Гулец «Борнмута» выйшаў на поле ўпершыню за 535 дзён, пабароўшы рак. Яму апладзіраваў увесь «Віла Парк»

Гісторыя тыдня.

21 сакавіка 2023, 10:40
Гулец «Борнмута» выйшаў на поле ўпершыню за 535 дзён, пабароўшы рак. Яму апладзіраваў увесь «Віла Парк»

Выязны матч «Борнмута» супраць «Астан Вілы» ў АПЛ 18 сакавіка скончыўся дрэнна для «вішань»: каманда прайграла 0:3.

Аднак для «Борнмута» гэты матч усё роўна стаў знакавым: праз 536 дзён, пабароўшы анказахворванне, на апошнія 12 хвілін матча на поле выйшаў Дэвід Брукс.

Наўрад ці, але вы можаце памятаць яго па трансферных інсайдах з 2020-га: тады, пасля вылету «Борнмута» ў Чэмпіёншып, правым вінгерам нібыта цікавіліся «МЮ» і «Тотэнхэм».

Аднак трансфер не адбыўся, а ў кастрычніку 2021-га Брукс паведаміў у сацсетках: у яго анказахворванне другой стадыі. Зразумела, што гульцу прыйшлося прыпыніць сваю футбольную кар'еру з-за лячэння:

«Мне вельмі цяжка пісаць гэтае паведамленне. У мяне дыягнаставалі лімфому Ходжкіна другой стадыі, і я пачну курс лячэння на наступным тыдні. Хоць гэта і было шокам для мяне і маёй сям'і, прагноз станоўчы, я ўпэўнены, што цалкам вылечуся і вярнуся да гульні настолькі хутка, наколькі магчыма.

Я хацеў бы выказаць сваю падзяку лекарам, медсёстрам і членам персаналу, якія працавалі са мной, за іх прафесіяналізм, цеплыню і разуменне на працягу гэтага перыяду. Я хачу падзякаваць усім у Футбольнай асацыяцыі Уэльса, таму што калі б іх медыцынская каманда хутка не звярнула ўвагу на праблему, мы маглі б не выявіць гэтую хваробу. Я таксама хачу падзякаваць «Борнмуту» за іх падтрымку і дапамогу на мінулым тыдні.

Advertisment

Хоць я і шаную тое, што да мяне будзе прыкавана ўвага і цікавасць медыя, я хачу папрасіць паважаць маё асабістае жыццё ў бліжэйшыя некалькі месяцаў, і я буду дзяліцца паведамленнямі па прагрэсе ў лячэнні, калі ў мяне будзе магчымасць. Пакуль што – дзякуй усім за вашыя паведамленні з падтрымкай. Гэта шмат для мяне значыць і будзе значыць у бліжэйшыя месяцы. Я з нецярпеннем чакаю моманту, калі зноў убачу ўсіх вас і буду займацца ўлюбёным спортам».

Ужо ў маі 2022-га Брукс паведаміў, што прайшоў курс лячэння: «На мінулым тыдні я сустрэўся са сваім лекарам і даведаўся пра вынікі свайго абследавання. Вельмі рады паведаміць, што маё лячэнне было паспяховым, і я вылечыўся ад раку. Гэта проста неверагодна, што я магу сказаць гэта. Я ўдзячны за ўсе вашыя паведамленні і добрыя пажаданні. Яны вельмі дапамаглі мне ў цяжкія дні».

Аднак да трэніровак ён не вяртаўся яшчэ паўгода – праходзіў рэабілітацыю і падрыхтоўку. І толькі на матч з «Ліверпулем» 11 сакавіка, які «Борнмут» выйграў дома 1:0, Дэвід патрапіў у заяўку – упершыню з 2 кастрычніка 2021-га, калі ён правёў у запасе матч з «Шэфілд Юнайтэд».

А ўжо на матчы супраць «Астан Вілы» Гары О'Ніл выпусціў яго на 79-й хвіліне – трыбуны сустрэлі Брукса стаячымі апладысментамі.

У апошні раз на поле ён выходзіў яшчэ супраць «Пітэрбара» 29 верасня 2021-га.

«З моманту пастаноўкі дыягназу я заўсёды імкнуўся вярнуцца. Назіраць збоку за вяртаннем у Прэм'ер-лігу ў мінулым годзе было цяжка. Хацелася быць часткай гэтых падзей, і я хачу зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы «Борнмуту» застацца ў АПЛ.

Гэта крыху дзіўная эмоцыя. Я не паўплываў на гульню так, як хацеў, але ў асабістым плане апошнія 18 месяцаў былі вельмі цяжкім перыядам. Было прыемна вярнуцца сюды і стаць часткай каманды. Я ўдзячны ўсім, хто падтрымліваў мяне на цягам гэтага часу.

Я хацеў бы падзякаваць заўзятарам «Вілы» – нават калі я размінаўся, яны казалі прыемныя рэчы і апладзіравалі мне. Гэта быў прыемны момант і для маёй сям'і», – так пракаментаваў сваё вяртанне сам Брукс.

Галоўны трэнер «Борнмута» Гары О'Ніл распавёў, што таксама разлічвае на Брукса: «Гэта новая глава для яго, я рад за Дэвіда. Ён прайшоў сапраўды цяжкі шлях са сваёй сям'ёй. Ён добра папрацаваў, каб дасягнуць таго месца, дзе ён зараз, і нам, відавочна, трэба разумна ставіцца да яго гульнявога часу». Трэнер таксама дадаў, што падчас міжнароднай паўзы Брукс будзе гуляць за маладзёжную каманду для набірання формы.

З вяртаннем, Дэвід!

Фота: The US Sun