Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Кавальчук вырашыў зрабіць сваю другую лігу, калі АБФФ не саступае: хоча перацягнуць клубы, але падвышацца ім няма куды

Кавальчук вырашыў зрабіць сваю другую лігу, калі АБФФ не саступае: хоча перацягнуць клубы, але падвышацца ім няма куды

Чарговае дзікунства ад лукашыста.

Аўтар — bytribuna com
16 красавіка, 18:00
Кавальчук вырашыў зрабіць сваю другую лігу, калі АБФФ не саступае: хоча перацягнуць клубы, але падвышацца ім няма куды

Вайна паміж лукашэнкаўскім міністэрствам па спорце і Беларускай федэрацыяй футбола не сціхае. Галоўная бітва – вакол чэмпіянату Беларусі ў другой лізе. Федэрацыя зацвердзіла новы фармат з 34 калектывамі і ўжо склала каляндар (старт запланаваны на 27 красавіка), але чынушы настойваюць на захаванні ранейшага фармату з амаль сотняй каманд.

У гэтай гісторыі – чарговы паварот. Псеўдаміністэрства мае намер правесці свой, альтэрнатыўны, чэмпіянат Д3 без удзелу АБФФ, старт – ужо 22 красавіка, прычым частку ўдзельнікаў мусяць скласці калектывы, на якія разлічвае федэрацыя.

У распараджэнні «Трыбуны» аказалася пастанова на 30 старонак на гэты конт. Раскажам, што там прапісана.

АБФФ да лігі Кавальчука дачынення не мае, падвышацца няма куды

Так званае Палажэнне аб правядзенні рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў «Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па футболе 2024 года сярод мужчынскіх каманд другой лігі» разасланае ў лукашэнкаўскія ўпраўленні спорту па абласцях, а таксама ў Мінску. Атрымалі яго і РЦАП па гульнявых відах спорту «Палац спорту» і дзяржаўная ўстанова «Белспортзабеспячэнне». Усе пералічаныя структуры павінны азнаёміцца з дакументам і паведаміць у псеўдаміністэрства пра гатовасць яго выконваць.

У чым тут сутнасць Палажэння? Зразумеўшы, што АБФФ не мае намеру прагінацца і змяняць фармат чэмпіянату Беларусі ў трэцім дывізіёне так, як ён хоча, так званы міністр па спорце Кавальчук вырашыў пайсці іншым шляхам – стварыць свой чэмпіянат у другой лізе, які, уласна, будзе падпарадкоўвацца  яго псеўдаміністэрству. Федэрацыя не будзе мець да турніру ніякага дачынення. Пры гэтым незразумела, чаму ліга Кавальчука ў паперах называецца другой, калі ў яго ведамства няма ні першай лігі, не вышэйшай.

Арганізатарамі псеўдаміністэрскага чэмпіянату, згодна з дакументамі, выступаюць само лукашэнкаўскае міністэрства па спорце, РЦАП па гульнявых відах спорту «Палац спорту», ДУ «Белспортзабеспячэнне», лукашэнкаўскія ўпраўленні па спорце ў абласцях і Мінску. Пад іх кантролем пройдзе лёсаванне, будзе зацверджаны склад суддзяў і іншых спецыялістаў, неабходных у турніры.

Клубам для ўдзелу неабходна падаваць заяўкі ў РЦАП «Палац спорту». Зрабіць гэта неабходна да серады 17 красавіка па электроннай пошце. Пры гэтым заяўкі павінны быць завераныя ў лукашэнкаўскіх упраўленнях па спорце ў абласцях і сталіцы. Таксама трэба прадставіць натарыяльна завераныя копіі ўстаноўчых дакументаў, склад кіроўных органаў клуба, падпісаны Кодэкс паводзін па спартыўнай сумленнасці, лічбавы макет эмблемы клуба, даведку аб гісторыі фан-клуба, каляровыя фатаграфіі ўсіх камплектаў формаў. Працэс пачаўся зусім нядаўна.

Натуральна, ствараючы свой чэмпіянат, псеўдаміністэрства трымаецца таго фармату, ад якога адмовілася АБФФ, то бок з удзелам амаль сотні каманд. Па графіку з 22 красавіка па 30 верасня будзе праходзіць рэгіянальны этап з удзелам каманд сямі дывізіёнаў (дакладная колькасць удзельнікаў пакуль невядомая), якія будуць падзелены па геаграфічнай прыкмеце. Акрамя таго плануецца, што ў чэмпіянаце прымуць удзел 12 дублюючых складаў клубаў вышэйшай лігі – уласна, гэтыя ж калектывы павінны ўдзельнічаць і ў Д3 федэрацыі. Фінальны этап запланаваны на 7 кастрычніка – 26 лістапада пры ўдзеле 16 калектываў. Яны будуць разбітыя на чатыры групы па чатыры каманды, адкуль па два лепшыя калектывы выйдуць у плэй-оф.

