Новы клуб Хацкевіча любіць мяняць трэнераў, гуляе на навюткім стадыёне, актыўна шукае спонсараў, абламаў усіх прагназістаў

База проста фантастычная.

17 января, 12:00
Новы клуб Хацкевіча любіць мяняць трэнераў, гуляе на навюткім стадыёне, актыўна шукае спонсараў, абламаў усіх прагназістаў

Сасновец – прамысловы горад з насельніцтвам больш за 200 тысяч чалавек, размешчаны ў паўднёвай частцы Польшчы, у Сілезскім ваяводстве. Галоўная футбольная каманда там – «Заглембе». Менавіта ў ёй прадоўжаць свае карʼеры вядомыя беларускія спецыялісты: Аляксандр Хацкевіч у якасці галоўнага трэнера і Міхаіл Залеўскі на пасадзе спартыўнага дырэктара.

Дарэчы, клуб прадставіў трэнера ў сацыяльных сетках вельмі крутым відэа.

Найлепшыя гады клуба – 1950-70-я. За той перыяд «Заглембе» чатыры разы заваёўваў сярэбраныя медалі чэмпіянату Польшчы і тройчы бронзавыя, а таксама чатыры разы станавіўся ўладальнікам кубка краіны.

Цяпер клуб далёкі ад падобных дасягненняў. У эліту «хлопцы з Брыніцы» апошні раз узнімаліся ў 2018 годзе. Праўда, прабыўшы там усяго сезон і заняўшы апошняе месца, апусціліся ў Д2. У першай лізе каманда таксама зорак з неба не хапае і практычна кожны сезон вымушана змагацца за выжыванне. У чэмпіянаце 2021/2022 «Заглембе» фінішавала ўсяго ў адным пункце ад паніжэння ў класе, а годам раней ад вылету іх выратавала тое, што лігу пакідала толькі адна каманда.

Advertisment

У новы сезон «Заглембе» ўваходзіў з аптымізмам. Перад яго пачаткам у Сасновец прыехала некалькі цікавых гульцоў атакуючага плана. Адным з такіх стаў Хуан Камара. У іспанца нават ёсць перамога ў Кубку Іспаніі ў складзе «Барселоны» (правёў 14 хвілін у адным матчы і аддаў галявую). Таксама ён выступаў за «Барселону Б», «Вільярэал Б», мае 5 матчаў за зборную Іспаніі Ю-17 і больш за паўсотні матчаў у Экстракласе за «Ягелонію» і «Медзь». Яшчэ ў «Заглембе» перайшлі эквадорац Жаэль Валенсія (гуляў у Чэмпіёншыпе за «Брэнтфорд» і таксама за Іспанію U-17 – 12 матчаў) і вопытны 35-гадовы Каміл Блінскі (127 матчаў у польскай эліце, пагуляў таксама ў Літве за «Жальгірыс» і ў Латвіі за «Рыгу» – і там, і там станавіўся чэмпіёнам і браў Кубкі).

Каміл Блінскі

Аптымізму таксама дадавала канцоўка сезона 2022/23. Тады каманду прыняў Марцін Маліноўскі, які здолеў набраць 15 пунктаў у 8 матчах і захаваць прапіску ў Д2. Кіраўніцтва вырашыла яго пакінуць, і новы сезон спецыяліст пачаў у дуэце з Кшыштафам Гурэцкам. З пазітывам на «Заглембе» глядзелі і эксперты, называючы каманду «чорным конікам» будучага чэмпіянату польскага Д2.

Аднак рэальнасць аказалася зусім іншай. У стартавых пяці турах каманда набрала толькі адзін пункт, і дуэт коўчаў пакінуў Сасновец. Новым галоўным стаў Артур Дэрбін, які на гэтую пасаду ўвайшоў ужо трэці раз. Зрэшты, паправіць справы і ў яго не выйшла. Па выніках першага круга «Заглембе» замыкае табліцу Д2 з адставаннем ад выратавальнага месца на 8 пунктаў (а ў канкурэнтаў яшчэ матчы ў запасе).

