Усе навіны

Беларускім спартсменам забаранілі размаўляць са СМІ на міжнародных турнірах па водных відах

5 верасня, 10:54

Беларускім і расійскім спартсменам забаранілі размаўляць са СМІ на турнірах World Aquatics.

Міжнародная федэрацыя водных відаў абвясціла крытэры допуску беларускіх і расійскіх атлетаў да турніраў пад сваёй эгідай. Яны ўключаюць абмежаванне па колькасці ўдзельнікаў (па адным на кожную дыстанцыю ад Беларусі і Расіі), выступленне без сцяга і гімна, форму белага колеру, непадтрымку вайны ва Украіне, адсутнасць сувязей з сілавымі ведамствамі і забарону на выступленне ў камандных відах.

Яшчэ адна забарона тычыцца зносін з прэсай.

«Нейтральным індывідуальным спартсменам і іх персаналу не дазваляецца праходзіць праз мікст-зону ці ўдзельнічаць у прэс-канферэнцыях падчас спаборніцтваў пад эгідай World Aquatics. Ім таксама не дазваляецца даваць інтэрв’ю СМІ падчас гэтых спаборніцтваў», – гаворыцца ва крытэрах.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.