскі ў Д2 – «Вероны» (6:0) і «Пескары» (3:2). Апошняй ён двойчы забіў у аднолькавай манеры, ссунуўшыся з левага фланга ў цэнтр.

«Авеліна» фінішаваў перадапошнім і вылецеў у Серыю С. Са сваімі 12 галамі Кутузаў заняў 20-е месца ў спісе бамбардзіраў Д2, аднак летам 2004-га яго з «Мілана» за 1,5 мільёна еўра выкупіла «Сампдорыя». Менавіта ў гэтым клубе легіянер пачаў атрымліваць доўгачаканую гульнявую практыку ў італьянскай эліце. Там футбаліст у асноўным выходзіў на замену і забіў 7 галоў у 61 матчы.

У сезоне-2007/08 Кутузаў вярнуўся ў Серыю Б. У складзе «Пізы» забіў 10 мячоў за 37 гульняў.

Сяргей Карніленка

Адзіны з беларусаў, хто аформіў 10 галоў і болей у двух еўрапейскіх Д1. Пасля паспяховых сезонаў за мінскае «Дынама» малады форвард зʼехаў у чэмпіянат Украіны, дзе правёў чатыры з паловай гады. Там беспаспяхова спрабаваў загуляць за кіеўскае «Дынама», а ўлетку 2005-га за 300 тысяч еўра перайшоў у «Дняпро». Калі першы паўнавартасны сезон за «рачнікоў» не асабліва атрымаўся (пяць галоў у 27 матчах), то ў наступным (2006/07) 23-гадовы Карніленка стаў трэцім бамбардзірам чэмпіянату Украіны: за 26 матчаў забіў дзесяць мячоў.

Фатальным для ўкраінскай карʼеры футбаліста стала выдаленне ў заключным туры таго яскравага чэмпіянату. У матчы з бронзавым прызёрам «Металістам» Карніленка зарабіў дзве жоўтыя карткі за штуршок і нецэнзурную лаянку ў адрас арбітра і атрымаў пяць матчаў дыскваліфікацыі на наступны сезон. Пакуль доўжыўся бан, месца ў аснове трывала занялі канкурэнты, і ў выніку гулец вырашыў зʼехаць у Расію.

Першую палову сезона-2010 Карніленка правёў у «Томі», дзе забіваў ледзь не ў кожным матчы (11 галоў за 15 гульняў). Асабліва паспяховымі атрымліваліся матчы са «Спартаком» – тры галы за дзве сустрэчы (адзнака 1:42, адзнака 2:00) (адзнака 1:42, адзнака 2:00)

На другую частку чэмпіянату-2010 Карніленка зʼехаў у казанскі «Рубін», дзе забіў тры мячы ў васьмі матчах і заваяваў бронзу. Па выніках таго сезона легіянер падзяліў другі радок у бамбардзірскім спісе чэмпіянату Расіі з Аляксандрам Аліевым. Выніковасць Карніленкі заўважылі нават у АПЛ, куды яго ў арэнду запрасіў «Блэкпул» (там было шэсць безгалявых выхадаў на поле).

У сезоне-2017/18 Карніленка забіў у расійскім Д2 за «Крылы Саветаў» 15 галоў у 33 гульнях.

І гэта яшчэ не ўсё

У 2005-м Мікалай Рындзюк выбіў 15 галоў у 19 матчах за «Гуанчжоў» у кітайскім Д2. Праз два гады забіў 11 разоў за «Даўгаву» ў чэмпіянаце Латвіі за 28 сустрэч.

Ігар Зяньковіч гуляў у чэмпіянаце Казахстана яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. У сезоне-2012 забіў 10 разоў, а ў наступным – 15, і гэтага хапіла на званне найлепшага бамбардзіра КПЛ-2013.

Са снежня 2018-га да мінулай зімы Андрэй Варанкоў выступаў за брунэйскі ДПММ. Паміж прыпынкамі чэмпіянатаў праз пандэмію каранавіруса ён стабільна забіваў па 20+ мячоў. У 2019-м выбіў 21 гол у 22 матчах чэмпіянату Сінгапура, а праз два гады аформіў 23 мячы ў шасці гульнях брунейскай лігі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты