Tribuna/Футбол/Блогі/У Д3 ад «мiнспорту» адразу далi «найлепшае» з мiнулых гадоў – двухзначныя разгромы i чырвоная зелень у асартыменце

У Д3 ад «мiнспорту» адразу далi «найлепшае» з мiнулых гадоў – двухзначныя разгромы i чырвоная зелень у асартыменце

Без адэкватнага асвятлення, затое з абяцаннем даць грошы.

Аўтар — Pam-pam
30 красавіка, 06:00
У Д3 ад «мiнспорту» адразу далi «найлепшае» з мiнулых гадоў – двухзначныя разгромы i чырвоная зелень у асартыменце

Складана было здагадацца, але з усіх нагод афіцыйна абвясціць дзяржумяшанне ў белфутбол, якое было прыкладна заўсёды, палыхнула менавіта на розыгрышы Д3. Кіраўнік рэжымнага «мінспорту» Сяргей Кавальчук настолькі моцна не прыняў новы фармат другой лігі ад АБФФ, што «ведамства» спачатку націснула на ўсе каманды для выхаду з федэрацыйных спаборніцтваў, потым стварыла сваю «другую лігу», а 29 красавіка ўвогуле заявіла, што Д3 ад АБФФ нібыта незаконная. Пры гэтым па правілах УЕФА любыя клубныя лігі ў краіне могуць праходзіць толькі са згоды федэрацыі, якая пакуль атрымала толькі зрыў дзевяці з 10 матчаў першага туру свайго турніру.

А вось рэжымны аналаг Д3 пачалі ў тэрмiн – 27-28 красавiка стартавалi так званыя «чэмпiянаты абласцей». У «мiнспорту» ўжо паспелi пахвалiцца, што сумарная колькасць каманд будзе яшчэ большч, чым раней – «больш за 130» (паглядзiм, колькi з iх правядуць усе запланаваныя рэжымнiкамi матчы). Пры гэтым цэнтралiзаванага асвятлення хаця б на ўзроўнi лiку «мiнспорту» не дало – звесткi пра матчы прыйшлося глядзець па сайтах дзяржаўных раённых газет, таблiц не знойдзеш, пра пратаколы i казаць няма чаго.

Матчы, якія адбываліся на выходных, праходзілі з максiмальнай колькасцю чырвона-зялёнай сімволікі. Асабліва пастараліся ў Лельчыцах, дзе мясцовыя футбалісты гулялі на абноўленым стадыёне «Палессе», ад «упрыгожвання» якога рабіла ў вачах. Думаецца, гледачоў на трыбуны сабралi таксама звыклым рэжыму прымусовым парадкам.

Нават неяк нечакана, што прадстаўнікi мясцовага цэнтра культуры на перадматчавы выступ апранулi рэальна нацыянальную сiмволiку – майкi з арнаментамi.

Мясцовая «раёнка» пахвалiлася, што ў склад каманды ўвайшлi нават прадстаўнiкi «сiлавых структур». Але госцi з «Мазырскага НПЗ» не спужалiся – i нагадалi рознiцу ў футбольным узроўнi, з-за якой АБФФ i ўводзiла рэформы. Матч скончыўся з лікам 15:1 на карысць мазыран.

Не менш «страката» прайшло адкрыццё турніру ў Мар’інай Горцы. Там заўзятарам, сярод якіх былi i салдаты, давялося слухаць кiраўніка аддзела спорту выканкама Лукашэнкi па Мiнскай вобласцi Яўгена Булойчыка, якi, дарэчы, у разгромах з двухзначным лiкам нiчога гэткага не бачыць.

На фоне таксама буйнай «чырвонай зеленi» Булойчык расхвалiў «Iслач», чый дубль гуляў у матчы супраць пухавiцкай «Вiкторыi», i нагадаў, што кiраўнiк выканкама Лукашэнкi па Мiнскай вобласцi Аляксандр Турчын аддае з грошай падаткаплацельшчыкаў 300 тысяч рублёў на ўзнагароджанне прызёраў абласнога чэмпiянату (150 тысяч пераможцу, 100 тысяч другому месцу, 50 тысяч трэцяму).

Таксама гледачам далi паслухаць кавер на песню гурта «Дразды», якi выступае на фестывалях «НАК» Лукашэнкi.

У гэтай сустрэчы гледачы, праўда, не ўбачылі галявога дажджу – матч скончыўся з лікам 1:0 на карысць «Вiкторыi».

Чырвона-зялёная бясконцасць была і на матчы ў Рэчыцы, дзе мацнейшымі апынуліся госці са Жлобіна – 6:1.

У Іванава, дзе мясцовая каманда сустракалася з «Ляхавіцкім волатам», мяркуючы па фота, абышліся без празмернасцяў.

Затое лік на табло быў буйным – толькі за першы тайм гаспадары забілі 8 мячоў без адказу, а скончылi матч 11:3.

Што тычыцца Д3 ад АБФФ, то ў адзiным матчы, якi ўcё ж адбыўся, дублям «Нёмана» і «Арсенала» перад стартам вынеслi хлеб.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты