Все новости

Апейкін аб NFT-аўкцыёне: «Мы не ведаем імёнаў тых, хто купляў медалі Аляксандры Герасімені. Але мы бязмежна удзячныя, асабліва калі гэта рабілася ў мэтах дасягнення нашай агульнай мэты»

19 января 2022, 11:04

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Александр Апейкін распавёў «Белсату» пра NFT-аўкцыён, на якім былі прададзены ўжо два алімпійскія медалі дырэктаркі БФСС Александры Герасімені.

– NFT – гэта трэнд. І за такімі рэчамі трэба сачыць, калі ты хочаш сінхронна рухацца за ўсім светам, ісці ў нагу за прагрэсам і разумець, што адбываецца і ў які бок развіваецца гэты свет. Я NFT вывучаю амаль год. І нам трэба было якасна падрыхтавацца, даследваць поўнасцю тэму, вывучыць пляцоўкі, зрабіць 3D-мадэлі медалёў. І ў гэтым мы бачылі збольшага момант іміджавы.

Я, напрыклад, не разлічваў, што наш першы NFT-аўкцыён так хутка адбудзецца. Настройваўся, што не раней за лета ў нас распачнуцца гандляванні і будуць нейкія прапановы. Гэты рынак вельмі непрадказальны: могуць цаніцца абсалютна, на першы погляд, малазначныя рэчы, а больш цікавыя лічбавыя копіі ці NFT-копіі могуць не мець аніякага кошту ці мінімальны кошт. Калі сцісла, то ўсё пераходзіць з рэальнага свету ў лічбавы, пра што пісалі фантасты. Будзе і далей адбывацца лічбаванне рэальнасці, і прадметы ў лічбавым свеце будуць мець такі ж або, можа, і большы кошт, чым прадметы матэрыяльнага свету.

Мы рабілі наш NFT-аўкцыён на пляцоўцы, якая працуе на крыптавалюце этэрыюм і мае там яшчэ некалькі платформаў. Адпаведна пакупнік робіць азначаныя ўкладанні. Купіў ён, напрыклад, медаль Аляксандры Герасімені за 7 этэрыюмаў, і гэты лот можа праз паўгода, напрыклад, узляцець у 10 разоў. То бок ён інвестуе ў сваю будучыню. Няма сэнсу выводзіць сродкі ў наяўныя. Лепей трымаць у крыптавалюце, выбудоўваць разлікі ў ёй, напрыклад, для дапамогі спартоўцам або палітзняволеным. Праз яе дапамагаць пералічваць сродкі. Бо гэта аніяк не адседжваецца. І хоць аўкцыёны адбыліся, але сродкі застаюцца ў той жа крыптавалюце на той жа пляцоўцы.

– Значыць, калі медалі Аляксандры Герасімені, выстаўленыя за $ 30 000–35 000 прадаюцца за $ 27 500 ці $ 19 700 – не значыць, што вы ў пройгрышы?

– Мы выстаўлялі медаль, напрыклад, за 6,2 этэрыюма. Гэтая крыптавалюта вельмі валатыльная (volatility – паказнік у кіраванні фінансавымі рызыкамі, які характарызуе зменлівасць коштаў на штосьці). Яна канверсуецца ў долары ЗША. На момант выстаўлення лоту гэтая сума была роўная $ 25 000, але потым «эфір» упаў, і атрымалася $ 19 700.

Але да восені «эфір» зноўку вырасце, і курс будзе прыкладна $ 5500 за ETH 1. Адпаведна, кошт лота павялічыцца да $ 32 тысяч долараў. А па тэхналогіі блокчэйн 10 % з кожнага далейшага продажу будуць ісці ў гаманец Беларускага фонду спартовай салідарнасці. Мы не ведаем імёнаў тых, хто купляў медалі Аляксандры Герасімені. А можа гэта і адна асоба. Не ведаем і, магчыма, ніколі не даведаемся, калі ён ці яны сам не аб’явяцца.

Калі на «eBay» мы, выстаўляючы рэальныя лоты, маглі пазнаёміцца з тымі, хто іх набыў, то на «OpenSea» практычна нерэальна гэта зрабіць. Там проста лічбавы нікнем, і абсалютна не зразумела, хто за ім стаіць. Але мы бязмежна, зразумела, удзячныя таму чалавеку ці тым людзям, асабліва калі гэта рабілася ў мэтах дасягнення нашай агульнай мэты», – расказаў Апейкін.

Нагадаем, што першы медаль Герсімені (срэбраны з Гульняў у Лондане-2012 за 50 м вольным стылем) быў прададзены за 27,5 тысяч даляраў, а другі медаль (бронзавы з Гульняў у Рыа-2016) – за 19,7 тысяч даляраў. Для продажу застаўся срэбраны медаль 100 м вольным стылем з Гульняў у Лондане-2012, які каштуе 11,5 ЕТН. Курс эфірыўма на сённяшні дзень крыху больш за 3 тысячы даляраў.