Пры гэтым у лізе Кавальчука ўвогуле не прапісаная магчымасць павышэння каманд. Па сутнасці, яны не могуць патрапіць у першую лігу АБФФ, бо не будуць мець да федэрацыйных турніраў ніякага дачынення.

У так званым міністэрскім чэмпіянаце не змогуць удзельнічаць легіянеры (але да іх не адносяцца замежнікі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі не менш як тры гады і маюць від на жыхарства, расіяне, казахі і некаторыя студэнты-замежнікі). Акрамя таго, у кожнай каманды на полі павінен знаходзіцца як мінімум адзін беларус 2004 года нараджэння і маладзейшы. Пры гэтым ніжні ўзроставы парог удзельнікаў матчаў – 16 гадоў.

У Пастанове не прапісаныя ўнёскі для каманд-удзельніц. АБФФ жа з сезона-2024 павялічыла ўнёсак у свой Д3 да 6 тысяч рублёў, што выклікала абурэнне ў псеўдаміністэрства.

Судзіць будуць арбітры АБФФ?

Лізе Кавальчука дазволена прыцягваць да працы арбітраў не толькі з Беларусі, але і з Расіі, а таксама іншых краін. Памер аплаты вызначаецца арганізатарамі спаборніцтва. Як распавялі «Трыбуне» дасведчаныя крыніцы з судзейскай сферы, звычайна так званы Мінспорту на сваіх спаборніцтвах плаціць арбітрам да 15 рублёў за матч (галоўным і памочнікам – аднолькава). А вось АБФФ суддзям у Д3 дае 70-80 рублёў за матч асістэнтам, амаль 100 рублёў – галоўным суддзям.

-- Па коштах «Мінспорту» ніхто судзіць не будзе, – лічыць адзін з беларускіх арбітраў. – Думаю, ніхто не пагодзіцца працаваць на матчах «міністэрскага» чэмпіянату. Можа, пару «дурняў» знойдзецца, але ў большасці сваёй людзі будуць адмаўляцца, я ўпэўнены ў гэтым. Ніхто не хоча ўдзельнічаць у гэтым цырку. І я нават не ўяўляю, як «Мінспорту» будзе закрываць тур – арбітраў жа сапраўды не хопіць на ўсе сустрэчы. Адзінае, мне падаецца, зверху проста будуць нейкім чынам прымушаць суддзяў працаваць. Але гэта ні да чаго добрага не прывядзе.

Пры гэтым у федэрацыі футбола няма манаполіі на суддзяў, нават калі тыя працуюць на матчах пад эгідай АБФФ. Напрыклад, нейкі час таму ў Доме футбола рэкамендавалі суддзям не абслугоўваць матчы аматарскай лігі АЛФ, аднак некаторыя ігнаравалі гэтае пажаданне – і абышлося без санкцый.

Клубы гатовыя ісці пад Кавальчука?

Калі АБФФ мае намер дапусціць у свой Д3 34 удзельнікі, то ліга Кавальчука – амаль сотню. Верагодна, каманды, на якія разлічвае федэрацыя, таксама будуць запрошаныя ў рэжымны праект (сітуацыя з 12 дублямі, што прапісаныя ў Пастанове псеўдаміністэрства, ускосна гэта пацвярджае).

Пры падрыхтоўцы матэрыялу «Трыбуна» паспрабавала высветліць, што думаюць наконт рэжымнага чэмпіянату ў клубах, якія, па сутнасці, павінны будуць выбіраць, у якой лізе заставацца – «Мінспорту» ці АБФФ (наўрад ці хтосьці зможа ўдзельнічаць у двух турнірах). У асноўным, нашыя суразмоўцы схіляліся да таго, што пойдуць пад псеўдаміністэрства – проста каб выжыць.

-- Занадта ўжо вялікі ціск. За чыноўнікамі – адміністрацыйны рэсурс. Калі сёння ісці супраць улады, вы разумееце, будуць вялізныя праблемы, жыццё ўскладняць так, што адзіным выхадам стане закрыць клуб. А каму гэта патрэбна? – паразважаў у размове з «Трыбуной» прадстаўнік аднаго з клубаў Д3.

Пры гэтым, па нашых звестках, федэрацыя не мае намеру адыходзіць ад свайго плана і хоча праводзіць чэмпіянат у Д3 так, як і задумвала.

Іншыя пасты блога

Усе пасты