Ён дапамагаў «Крумкачам», але пад ціскам звольніў Дулуба, затое жонка-рэжымніца па сваёй волі даўно рэжа правы беларусаў, якім і так цяжка

Разнапланавая сямʼя Касцевічаў.

Аўтар — bytribuna com
4 сакавіка, 06:54
Ён дапамагаў «Крумкачам», але пад ціскам звольніў Дулуба, затое жонка-рэжымніца па сваёй волі даўно рэжа правы беларусаў, якім і так цяжка

Беларускі рэжым ставіць на найважнейшыя для сябе пасады пераважна мужчын. Вось і ў рэжымным «кабміне» сёння ўсяго адна жанчына – так званы «міністр працы і сацыяльнай абароны» Ірына Касцевіч. Зрэшты, і яна на пасадзе апошнія дні – яе вырашылі перавесці ў лукашэнкаўскі «парламент», што «Наша Нiва» ацаніла як «ганаровы сыход на парламенцкую пенсію». Там 57-гадовая жанчына будзе «засядаць» з рэжымнай лёгкаатлеткай Анастасіяй Мірончык-Івановай.

Чаму мы ўспамінаем пра Касцевіч – падрабязней праз некалькі абзацаў. А пакуль падсвецім некалькі момантаў яе дзейнасці на пасадзе «міністра працы», якую яна займае без пары тыдняў сем гадоў. У 2017-м жанчына з тыповым для чыноўніц начосам на галаве прыходзіла на пасаду з адносна пазітыўным шлейфам – казалі, што яна адэкватна выбудоўвала адносіны з прадпрымальнікамі, справы якіх да таго «курыравала» ў рэжымным «мінэканомікі» (праўда, на справе лягчэй ІП ад гэтага не стала). Ды і сама Касцевіч заяўляла, што дзяржорганы «мусяць думаць аб бізнэсе», а яна сама імкнецца «ў працы быць як мага больш дэмакратычнай».

Аднак у сістэме з дэмакратыяй заўсёды было вельмі дрэнна, а з 2020-га ёй і не пахне. Нягледзячы на гэта, Касцевіч падладкавалася. Так, пры ёй быў адменены «падатак на дармаедства» – але тут жа сфармаваныя базы «незанятых у эканоміцы», якім пры наяўнасці жылля сталі выстаўляць падвышаныя ў разы рахункі за «камуналку». Касцевіч ніяк не супрацьдзейнічала запушчанаму да яе павышэнню пенсіённага ўзросту. Казала «міністарка» і пра скарачэнні дэкрэтнага адпачынку, але гэтага ўсё ж не здарылася. Дарэчы, Касцевіч заяўляла, што дзяржава чакае ад кожнай жанчыны мінімум трох народжаных дзяцей і дадавала, што «добра было б, калі б жанчыны паводзілі сябе так, каб колькасць разводаў скарачалася» (складана пачуць у гэтых словах нешта іншае, чым рэкамендацыю цярпець нават гвалт, зрэшты, для рэжыму гэта нармальна).

Advertisment

Калі Беларусь перажывала пандэмію каранавіруса, рэжым адмовіўся абʼяўляць каранцін, пакінуўшы людзей рызыкаваць здароўем на працоўных месцах – а Касцевіч потым расказвала пра «сістэмныя меры са станоўчым вынікам» і «захаванне сацыяльных гарантый на бальнічным» (якія людзям даводзілася літаральна выбіваць). У 2020-х таксама пачаліся палітычныя «чысткі» ў дзяржарганізацыях і не толькі – Касцевіч падхапіла і гэта, кажучы пра «неабходнасць недапушчэння пранікнення дэструктыўна настроеных грамадзян». У 2021-м былі яшчэ і ўнесеныя змены ў беларускі «працоўны кодэкс», якімі заахвочвалася адхіленне ад працы за «супрацьпраўныя дзеянні», а «суткі» за кратамі станавіліся падставай для звальнення. Заадно забаранілі «палітычныя патрабаванні пры забастоўках» (якія і так каралі па максімуме).

