Tribuna/Футбол/Блогі/Шкурын разрывае ў Польшчы – а там норм турнір ці не вельмі? Вывучаем мясцовую лігу па розных параметрах

Шкурын разрывае ў Польшчы – а там норм турнір ці не вельмі? Вывучаем мясцовую лігу па розных параметрах

Еўракубкі, грошы, трансферы і не толькі.

Аўтар — bytribuna com
18 лютага, 18:00
1
Шкурын разрывае ў Польшчы – а там норм турнір ці не вельмі? Вывучаем мясцовую лігу па розных параметрах

16 лютага Ілля Шкурын прынёс «Сталі» з Мельца выязную перамогу (1:0) над адным з лідараў чэмпіянату Польшчы «Шленскам». Гол стаў дзясятым у сезоне для беларуса, прычым форвард не вызначаўся з пенальці – усё з гульні. Акрамя таго, на рахунку Шкурына пяць асістаў.

24-гадовы Шкурын ідзе другім у табліцы бамбардзіраў Экстракласы. Але наколькі моцная польская ліга, каб меркаваць пра паспяховасць беларуса? Вось з чаго мы можам зрабіць высновы на гэты конт.

Еўракубкі

Перад еўракубкавым сезонам-2023/24 Польшча абагнала Беларусь у табліцы каэфіцыентаў УЕФА (28-е месца супраць 32-га) – таму што ў лік пяці сезонаў у ёй дадаўся 2021/22, правальны для белклубаў і паспяховы для польскіх («Легія» дайшла да групы ЛЕ, «Ракаў» і «Шленск» выйгралі нямала матчаў у адборах). Так што сёлетні еўракубкавы розыгрыш Польшча пачынала з чэмпіёнам «Ракувам» у 1-м раўндзе адбору ЛЧ і яшчэ трыма клубамі ў 2-м раўндзе кваліфікацыі ЛК.

«Лех» і «Пагоня» выбылі ўжо ў трэцяй стадыі адбору, а вось «Легія» прабілася ў групу ЛК. «Ракув», у сваю чаргу, дабраўся да групы ЛЕ, але там у барацьбе з аўстрыйскім «Штурмам», партугальскім «Спортынгам» і італьянскай «Аталантай» заняў апошняе месца. А вось «Легія» у кампаніі з баснійскім «Зрынскі», нідэрландскім АЗ і англійскай «Астан Вілай» выйграла чатыры матчы з шасці і заняла другое месца. У 1/16 фіналу трапіўся нарвежскі «Мольдэ» – першы матч «Легія» прайграла 2:3, сустрэча ў адказ будзе 22 лютага.

Па клубе ў групах ЛЕ і ЛК – з тых, хто стартаваў у адборах з трыма камандамі ў ЛК плюс адной у ЛЧ, лепш палякаў паказалі сябе толькі Турцыя (клуб у групе ЛЧ і два ў групе ЛК) і Данія (па клубе ў групах ЛЧ і ЛК). Такога ж прадстаўніцтва, як у Польшчы, дасягнулі Нарвегія і Ізраіль (але ў іх у выніку па два клубы ў плэй-оф ЛК). У Славакіі было два клубы ў групе ЛК (адзін выйшаў у 1/16). Астатнія 27 асацыяцый з такімі ж стартавымі пазіцыямі аказаліся горш па выніках – да груп дайшлі па адным клубе або ніхто, як ад Беларусі. З тых, каго першапачаткова прадстаўляла больш за чатыры каманды, усяго дзве ў групе гуляла толькі ў Украіны: «Шахцёр» пачынаў адразу з групы ЛЧ, а ў адборах праваліліся ўсе чатыры каманды (проста «Зара» стартавала з плей-оф кваліфікацыі ЛЕ, так што выбыла адразу ў групу ЛК). Іншыя 13 краін з першапачатковымі 5+ камандамі мелі ад трох прадстаўнікоў у групах.

На сезон-2024/25, які на групавым этапе ўпершыню пройдзе па «швейцарскай сістэме» (без дакладнага падзелу на групы), табліца еўракаэфіцыентаў ужо складзеная – Польшча займае 24-е месца. Гэта дае ёй месца для чэмпіёна ў 1-м раўндзе адбору ЛЧ, для ўладальніка Кубка – у 1-м раўндзе кваліфікацыі ўжо ЛЕ, для прызёраў Экстракласы – у 2-м раўндзе адбору ЛК. Такія ж стартавыя пазіцыі будуць у клубаў са Швецыі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі, Славакіі і Азербайджана. Беларусь – на 40-м месцы: гэта чэмпіён у 1-м адбору раўндзе ЛЧ і яшчэ тры клубы ў 1-м раўндзе кваліфікацыі ЛК.

Кошты

Па ацэнцы партала Transfermarkt Экстракласа – 22-я ліга Еўропы па сумарным кошце гульцоў, якая складае 267,28 млн віртуальных еўра. Калі разглядаць сярэдні кошт гульцоў на адзін клуб, то тут польскі Д1 апускаецца на 25-е месца. Бліжэйшыя суседзі – чэмпіянаты (у кожным па 16 клубаў) Сербіі (258,71 млн еўра), Чэхіі (245,56 млн еўра), Швецыі (223,62 млн еўра), Румыніі (215,13 млн еўра) і Нарвегіі (212),83 млн еўра).

Унутры Польшчы «Сталь» Шкурына ацэньваецца 13-й у лізе па агульным кошце (8,83 млн еўра) і 12-й – па сярэднім на аднаго гульца, які складае 353 тысячы еўра. Шкурын цягне паказнік уверх – ён каштуе 1, 2 млн еўра, лідар у клубе і 42-і па ўсёй лізе.

Зоркі

Ньюсмейкерам Экстракласы ў пачатку 2024-га стаў 16-гадовы харват Лука Вушкавіч. Справа ў тым, што яго ўжо дамовіўся купіць «Тотэнхэм» у 2025-м за 13,6 мільёна еўра, а пакуль для развіцця замест «Хайдука», дзе Вушкавіча не выпускалі за першую каманду, юны талент аддалі ў арэнду ў польскі «Радамяк», які зараз дзеліць 10-е месца. У новым клубе цэнтральны абаронца ўжо правёў два матчы – яны былі прайграныя 0:6 і 0:4.

З тых, хто даўно гуляе ў Польшчы, выдзяляецца брамнік «Ракува», 25-гадовы басніец Уладан Кавачавіч. У апошнія гады хадзілі чуткі пра цікавасць да яго «Інтэра» і «Баварыі», а гэтай зімой ён быў блізкі да пераходу ў «Бенфіку». Але пакуль кіпер, які з 2021-га сабраў усе трафеі ў Польшчы, застаецца ў сёлетнім клубе. Transfermarkt ацэньвае брамніка ў 7 млн еўра – купіў яго «Ракув» усяго за 300 тысяч, так што можа аформіць выгадную здзелку.

24-гадовы левы вінгер Крыстафер Вельдэ з Нарвегіі ў пачатку 2022-га быў набыты ў «Лех» за 1,1 мільёна еўра. Сёння гульцом, які ў гэтым сезоне паспеў забіць 7 мячоў і аформіць 5 асістаў, цікавіцца французская «Ніца». Яго ацэньваюць у 6 мільёнаў еўра.

З польскіх гульцоў даўно ходзяць чуткі аб продажы ў Італію 22-гадовага паўабаронцы «Леха» Філіпа Мархвінскага. Калісьці гаварылася пра цікавасць «Мілана» і «Інтэра», у апошні час гульца атакі звязваюць з больш сціплымі клубамі. Кошт Мархвінскага – 4, 5 млн еўра.

У зімовае трансфернае акно «Легія» пракруціла два выдатныя продажы сваіх заўважных гульцоў. 22-гадовы албанскі паўабаронца Эрнэст Мучы ў пачатку 2021-га прыйшоў у польскі клуб за паўмільёна еўра, а ў 2023-м зарэкамендаваў сябе трыма галамі ў двух матчах ЛК супраць «Астан Вілы». Казалі, што трансфер гульца абмяркоўваюць з «Фулхэмам» з АПЛ, але ў выніку ён перайшоў у турэцкі «Бешыкташ» – за 10 мільёнаў еўра. Для «Легіі» гэта палова гадавога бюджэту. Другі трансфер – 24-гадовы паляк Барташ Сліш. Апорнік у пачатку 2020-га абышоўся «Легіі» ў 1,5 мільёна еўра, паспеў выйграць з камандай два чэмпіёнскія тытулы, а зараз зʼехаў у ЗША – «Атланта» з МЛС аддала за гульца 3,2 млн еўра.

Таксама адзначым, што ў Польшчы ўмеюць прадаваць і зусім юныя таленты – 17-гадовы паўабаронца Караль Борыс практычна без досведу ў Д1 сышоў са «Шленска» у бельгійскі «Вестэрла» за 2 мільёны еўра. Ну а «Арыс» Аляксея Шпілеўскага аддаў 500 тысяч за 19-гадовага цэнтрдэфа «Ягелоніі» Мілаша Матысіка.

Бамбардзіры

Галоўны бамбардзір Экстракласы на сёння – 27-гадовы іспанец Эрык Экспасіта. Улетку 2019-га дублёр іспанскага «Лас-Пальмаса» з досведам у 11 выхадаў на поле ў Ла Лізе прыехаў у «Шленск» – і з тых часоў застаецца лідарам атакі клуба. У першых чатырох сезонах ён забіваў ад 7 да 11 мячоў, а ў цяперашнім пераўзышоў сябе – аформіў ужо 14 галоў: дзевяць з гульні і пяць з пенальці. Усе іх можна паглядзець за хвіліну – ёсць і прыгожыя разборкі з абаронцамі. Таксама на рахунку Экспасіта тры асісты.

Абагнаў па галах Шкурын вельмі розных супернікаў. 35-гадовы Каміль Грасіцкі правёў 93 матчы за зборную Польшчы, у найлепшыя гады гуляў у АПЛ, а з 2021-га выступае за «Пагоню» – і стабільна выдае якасць. У сезоне-2022/23 аформіў 13 галоў і 6 перадач, паспеўшы зʼездзіць на ЧС-2022 (хоць там і атрымаў толькі тры хвіліны). А ў цяперашнім сезоне ў першых сямі матчах «маўчаў» – затое за 14 наступных ужо мае 9 мячоў (4 з пенальці) і 7 асістаў! Майстэрства камбінацый Грасіцкага можна ацаніць на відэа.

23-гадовы Бартламей Удовік з «Ягелоніі» ў клубе з 2019-га, гуляе левым абаронцам і ніколі вялікай выніковасцю не адрозніваўся. Да гэтага сезона – Удовік відавочна прапампаваў стандарты, якія і прыносяць поспех яму і камандзе. На рахунку абаронцы ўжо 9 галоў – тры з пенальці, пяць са штрафных (пацярпела ў тым ліку «Сталь»), а адзін наогул прамым ударам з кутняга. У дадатак ёсць два асісты.

У зімовую паўзу хадзілі чуткі аб продажы гульца за мяжу за 1,5 мільёна еўра, але пакуль Удовік застаўся ў клубе.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты