Усе навіны

World Aquatics дазволіла расіянам і беларусам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у белай форме

5 верасня, 10:29

Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту (World Aquatics) прыняла набор крытэрыяў, які дазваляе спартсменам з расійскімі і беларускімі пашпартамі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе.

Для допуску да спаборніцтваў спартсмены павінны будуць таксама адпавядаць антыдопінгавым патрабаванням.

На спаборніцтвах па водных відах спорту будзе дазволена ўдзельнічаць максімум па аднаму нейтральнаму спартсмену з Расіі і Беларусі. Яны могуць спаборнічаць толькі ў індывідуальных стартах. Кваліфікацыйныя вынікі, паказаныя на спаборніцтвах у Расіі ці Беларусі, не будуць залічаныя.

Спартсмены павінны будуць выступаць без сцяга і гімна, пад назвай «Нейтральныя індывідуальныя атлеты». Іх форма і гарнітуры павінны быць цалкам белымі, без колеру.

Нейтральныя спартсмены не павінны знаходзіцца на кантракце ва Узброеных сілах РФ ці Беларусі ці іншых дзяржаўных сілавых структурах, а таксама не павінны падтрымліваць вайну ва Украіне.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.