Асноўная частка акцый «Заглембе» належыць гораду, які актыўна інвеставаў у каманду, што для Польшчы не такая ўжо і звычайная справа – у суседзяў мясцовыя ўлады не раскідваюцца грашыма. Але ж у апошніх трох сезонах «Заглембе» атрымаў з бюджэту больш за 36 мільёнаў злотых (9 млн долараў) – рэкордная сума для першай лігi Польшчы. Аднак, нягледзячы на добрае фінансаванне, выбітных поспехаў каманда не дамаглася. Акрамя таго, пытанні выклікае і пазіцыя кіраўніцтва клуба ў дачыненні да галоўных трэнераў. Цяпер ідзе 19-ы сезон запар, у якім «Заглембе» не скончыць сезон з трэнерам, які яго пачынаў!

Сумныя вынікі апошніх гадоў і перспектыва пакінуць Д2, падобна, прымусілі каманду з Сасноўца цалкам змяніць вектар развіцця. З канца восені ўлады горада актыўна шукаюць інвестараў і нават гатовыя прадаць клуб, пакінуўшы сабе толькі 10%. У польскай прэсе зʼяўлялася інфармацыя пра зацікаўленасць групы румынскіх бізнесменаў, была цікавасць і ад польскага дэвелапера DL Invest Group, актывы якога складаюць каля 6,7 млрд. злотых (1,6 млрд. долараў). Сам клуб нават пачынаў супрацоўнічаць з бразільскай фірмай Matix Capital, якая павінна была дапамагчы ў пошуку новых фундатараў. У польскай прэсе гэтую прыдумку ўспрынялі са скепсісам.

Пакуль «Заглембе» знайшоў аднаго інвестара. Ім стаў прадпрымальнік Рафал Колінс (Хмялеўскі), які вядомы ў Польшчы па розным тэлешоу. Ён набыў усяго 0,74 працэнта акцый. Але ж гэтага аказалася дастаткова, каб стаць адказным за спартыўную вертыкаль.

Рафал Колінс

Акрамя таго, як інфармуе польскі партал meczyki.pl, кантрольны пакет акцый каманды з Сасноўца можа набыць украінскае футбольнае агенцтва ProStar, вядомымі кліентамі якой зʼяўляюцца абаронца «Эвертана» Віталь Міколенка і галоўны трэнер зборнай Украіны Сяргей Раброў. Пасаду генеральнага дырэктара там займае Вадзім Шаблій, які якраз і мусіць інвеставаць у «Заглембе», а вышэйзгаданы Kолінс проста стане тварам праекта. Дарэчы, украінскі бізнесмен прадстаўляў інтарэсы Хацкевіча ў часы яго працы ў зборнай Беларусі. Таксама ён спрыяў пераходу Мікіты Корзуна ў кіеўскае «Дынама».

Вадзім Шаблій

Нягледзячы на праблемы, у Сасноўцы ёсць усе ўмовы для працы. У лютым 2023-га клуб пераехаў на новенькі стадыён, які носіць назву ArcelorMittal Park. Кампактная арэна ўмяшчае 11 600 чалавек:

Тут свае дамашнія матчы ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і групе Лігі Еўропы праводзіў першы польскі клуб Іллі Шкурына «Ракаў».

Інфраструктуры «Заглембе» пазайздросціць большасць клубаў беларускай вышэйшай лігі. Тут і свая акадэмія, і чатыры паўнавартасныя трэнавальныя палі для яе (два са штучным пакрыццём, адно з якіх можа станавіцца крытым, і два з натуральным). Таксама на базе ёсць пляцоўкі для пляжнага футбола, валейбола, мабільныя палі ў летні час, два міні-палі, сілоўня, крыты басейн, атэль, рэстаран і кавярня.

Побач з базай размешчаны стадыён «Людовы», на якім свае матчы гуляюць футбалісты другой каманды «Заглембе».

Умовы для працы ў беларускіх спецыялістаў сапраўды выдатныя. Але гэта не дае адказу на пытанне, як уратаваць каманду, якая абрынулася настолькі глыбока.