Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Шкурын вярнуўся на поле і адразу забіў. Да яго праяўляюць цікавасць клубы з топ-5 еўраліг

Шкурын вярнуўся на поле і адразу забіў. Да яго праяўляюць цікавасць клубы з топ-5 еўраліг

У «Сталі» прызнаюць, што не змогуць утрымаць нападаючага.

Аўтар — Pam-pam
10 сакавіка, 20:54
Шкурын вярнуўся на поле і адразу забіў. Да яго праяўляюць цікавасць клубы з топ-5 еўраліг

У 24-м туры чэмпіянату Польшчы «Сталь» Іллі Шкурына на сваім полі перайграла «Рух» з Хожува – 3:1. Беларускі нападаючы, які прапусціў папярэдні матч з-за перабору жоўтых картак, выйшаў у стартавым складзе і ўжо на 11-й хвіліне адкрыў лік у сустрэчы. Шкурын апынуўся першым на дабіванні пасля розыгрышу штрафнога.

На 28-й хвіліне адбыўся спрэчны момант – падалося, што брамнік «Руху» Дантэ Сціпіца дакрануўся да мяча рукой перад штрафной, але суддзя, параіўшыся з VAR, прызначыў вуглавы для гаспадароў.

Як аказалася, гэта было цалкам спрыяльнае рашэнне для «Сталі», бо ўжо праз хвіліну яна павялічыла сваю перавагу. Мэцью Гіём“е зачапіў мяч пасля ўдару свайго партэнра Мацея Даманьскага і стаў аўтарам першага мяча, забітага ў польскай лізе грамадзянінам Мальты.

Астатнія мячы былі забітыя ўжо пасля перапынку. На 58-й хвіліне ўсё той жа Гіём“е аформіў дубль, спрытна скарыстаўшыся мітуснёй ля брамы пасля падачы з вуглавога.

А на 69-й хвіліне «Руху», які з-за віруснай інфекцыі прыехаў на гульню далёка не ў аптымальным складзе, атрымалася аформіць гол прыстыжа.

Пасля перамогі ў распранальні «Сталі» гульцы і прадстаўнікі клубу зрабілі традыцыйны здымак.

Для Шкурына гэты гол стаў 4-м у 5 апошніх матчах за «Сталь». Цяпер у актыве беларуса 12 мячоў і 5 асістаў у 23 гульнях чэмпіянату. У гонцы бамбардзіраў ён саступае 2 мячы Экспазіта са «Шлёнска». Акрамя таго, Ілля другі ў лізе па сістэме «гол+пас» – больш толькі ў Грасіцкага з «Погані».

Такая выніковасць Шкурына прыцягнула да сябе ўвагу еўрапейскіх скаўтаў. Як распавёў у нядаўнім інтэрвʼю прэзідэнт клуба Яцэк Клімэк, на матчы «Сталі» рэгулярна прыязджаюць прадстаўнікі 2-х клубаў з ТОП-5 еўрапейскіх чэмпіянатаў і, не гледзячы на ўсе жаданні, у польскім клубе прызнаюць, што летам не змогуць утрымаць беларуса.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты