Все новости

Кацярына Сныціна: «Спартоўцы «павінны» дзяржаве? Тады і дзяржава мне павінна спакойнае жыццё ў краіне, дзе я не буду баяцца арышту за тое, што выказала сваё ўласнае меркаванне»

26 мая 2022, 22:18

Баскетбалістка Кацярына Сныціна ў размове з «Нашай Нівай» падзялілася меркаваннем наконт таго, што чыноўнікі не маюць права патрабаваць нешта ад спартоўцаў, калі ў краіне існуе пераслед за выказванне ўласнага меркавання і не выконваюцца правы чалавека.

- Ваша былая каляжанка па зборнай Ліндсей Хардынг распавяла ў нядаўнім інтэрв’ю, што вельмі расчараваная сваім беларускім пашпартам, бо не думала, што гуляла з тымі, хто здольны падтрымліваць вайну. Разумееце яе?

– І ў мяне ёсць лёгкае расчараванне, але яно мне не перашкаджае жыць. Не ведаю, колькі людзей з маёй нацыянальнай каманды падтрымліваюць вайну. Але думаю, што тыя, хто маўчаць, для мяне хутка пяройдуць у разрад прыхільнікаў вайны, бо менавіта праз маўклівую згоду сітуацыя ў нашай краіне дайшла да такога трэшу.

Мне здаецца, ябацькі не зразумелі б Ліндсей. Маўляў, чаму яна яшчэ нешта кажа, калі мы ёй далі пашпарт, у яе атрымалася паехаць з беларускай зборнай на Алімпіяду і яна ўвогуле павінна нам ногі цалаваць? Не! Зборнай быў патрэбны плэймэйкер, баскетбалістка шукала сабе еўрапейскую каманду. Вы сышліся, падпісалі кантракт і павінны адно аднаму толькі тое, што там прапісана. Таму ў мяне няма пытанняў да яе.

- Дзяржава дазваляе сабе такую рыторыку да шмат каго са спартсменаў.

– Вы пра тое, што мы ўсе «павінны» дзяржаве? Тады і дзяржава мне павінна, павінна спакойнае жыццё ў краіне, дзе я не буду баяцца арышту за тое, што выказала сваё ўласнае меркаванне. Гэта двухбаковая гульня.

Ніколі раней у гэта не ўнікала, а цяпер думаю: хто вам даў права так лічыць? Ведаю, што людзі ў міністэрстве [спорту] так і лічаць, бо калі і я з гэтым расла, то яны пражылі з гэтым яшчэ больш часу, яны прызвычаіліся так лічыць. Прапускала такія размовы міма вушэй, але ў нейкі час прачнулася.

Я лічу, што нікому нічога не павінна. Мы мелі кантракт, вы мне плацілі, а я гуляла, рабіла што магла на пляцоўцы, атрымлівала траўмы і разбівала сабе ў кроў калені і локці. Канечне, калі ты гуляеш за нацыянальную каманду, гэта больш эмацыйна, чым выходзіць на пляцоўку ў нейкім чэмпіянаце. Але насамрэч, мы проста працавалі разам, вось і усё.

Успомніла цяпер усе гэтыя размовы, маўляў, хто ты такая. А хто вы такія? Чаму вы ставіце маё жыццё і мае спартовыя якасці на другое месца, а я павінна толькі глядзець на вас і паўтараць, як усё цудоўна ў маёй краіне? Што, калі ў мяне і ў большасці людзей іншае меркаванне?

- Думаеце, гэтыя чыноўнікі не разумеюць, што краіна ў нас адна?

– Так. Іншая справа, калі б мы жылі ў краіне, дзе бабулям не трэба лічыць кожную капейку, дзе людзі з інваліднасцю маглі б у любым горадзе Беларусі самі хаця б наведаць аптэку. Бачу на былым Tut.by шмат нататак пра тое, што трэба сабраць дзіцёнку грошы на ўкол, але чаму гэта робяць людзі, калі гэта праца дзяржавы?

Але ж мы не такая краіна, і таму трэба змяняцца. Лічу, што калі б цяпер была той жа баскетбалісткай, якой была 15 гадоў таму, то не дасягнула б нічога, што маю цяпер. Але на працягу кар’еры я развівалася, у кагосьці сцягвала трэніроўкі, займалася дадаткова, і гэта нармальна. Калі б я не змянілася, для мяне гэта было б жудасна.

І тое ж самае з дзяржавай. Калі ў вас усё добра — окей, але калі ўсё ідзе не туды, хіба вы не можаце падумаць пра тое, што варта нешта змяняць? – падзялілася меркаваннем колішні капітан зборнай Беларусі.