Все новости

Сабраныя фондам паралiмпiйца Талая i «Белай Руссю» прадукты i рэчы павязуць у «ДНР i ЛНР». Збор праводзяць для «мiрнага ўкраiнскага насельнiцтва»

18 апреля 2022, 21:01

Фонд прарэжымнага паралімпійскага плаўца Аляксея Талая сумесна з «Белай Руссю» аб’явілі збор прадуктаў, сродкаў асабістай гігіены і медыкаментаў для « сем’яў Данбаса, дзяцей і параненых людзей, мірнага ўкраінскага насельніцтва».

Як перадае «Наша Ніва», адна з чытачак патэлефанавала ў «Белую Русь», каб даведацца, у якія ўкраінскія гарады адправіцца дапамога.

«На машынах завязуць непасрэдна туды, дзе ўцекачы знаходзяцца, у Данецкую ці Луганскую рэспубліку. Або вызваленыя зоны. Заязджаць на тэрыторыю Украіны мы не будзем. Толькі туды, дзе знаходзяцца ўцекачы.

Лепш прыносіць усё беларускай вытворчасці. Вы ж ведаеце, што асабліва беларускія прадукты карыстаюцца папулярнасцю», — аб гэтым расказала вядучы спецыяліст па арганізацыйна-кадравай працы «Белай Русі» Наталля Клімовіч.

Нагадаем, што так званыя ЛНР і ДНР не прызнаны міжнароднай супольнасцю і з’яўляюцца часткамі Украіны.

Па інфармацыі ААН, не менш як 11,7 мільёна чалавек выехала з Украіны за ўвесь час вайны з Расіяй. Больш за 4,6 мільёна украінцаў бяжалі за мяжу, 7,1 мільёна з’ехалі ў больш бяспечныя раёны Украіны. Па дадзеным РФ, з Украіны ў Расію прыехала каля 783,6 тысячы чалавек, з якіх больш за 147 тысяч – гэта дзеці. Украінскі бок і праваабаронцы лічуць, што ўкраінцаў у Расію вывозяць сілком.