Незадоўга да свайго сыходу з пасады Касцевіч пралабіявала яшчэ некалькі «законаў» на карысць рэжыму, а не беларусаў. У канцы 2023-га былі прыняты папраўкі ў «законы» аб сацыяльным абслугоўванні і аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах, якія «міністарка» абараняла на працягу года (уступаюць у сілу з сярэдзіны 2024-га). Дэ-факта скарачаецца «сацпакет». Да паправак малазабяспечаным і людзям у цяжкай жыццёвай сітуацыі гарантавалі «пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг» – зараз жа будзе проста «пералік сацыяльных паслуг», без гарантый бясплатнасці. А са спісу прычын прызнання, што жыццёвая сітуацыя цяжкая, прыбралі беспрацоўе, адсутнасць абавязаных утрымліваць людзей (дарослых сыноў/дачок і гэтак далей) і нават наяўнасць у сямʼі дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Застаўся пункт «іншыя абставіны» – а ацэньваць гэтыя абставіны будуць лукашэнкаўскія чынушы, якія робяць гэта на сваю карысць.

Таксама ў «мінпрацы» зрабілі справаздачу, што змянілі падыход да вызначэння ступені «патрэбы ў сацыяльных паслугах». Калі па сутнасці, то цяпер людзей з «патрэбнасцю» хочуць па максімуме трымаць удома і да апошняга не змяшчаць у інтэрнаты – хоць у «міністэрстве» пры гэтым прызналі, што гэтыя ўстановы давалі «перадышку семʼям, якія самастойна даглядаюць пажылых сваякоў і інвалідаў». Заадно самі інтэрнаты перайменуюць у «сацыяльныя пансіянаты» – нібыта для «пазітыўнага ўспрыняцця такіх устаноў». Касцевіч заявіла, што задача яе ведамства – «забяспечыць старэнне ля хатняга агменю», таму што нібы «і сцены родныя лечаць», а яшчэ выдала ўзрушальную навіну, што «старасць надыходзіць у 75+ гадоў» (такім чынам, па рэжымных жа звестках, сярэдні беларускі мужчына да яе не дажывае, а жанчына паспявае зачапіць усяго пару гадоў).

Аднак і гэта не ўсё, што імкнецца «прапхнуць» Касцевіч «на развітанне». 28 лютага яна як «міністарка» прадставіла ў «парламенце» «законапраект» «Аб змене законаў па пытаннях занятасці насельніцтва», які адразу ж папярэдне адобрылі. Паводле зменаў, цяпер на дапамогу па беспрацоўі (якое і так мізэрнае – менш за 30 даляраў у месяц у найлепшым выпадку – і патрабуе ўдзелу ў грамадскіх працах) будуць прэтэндаваць тыя, хто да пастаноўкі на біржу працы працаваў не менш за пяць гадоў запар – яшчэ і з пэўнымі ўмовамі. Ужо праз месяц чалавеку на «біржы» будуць прапаноўваць працу не толькі па яго спецыяльнасці, а праз паўгода шэрагу людзей (у тым ліку тым, хто з папярэдняга месца сышоў па дамове бакоў) змогуць прапаноўваць увогуле любую працу: адмовіўся – пазбаўляешся дапамогі. Заадно памяншаецца колькасць катэгорый «занятых грамадзян» (такім чынам, павялічваецца – «дармаедаў»). І, вядома ж, калі рэжым вырашыць, што дапамогу атрымлівалі «незаконна», то сумы запатрабуюць вярнуць.

А цяпер да таго, з чаго мы расказваем пра Касцевіч на спартыўным сайце. Не, нават не таму, што яна ў 2022-м спрабавала пераканаць, што беларускіх інвалідаў у правах абмяжоўвае ніяк не яе ведамства (максімальная дапамога па інваліднасці ў краіне – крыху больш за 100 долараў), а адхіленне Беларусі ў адказ на вайну з боку Міжнароднага паралімпійскага камітэта. Справа ў мужы Касцевіч, за якога яна выйшла ва ўзросце 21 года і ў 2021-м на рэжымным ТБ выказала яму вялікую ўдзячнасць.

«На працягу 15 гадоў расту ў прафесіі – гэта шмат у чым дзякуючы мужу, які мяне падтрымлівае. Ён частку хатняй працы ўзяў на сябе – я яму за гэта вельмі ўдзячная. Той час, які я павінна аддаваць сямʼі, – ён узяў гэта на сябе. І ён малайчына», – казала «міністарка».

Імя мужа тады не называлася – але паказваліся сумесныя фота. Ды і ў цэлым журналістам проста даўно вядома, хто жанаты на «міністарцы». Гэта бізнесмен Андрэй Касцевіч – віцэ-прэзідэнт буйнога IT-дыстрыбутара ASBIS, заснаванага братам Сяргеем Касцевічам. Той у 2023-м быў 17-м у рэйтынгу паспяховых бізнесменаў Беларусі, а ў 2022-м пачаў вывад сваіх прадпрыемстваў з Расіі, паспяхова завершаны ў пачатку гэтага года. А вось у Беларусі ў холдынгу застаецца пяць юрыдычных асобаў.

Андрэй Касцевіч жа ў 2016-м заняў сваё месца ў белфутболе – набыў долю ў 25% у «Крумкачах», якія тады былі на піку папулярнасці.

«Мы пачыналі прасядаць фінансава. Мяне пазнаёмілі з Андрэем Касцевічам. Ён цікавіўся справамі [мінскага] «Дынама», але прасякнуўся нашай камандай», – проста тлумачыў заснавальнік «Крумкачоў» Дзяніс Шунто.

У тым жа 2016-м Касцевіч прыцягнуў увагу фатографаў на міжнародным футболе – у экстравагантным уборы зʼявіўся ў Паўночнай Ірландыі на матчы мясцовай зборнай супраць беларускай.

Калі пасля сезона-2017 пад ціскам АБФФ «Крумкачы» не змаглі заявіцца ў Д1 і прыйшлі да банкруцтва, Касцевіч не стаў дэ-юрэ ўваходзіць у лік заснавальнікаў новай юрасобы для клуба, але застаўся побач і працягнуў дапамагаць фінансава. На пачатку 2020-х муж «міністаркі» заставаўся ў «Крумкачах» чалавекам, ад якога залежалі найбольш важныя рашэнні.

А ў чэрвені 2021-га грымнуў скандал. З «Крумкачоў», якія ішлі ў лідарах Д2, раптам звольнілі галоўнага трэнера Алега Дулуба. У яго, як і ў гульцоў, была грамадзянская пазіцыя, якая косткай у горле стаяла прарэжымнай АБФФ – а клуб тады яшчэ і паведаміў, што Дулубу нібыта «давялося зрабіць перапынак у карʼеры пад уздзеяннем вонкавых фактараў». Аднак пазней «Трыбуне» ўдалося даведацца, што гэтая фармулёўка была некарэктнай.

Па нашых звестках, за месяц да звальнення Дулуба здарылася вось што: Касцевіча паклікалі на размову ў АБФФ, дзе паказалі папкі нібыта з нейкай інфармацыяй пра клуб і Дулуба і прыгразілі, што іх дастаткова для зняцця «Крумкачоў» з чэмпіянату. Калі ў чэрвені клуб прайграў «Нёману» ў Кубку («Крумкачы» страцілі перамогу ў дадатковы час і саступілі па пенальці), Касцевіч абвясціў Дулубу, што вырашыў звольніць трэнера – быццам бы праз ціск з боку іншых партнёраў клуба.

Тады Дулуб агучыў пажаданне, каб у паведамленні аб яго звальненні так і гаварылася – «праз вонкавы ціск на клуб». У «Крумкачах» у выніку зрабілі інакш. А калі трэнер патэлефанаваў Касцевічу з абурэннем, то пачуў, што лепш ахвяраваць адным чалавекам, чым усімі.

Паводле інфармацыі «Трыбуны», сёння Касцевіч ужо не мае такога ўплыву ў «Крумкачах», як некалькі гадоў таму. Спонсарам мужа «міністаркі» таксама ўжо назваць цяжка. Аднак пры гэтым Касцевіч застаецца адданым заўзятарам клуба.