Спiчы хакейнага алігарха Ратэнберга стала бянтэжаць нават расiян, але пры беларусах яму ўвогуле зрывае дах

Вярзе ён, сорамна iншым.

Автор — Pam-pam
24 февраля, 15:00
Спiчы хакейнага алігарха Ратэнберга стала бянтэжаць нават расiян, але пры беларусах яму ўвогуле зрывае дах

23 лютага ў апошнім хатнім матчы «рэгуляркі» КХЛ мінскае «Дынама» прымала СКА з Санкт-Пецярбурга – i «згарэла» 1:5. Перамога стала для піцерскай каманды шостай у апошніх сямi сустрэчах і дазволіла вярнуцца на першы радок турнірнай табліцы. Але засланіў гэта спiч галоўнага трэнера СКА Рамана Ратэнберга – хакейнага алiгарха, якi заадно трэнiруе каманду «Расiя 25», з’яўляецца вiцэ-прэзiдэнтам СКА i першым вiцэ-прэзiдэнтам федэрацыi хакея Расii.

Ратэнбергу было асаблiва важна, што матч з «Дынама» праходзiў менавiта 23 лютага – у чарговую гадавiну ўзнiкнення савецкай армii. З-за гэтага СКА гуляў у форме з надпiсам «Ленiнград» (назва Санкт-Пецярбурга ў савецкiя часы). А пасля матча трэнер каманды заявiў: «Хачу прысвяціць гэтую перамогу ўсім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, усім, хто зараз знаходзіцца на фронце, байцам «СВА» (так у Расii называюць працягваемую краiнай вайну ва Украiне – Tribuna.com). Прысвячаем сёння гэтую перамогу нашай арміі. Расія, наперад!».

Такая заява адыёзнага расіянiна чарговы раз здзiвiла нават карыстальнiкаў расiйскiх сайтаў – асаблiва ў частцы таго, што Ратэнберг прысвяцiў перамогу расiйскай каманды над беларускай у тым лiку «усiм ветэранам» тых баявых дзеянняў, у якiх расiяне i беларусы былi на адным баку.

Хтосьцi здзiвiўся самому маштабу падзей, якiя параўнаў Ратэнберг.

I нагадаў, што з прысвячэннямi цяперашняй вайне ва Украiне няма чаго дзiвiцца міжнароднаму бану.

Для Ратэнберга гэта далёка, далёка не першае дзіўнае выказванне. Вось толькi некаторыя з яго слоў, якiя выклiкалi ў расiйскiх каментатараў шок, прычым толькi за люты 2024-га (а ён выдае пачкi падобных цытат кожны месяц):

Advertisment

• «Глядзелі матчы «Барсы»? Калі там быў Гвардыёла, татальны кантроль гульні. І ў гэты час выдаляюць Месі – я такога не бачыў. А ў СКА гэта адбываецца»;

• «На «СКА-Арэне» заліты найлепшы лёд прама з Паўночнага полюса і з Антарктыды. Ні адна іншая каманда ў свеце не можа пахваліцца тым, што гуляе на лёдзе, якому паўмільёна гадоў!»;

• «У нас дома ў Санкт-Пецярбургу будзе найлепшая арэна ў свеце. Мы нават лепш, чым «Камп Ноу». Атмасфера сапраўды будзе лепшая – гэта хакей. Ён цікавейшы за футбол»

• «Сёння мы ўстанавiлі рэкорд наведвальнасці для матчаў з удзелам ніжагародскага «Тарпеда». У наступнай гульні будзем устанаўлiваць рэкорд для гульняў з удзелам «Северсталі»;

• «Міжнародная федэрацыя хакея поўнасцю кіруецца фінамі. А вы ведаеце палітычную пазіцыю Фінляндыі, якая закрывае межы з Расіяй» (iронiя ў тым, што Ратэнберг мае грамадзянства Фiнляндыi);

• «Мы правялі шахматны турнір ў актагоне, а можам кімано надзець, каб кінуць суперніка праз сцягно. Гэта і ёсць гарманічнае развіццё асобы»;

• «Канадцы разумеюць, што без Расіі яны не будуць развівацца, сумуюць па нас. Будзе дэградацыя, іх хакеісты будуць гуляць усё горш».

Але неяк асаблiва яскрава атрымлiваецца ў Ратэнберга, калi ён сутыкаеццца з беларускімi камандамi ды гульцамi.

Так, у сакавiку 2023-га ў матчы плэй-оф КХЛ СКА супраць «Дынама» Ратэнберга абурыў амерыканскi абаронца мiнчан Джозэф Душак, чыя клюшка выпадкова прыляцела ў твар расіяніну СКА Марату Хуснутдзінаву.

Тады галоўны трэнер пецярбургскай каманды спусціўся да борціка і эмацыйна крычаў на англійскай мове.

9 траўня трэнер са зборнай «Расіі 25» гуляў супраць зборнай Беларусi – i дзякаваў Богу за «такi велізарны гонар, такую магчымасць згуляць у гэты дзень, паказаць на ўсю краіну наш рускі характар». Але ж паказаў Ратэнберг толькi стужку з ваенных ордэнаў Расійскай імперыі ды веданне мата.

Незадаволены адным з эпiзодаў матча, Ратэнберг закрычаў: «###### (абразлівы зварот да гея – Tribuna.com) выдаляй ## ### [к чорту]! ####### [Членасмокi], ##### [блін]».

А 15 траўня Ратэнберг у канцы матча ў Мiнску так спрабаваў дакрычацца да суддзяў, што ўзлез нагамi на борт. «Я проста спрабаваў паўплываць на сытуацыю. Усё дзеля перамогі!» – сказаў потым Ратэнберг. Не дапамагло – «Расiя 25» тады прайграла Беларусi 2:3.

Паражэнне СКА ад «Дынама» у кастрычніку мінулага года хоць і не вывела спецыяліста з сябе, але падарыла тым, хто сочыць за КХЛ, новы мем. Так Ратэнберг патлумачыў сваё фіяска ў беларускай сталіцы: «Мы пад нагрузкамі-з улікам усіх пералётаў і выязной серыі. Вы ведаеце, што такое «самалётныя ногі»? За мінулы месяц мы правялі 30 гадзін у самалётах. Гэта няпроста з пункту гледжання аднаўлення».

У снежні 2023-га, пасля перамогі «Расii 25» над беларускай зборнай на «Кубку Першага канала», Ратэнберг чарговы раз выдаў нешта дзіўнае – сказаў гульцам у раздзявальнi: «Як і дамаўляліся, трэба было падняць настрой усёй краіне. Так, мы [супернiкаў] заманілі. Гэта руская культура: мы іх заманілі, а потым перамаглі!».

На гэтым жа турніры Ратэнберг прайшоўся па беларускім хакеісту Максiме Сушко, які ў адным эпiзодзе атрымаў двуххвілінны штраф. Трэнеру вiдавочна здавалася, што гэтага мала.

«Гулец зборнай Беларусі няправы ў гэтай сітуацы. Навошта біць у галаву? У хакеі трэба гуляць у хакей, а калі хочаш біць у галаву, ідзі ў іншы від спорту – бокс, ММА, баі без правілаў. Дзякуй богу, [расiйскi гулец] трымае ўдар, усё ж ён вырас у Санкт-Пецярбургу, ленінградская вуліца навучыла яго трымаць удар», – сказаў тады коўч.

Але ўсяму гэтаму, канешне, не пераплюнуць заявы Ратэнберга пасля перамогi СКА над «Северсталлю» (4:1) – каманда алiгарха тады перапыніла серыю з пяці паражэнняў, i ён вельмi нягегла падзякаваў за гэта аўтару першай у матчы шайбы, беларускаму гульцу Уладзіміру Алістраву, якога называў «Алi».

«Сёння нам прарваў блакаду Алі. Давайце Алі павіншуем. Прарваў блакаду Ленінграда», – сказаў Ратэнберг у распранальні.

Такiм параўнаннем з жудасным эпiзодам Другой сусветнай вайны Ратэнберг выклікаў абурэнне не толькi ў каментарыях (там было вельмi шмат), але i ў расiйскiх хакейных дзеячаў. Напрыклад, экс-трэнер СКА і зборнай Расii Вячаслаў Быкаў сказаў: «Параўноўваць такія рэчы немагчыма і няправільна. Трэба кантраляваць свае словы».

Цяпер СКА ўзначальвае турнірную табліцу Захаду – i, калi ўтрымаецца там, у плэй-оф сустрэнецца з мінскім «Дынама». Чакаем новых перлаў ад Ратэнберга?